Топ самых бязглуздых бытавых траўмаў. 21.by

Топ самых бязглуздых бытавых траўмаў

27.03.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Упушчаны ў ваду фен, сушэнне валасоў у духоўцы, воцат у бутэльцы з-пад мінералкі.... Якія яшчэ "сюрпрызы" чакаюць нас ва ўласным доме?

Заўсёды балюча і крыўдна атрымліваць траўмы, асабліва калі яны здараюцца з-за нашага ўласнага глупства.

Мэта гэтага своеасаблівага хіт-парада – нагадаць у чарговы раз, дзе нас ва ўласнай кватэры можа падпільноўваць небяспека. 

Падзенні

У пачатку нашага хіт-парада – усемагчымыя падзенні. Пагадзіцеся, што мала ў каго ёсць у гаспадарцы лесвіца – драбіна.

І як нашы людзі вырашаюць такую праблему? Так, ставяць адзін на адзін зэдлічкі. А гэта вельмі небяспечна! Асабліва, калі зэдлічкі аднолькавага памеру. 

Парада: каб пазбегнуць падзенняў,  выкарыстоўвайце стол ці большы па памеры зэдлічак у якасці ніжняга “яруса”. Ці проста папрасіце драбіну ў суседа. 

Яшчэ адно самае распаўсюджанае падзенне –  на слізкай падлозе. Гэта можа здарыцца, калі вы нешта разлілі на падлогу і забыліся выцерці. Часта такія падзенні здараюцца ў ваннай. 

Парада: адразу ж выцірайце падлогу, калі вы нешта разлілі. А калі вы толькі што вымылі падлогу, то не забудзьцеся папярэдзіць аб гэтым сваіх дамашніх. Знаходзячыся ў ванным пакоі, пазбягайце хуткіх і рэзкіх рухаў.

Электрычныя прыборы

Наступнае месца хіт-парада займае наша няўменне карыстацца электрычнымі прыборамі. Тут, дарэчы, можна прыгадаць радкі Крылова: “Уж сколько раз твердили миру…”. Здаецца, і на каробках ад электрапрыбораў вялікімі літарамі напісаныя правілы карыстання, і з дзяцінства мы ведаем, што з электрычнасцю жартаваць не варта, а ўсё роўна наступаем на адны і тыя ж граблі.

Вельмі часта траўмы ад электрапрыбораў узнікаюць у той жа ваннай. 

Ні ў якім выпадку не карыстайцеся электрапрыборамі, напрыклад, фенам, калі ў вас набраная вада ў ванне або льецца. 


Вы выпадкова можаце ўпусціць у ваду электрычны прыбор. Тое ж тычыцца і пральнай машыны. Лепш пачакайце. Прыміце ванну пасля таго, як машына перастане працаваць. 

Нядрэнна  будзе нагадаць і пра разеткі. 

Калі ў вас ёсць разетка ў ваннай, паклапаціцеся пра тое, каб яна была абароненая ад вады. 

Але не толькі электрапрыборы, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад вады, уяўляюць небяспеку для чалавека. Некаторыя, напрыклад,  прасуюць адзенне непасрэдна на сабе, каб зэканоміць час. У выніку – апёкі, нараканні на сваю дурасць і бальнічны ліст.

І яшчэ пра электрапрыборы. Як наш чалавек ліквідуе ўсе непаладкі? Так, сіняй ізастужкай. Забудзьцеся пра гэты каменны век у рамонце! Адразу ж замяняйце ці праводку, ці прыбор.

Газавыя пліты

Гэты радок нашага хіт-парада прысвечаны траўмам, якія адбываюцца праз няправільнае карыстанне газавай плітой. Думаю, што карыстацца ёй па прамым прызначэнні ўмеюць усе. Але не ўсё так проста, таму што нашы грамадзяне ўмудраюцца выкарыстоўваць газавую пліту і ў іншых мэтах.


Зімой многія дадаткова абаграваюць кватэру газавай плітой. Уключаюць усе канфоркі і грэюцца. Гэта вельмі небяспечна! Дарэчы, гэта яшчэ і самая распаўсюджаная прычына атручэння газам і адна з асноўных прычын яго выбуху.  

Адно цешыць, як нам пракаментавалі ў “Маладзечнаміжрайгазе”,  што такія выпадкі здараюцца ўсё радзей. Цяпер гэта нявыгадна. У многіх стаяць лічыльнікі. Але такога выкарыстання газу дапускаць нельга! – гаворыць нам Валерый Русак, галоўны інжынер “Маладзечнаміжрайгазу”. 

Другое выкарыстанне пліты не па прызначэнні – для сушкі адзення. З гэтым, думаю, пагодзяцца многія маладыя мамы. Як яшчэ хутчэй высушыць паўзункі дзіцяці? Такое выкарыстанне – прамая небяспека ўзнікнення пажараў!

Яшчэ мяне здзівіла прызнанне маёй  знаёмай: у  яе зламаўся фен, і каб хутчэй высушыць валасы – яна засунула галаву ў духоўку. Хочацца спадзявацца, што гэта адзінкавы выпадак. 

Парада: карыстайцеся газам вельмі асцярожна. Калі пачулі пах газу – адразу ж выклікайце спецыялістаў па тэлефоне 104.

Смачна есці!

Наступнае  месца нашага хіт-парада адводзіцца  траўмам на той жа  кухні. 

Некаторыя гаспадыні часам пераліваюць, скажам, з нязручнай літровай бутэлькі воцат ці, што яшчэ страшней, воцатную эсэнцыю ў маленькую бутэлечку ад мінералкі ці з-пад якой-небудзь іншай бяскрыўднай вадкасці. Пра наступствы выпадкова адпітага з такой бутэлечкі, думаю, тлумачыць не трэба…

Парада: калі вы не паленаваліся пераліваць нешта з адной ёмістасці ў другую, то не палянуйцеся і падпісаць, што ж цяпер там знаходзіцца. Гэтым вы засцеражаце і сябе, і сваіх блізкіх.

Такім чынам, мы паспрабавалі сабраць самыя тыповыя памылкі ў нашым з вамі побыце. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. І памятайце, што ад нашай пільнасці залежыць шмат!

Калі ў вас ёсць прыклады іншых небяспечных сітуацый, якія могуць прывесці да бытавых траўмаў, дзяліцеся, калі ласка. Давайце разам рабіць жыццё бяспечным!

Наталля ТУР.

Фота Настассі РОЎДЫ, oboibesplatno.ru, tripadvisor.com.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упушчаны ў ваду фен, сушэнне валасоў у духоўцы, воцат у бутэльцы з-пад мінералкі.... Якія яшчэ "сюрпрызы" чакаюць нас ва ўласным доме?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика