Рыхтуем валасы да лета: парады цырульніка. 21.by

Рыхтуем валасы да лета: парады цырульніка

25.04.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Цырульніца маладзечанка Аляксандра Капуцкая раіць не баяцца  эксперыментаў з прычоскамі і мяняць свой вобраз.

З наступленнем цёплага надвор’я кожная дзяўчына, жанчына хоча выглядаць па-вясенняму свежай. Неабходны элемент вясенняга вобразу – здаровыя і прыгожыя валасы.

Прафесійнымі парадамі па доглядзе за валасамі з карэспандэнтам “Рэгіянальнай газеты” падзялілася маладзечанская цырульніца-ўніверсал Аляксандра Капуцкая.

Яна адразу заўважае: майстар можа даць толькі агульныя ўніверсальныя парады. Калі вы жадаеце рабіць працэдуры ці падбіраць касметыку – лепш звярнуцца да цырульніка самой. Майстар дапаможа падабраць тое, што найлепей пасуе менавіта вам, зважаючы на структуру вашых валасоў і скуру галавы.  

Перад маскай – шампунь з эфектам скрабу


Першае, што раяць рабіць цырульнікі ў любую пару года, – падсілкоўваць валасы і скуру маскамі.

Можна набываць іх у краме, а можна рабіць самім. Але зноўку ж лепей спачатку пракансультавацца са спецыялістам.

Маску дастаткова выкарыстоўваць раз на тыдзень. А перад ёй – памыць валасы спецыяльным шампунем для глыбокага ачышчэння. Такія шампуні ёсць у лініях касметыкі для прафесійнага догляду, яны маюць эфект скрабу.

– Жанчыны любяць выкарыстоўваць скраб і пілінг для скуры твару, рук, цела і пры гэтым забываюцца на скуру галавы, – кажа Аляксандра Капуцкая. – Але ж валасы збіраюць на сабе не толькі пыл, але і рэшткі розных лакаў і пенак, якімі часта карыстаюцца жанчыны. Калі на гэтыя рэшткі нанесці маску, то карысці яна не прынясе ніякай.

Таму я рэкамендую спачатку памыць галаву шампунем з эфектам скрабу, а пасля наносіць маску.

Для таго, каб зрабіць звычайны шампунь больш карысным, можна дадаць у яго ампулу вадкага вітаміну А ці Е, якія можна набыць у аптэцы. Адной ампулы хопіць на бутэльку шампуню.

– Пры выбары шампуню я раіла б звяртаць увагу не на так званыя бытавыя шампуні, а прафесійныя, – гаворыць спадарыня Аляксандра. – У многіх вытворцаў ёсць спецыяльныя серыі для прафесійнага карыстання. Калі вы ведаеце, што фірма выпускае не толькі шампуні, але фарбы для валасоў, сродкі для ўкладкі – лепей набываць яе прадукцыю. Тыя вытворцы, што робяць толькі шампуні, часта дадаюць у прадукцыю сілікон, які назапашваецца на валасах.

А вось на пытанне, якімі маскамі лепей карыстацца – набытымі ў краме ці самаробнымі, – у прафесіянала няма адназначнага адказу.

– Сучасныя касметычныя сродкі вельмі высокай якасці, – заўважае цырульніца. – Многія з іх не толькі не саступаюць па эфектыўнасці народным сродкам, але ў нечым нават лепшыя. Яны робяцца з улікам структуры валасоў, таму часта даюць большы эфект.

Як выбраць расчоску?


Выбар расчоскі – важны момант у доглядзе за валасамі.

Для валасоў кароткай і сярэдняй даўжыні падыдзе масажка. Трэба звярнуць увагу, каб яе зубчыкі мелі спецыяльныя круглыя кончыкі – тады яны не будуць драпаць скуру галавы. Грэбень лепш падыдзе для доўгіх валасоў.

– Распаўсюджаныя цяпер расчоскі з натуральным шчаціннем лепей набываць ўладальніцам прамых валасоў, – раіць Аляксандра Капуцкая. – Такі матэрыял дапаможа падтрымліваць іх гладкасць. Самы лепшы варыянт – камбінаваны матэрыял: цвёрдыя зубчыкі будуць масажыраваць скуру, а мяккія са шчаціннем – даглядаць за валасамі.

Не варта надаваць шмат увагі асноўнаму матэрыялу, з якога зробленая сама расчоска. Гэта можа быць і спецыялізаваны пластык, і драўніна. Галоўнае, каб гэта быў не танны пластык, ад якога электрызуюцца валасы.

– Многія лічаць, што за самой расчоскай ніяк даглядаць не трэба, – заўважае майстар. – Але ж важна не забывацца не толькі рэгулярна чысціць яе, але і раз на тыдзень мыць з мылам.

Кожны цырульнік мусіць быць крыху псіхолагам

Праца цырульніка, як і любая іншая праца з людзьмі, немагчымая без размоў і абмеркаванняў. Трапляюцца наведнікі, якія прыходзяць у цырульню ў парыве эмоцый. Для іх змена прычоскі трэба для таго, каб забыцца на ўласныя праблемы.

– Мы павінны быць адначасова і майстрамі, і псіхолагамі, – заўважае цырульніца. – Трэба бачыць, калі чалавек прыйшоў да нас падстрыгчыся, а калі прыйшоў проста так. Баяцца эксперыментаў не трэба, але не варта рабіць іх пагарачыўшыся. Калі доўгавалосая бландзінка просіць зрабіць кароткую стрыжку ў чорным колеры, я лепей спачатку паразмаўляю з ёй. Ці даўно яна збіралася падстрыгчыся? Ці фарбавала валасы раней? Можа, хопіць проста зрабіць маску і падрэзаць канцы? Часам з такіх размоў вынікае, што ў кліента ўнутраныя праблемы, якія ён хоча вырашыць праз знешнасць. Але ж праблемы пройдуць, а прычоска застанецца.

Як правільна мыць галаву?

Валасы мы мыем так часта, што, здаецца, сказаць пра гэты працэс нешта новае вельмі складана. Але падчас мыцця многія дапускаюць тыя памылкі, якія пасля мяняюць знешні выгляд валасоў не ў лепшы бок.

Некалькі парадаў, пра якія трэба памятаць:

1). Шампунь варта наносіць двойчы. Першы раз мы змываем з валасоў тлушч і ачышчаем іх. Другі – даём шампуню магчымасць працаваць: увільгатняць, надаваць аб’ём ці змагацца з перхаццю (згодна з відам шампуня). Менавіта пры другім намыльванні чыстыя валасы гатовыя ўспрымаць усе карысныя элементы шампуню.

2). Калі вы карыстаецеся бальзамам пасля мыцця, яго трэба наносіць толькі на валасы, а не на скуру галавы. Гэта дапаможа не абцяжарваць валасы ля каранёў.

3). Вада не павінна быць гарачай: высокая тэмпература павялічвае выпрацоўку падскуранога тлушчу.

4). Мокрыя валасы не трэба церці ручніком, лепей іх проста прамакнуць. У мокрым стане валасы асабліва лёгка пашкодзіць.

5). Перад тым, як сушыць валасы фенам і наносіць сродкі для ўкладкі, лепей пачакаць, пакуль яны крыху падсохнуць. Гэта зробіць укладку прасцейшай і больш эфектыўнай.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота забяспечана Аляксандрай КАПУЦКАЙ, isabelleb-coiffures.com, freiepresse.de.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З наступленнем цёплага надвор’я кожная дзяўчына, жанчына хоча выглядаць па-вясенняму свежай. Неабходны элемент вясенняга вобразу – здаровыя і прыгожыя валасы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика