“Калі я зваліўся на дно, знізу пастукалі”
24.04.2013
—
Разное
|
Макет дэкарацый да прэм’ернага спектакля “Падобны да Стынга”. Прэм’ера спектакля “Падобны да Стынга” адбудзецца ў Мінскім абласным драмтэатры ў Дзень чарнобыльскай катастрофы, 26 красавіка.П’есу напісала кінадраматург Ірына Пісьменная. Летась на сусветным кангрэсе драматургаў у Стакгольме п’еса “Падобны да Стынга” заняла другое месца. Сюжэт: коратка і не вельмі ясна – П’еса – пра духоўны Чарнобыль, – тлумачыць рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Мікалай Дзінаў. Уявіце закінутую вёсачку ў чарнобыльскай зоне. Невялікую, як хутарок, дзе ўсяго пяць дамоў. Тут ніхто не жыве, акрамя пажылой жанчыны, якая даглядае за ўсімі хаткамі. У гэта забытае Богам месца трапляе малады хлопец, які раней вучыўся на факультэце міжнароднай журналістыкі. У яго ўжо сапсаваны лёс. Ён толькі збег з турмы. І адзінае пачуццё, якое ў яго засталося, – гэта страх. Жанчына паступова, праз вялікія пакуты, ставіць хлопца на ногі. А потым проста сыходзіць. – Я не называю гэта смерцю, – кажа спадар Мікалай. – Я называю гэта ўзнясеннем. Хлопец адзін. Яму няма куды падзецца. Ён ужо гатовы накласці на сябе рукі, але падсвядомасць падказвае, што трэба жыць і змагацца. І ён падхоплівае эстафету той жанчыны і пачынае жыць яе жыццём. Што хоча гэтым сказаць рэжысёр? – У п’есе для мяне існуюць два паняцці: каханне і страх, працягвае спадар Мікалай. – Гэта не цялеснае каханне, ні ў якім разе. Не люблю гэтае слова, але скажу: гэта нешта сакральнае. Спадар Мікалай прыгадаў словы польскага пісьменніка Станіслава Ежы Лец: “Калі я зваліўся на самае дно, знізу пастукалі”. У пастаноўцы “Падобны да Стынга” той ратавальны стук пачуў маладзён ад адзінокай жанчыны. – Падаюць многія, – працягвае Мікалай Дзінаў, – а вось падняцца могуць не ўсе. І трэба сказаць дзякуй таму, хто дапамагае ўстаць на ногі. І пры чым тут Чарнобыль? – У спектаклі паказваюцца ўспаміны пра чарнобыльскую катастрофу. Хлопец забіў чалавека, каб выратаваць жанчыну. На яго ж павесілі двайное забойства ды яшчэ і згвалтаванне. І ён уляцеў па самую катушку, бо ў турмах саміх гвалтаўнікоў гвалцяць. З-за гэтага і збег. З чаго раптам “Падобны да Стынга”? – Вы ведаеце, што Стынг – гэта псеўданім спевака? – пытаецца спадар Мікалай. – На англійскай – гэта вельмі ёмкае. З аднаго боку, яно азначае “прычыняць боль, джаліць, кусаць”, а з іншага – “цярпець боль і трываць пакуты”. Хто ў галоўных ролях? Адзінокую жанчыну іграе Ірына Кляпацкая. А хлопца – Аляксей Карпец. – Ёсць у мяне яшчэ выдатная пяцёрка акцёраў, якія іграюць падсвядомасць, – дадае Мікалай Дзінаў. – Яны ўрываюцца, часам нават супраць волі герояў. Ці падрыхтаваная публіка? – Публіка непадрыхтаваная. Але ў маёй практыцы былі дзівосныя рэчы. Некалі здарыўся проста фенаменальны выпадак. Я нават да цяперашняга часу не магу патлумачыць яго прычыны. Пасля складанага філасофскага спектакля падыходзіць да мяне просты чалавек, мужык. Слёзы ў яго цякуць. Я пытаюся, што здарылася, а ён бярэ маю руку, цалуе і кажа: “Дзякуй”. Рэжысёр пра сябе У маладзечанскім тэатры Мікалай Дзінаў працуе шосты месяц. “Падобны да Стынга” – яго другая пастаноўка ў Маладзечне. – Сёлета ў верасні будзе 55 гадоў, як я ўпершыню прыйшоў у тэатр. І цяпер пакутліва жадаю ў ім разабрацца. Мяне ўражваюць людзі, якія маюць маленькі досвед тэатральнага жыцця, але ўсё знаюць. Я не ведаю, што атрымаецца. Геніяльную для мяне фразу сказаў Яўген Вахтангаў: “Адзіны рэалізм, які я прызнаю, гэта фантастычны рэалізм. Што і ёсць тэатр”. Настасся РОЎДА. Фота Настассі РОЎДЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэм’ера спектакля “Падобны да Стынга” адбудзецца ў Мінскім абласным драмтэатры ў Дзень чарнобыльскай катастрофы, 26 красавіка.
|
|