Міхаіл Чарняўскі: “Трэба, каб маладое пакаленне ведала, што перажылі іх дзяды”. 21.by

Міхаіл Чарняўскі: “Трэба, каб маладое пакаленне ведала, што перажылі іх дзяды”

09.05.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


З унучкай Насцяй, калі ёй было 7 год.

Напярэдадні Дня Перамогі нашым госцем стаў Міхаіл Чарняўскі з  курортнага пасёлка Нарач (Купа), партызан, ветэран вайны, журналіст. У час вайны быў двойчы паранены.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, двума медалямі “За адвагу”, медалём “За перамогу над Германіяй” і іншымі.

Міхаіл Трафімавіч чалавек на Мядзельшчыне вядомы. Старэйшыя людзі памятаюць яго па журналісцкай дзейнасці, моладзь знаёмая з ім па сустрэчах з ветэранамі. Ён разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Міхаілам Гардонам у кожнай школе не адзін раз пабываў.

– Давайце пачнём з дзіцячых успамінаў…

– Нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Мікасецк, гэта за пяць кіламетраў ад Мядзела. Бацька Трафім Іосіфавіч і маці Наталля Андрэеўна былі непісьменнымі, працавалі на зямлі. Мне даводзілася і кароў пасвіць, і ўсё іншае рабіць. Адукацыю пачаў атрымліваць у Мікасецку.

Пасля ў Студзяніцу ў школу хадзіў, чатыры класы закончыў. Бацька гаварыў: “Калі дрэнна будзеш вучыцца, застанешся, будзеш мне дапамагаць кароў і свіней пасвіць”. Пайшоў вучыцца ў Мядзел.

Сямікласную польскую школу ў Мядзеле закончыў вясной 1939 года. Нас дваіх было, што на “выдатна” скончылі. Адзін меў права бясплатна працягнуць вучобу ў Паставах. Выбралі другога. Але пачалася вайна немцаў з палякамі, і ён не змог паехаць. А як прыйшлі саветы, то мне зноў трэба было вучыцца ў шостым і сёмым класах.

– Бацька і маці якія запаветы вам пакінулі?

– Прыкладна сябе паводзіць, не ганьбіць нікога, дружна жыць – гэтак, як яны жылі.

– Як пайшлі ў партызаны?

Міхаіл Чарняўскі.


– Пачалі моладзь з суседніх вёсак забіраць у Германію. Ды і расстрэлы адбываліся. У нашай вёсцы суседскую сям’ю расстралялі. Было гэта 15 снежня 1943 года. Напярэдадні прыйшоў мой сябра Лёня, папрасіў, каб дапамог змалоць збожжа. Даў згоду, што прыйду.

Але раніцай завітаў сусед Гаўрыла Чарняўскі і пытае, хто дапаможа яму малаціць. Бацька кажа: “Сын”. І загадаў ісці туды, а не да сябра, як я планаваў. Праца была лёгкая: снапы скідаць да коннай малатарні.

Як развіднелася, у вёску ўварваліся немцы і паліцаі з мядзельскага гарнізона. Вяскоўцы палічылі, што моладзь будуць забіраць у Нямеччыну. Суседскай дзяўчыне і мне загадалі: “Кладзіцеся да сцяны, саломай закідаем”.

Праз шчыліну бачыў, як фашысты прыйшлі ў хату і павялі за хлявы суседа, яго жонку, сына (майго сябра Лёню),  чатырохгадовую дачушку і расстралялі. Каб я пайшоў дапамагаць Лёню, то, пэўна, таксама б загінуў. Напэўна, нехта данёс на суседа ці яго высачылі: ён дапамагаў партызанам, рамантаваў абутак, вупраж.

Неўзабаве пасля гэтага разам са знаёмымі і я пайшоў у партызаны – у атрад імя Калініна. Адразу ахоўвалі штаб партызанскай брыгады, потым хадзілі на дыверсіі на чыгунцы, у засады.

– Што найбольш успамінаецца з партызанскага мінулага?

– Як аднойчы вярталіся з задання пад Лынтупамі. Каля вёскі Лотва нарваліся на вялікую групу паліцаяў – ехалі тыя на сустрэчу з пастаўскім гарнізонам. Яны адкрылі па нас агонь.

Выратаваліся дзякуючы камандзіру ўзвода, былому акружэнцу Мікалаю Сергіенку з Украіны. Ён хутка зарыентаваўся і рвануў убок з крыкам “За мной!”. Мы пабеглі за ім налева, а двое – направа. Іх забіла, а мы выратаваліся.

– Пасля вызвалення Мядзела вы пайшлі на фронт. Больш пра ваша ваеннае мінулае даведаемся з урыўкаў з успамінаў. А зараз такое пытанне: як удалося выжыць на вайне?

– Не ведаю, так лёс распарадзіўся.  

– Дзе сустрэлі Перамогу?

9 мая ў вёсцы Нарач (Кабыльнік).


– У шпіталі ў Акмолінску (цяпер Астана) у Казахстане. Нас усіх запрасілі ў вялікую залу. Хто не мог хадзіць, неслі на насілках. Галоўны доктар шпіталя аб’явіў, што наступіў Дзень Перамогі, павіншаваў усіх і заспяваў адну з ваенных песень.

Яе ўсе падхапілі, і пасля яго многія хацелі выступіць. Скажуць некалькі слоў і плачуць. Хто ад радасці, што не будзе больш ліцца кроў людская, а хто з-за таго, што вайна забрала бацькоў, родных і сяброў. Потым у сталовай кожны з нас атрымаў франтавую порцыю – сто грамаў.

– Міхаіл Трафімавіч, а як вы сталі журналістам?

Інтэрв’ю на радыё.


– Неўзабаве пасля вяртання з вайны стаў працаваць сакратаром сельсавета ў Мікасецку. У стале выпадкова знайшоў ліст рэдактара райгазеты Івана Самокіна да супрацоўнікаў сельсаветаў, каб яны тэлефанавалі, пісалі лісты пра важныя і цікавыя падзеі.

Стаў тэлефанаваць і расказваць, якую дапамогу аказалі камсамольцы інваліду вайны, хто з зямлянкі перасяліўся ў новую хату, якімі кнігамі папоўнілася бібліятэка і хто з’яўляецца актыўным чытачом, хто паехаў у Мінск, каб дапамагаць аднаўляць разбураную сталіцу. Недзе ў канцы лютага 1946 года тэлефануе мне рэдактар райгазеты і кажа, што хоча сустрэцца.

Зайшоў я ў рэдакцыю ў Мядзеле. Іван Самокін прапанаваў мне перайсці да яго на пасаду адказнага сакратара. Так з пачатку сакавіка 1946 года стаў супрацоўнікам газеты. У вячэрняй школе атрымаў сярэднюю адукацыю, завочна вучыўся ў педінстытуце ў Мінску.

– Журналістыцы вы прысвяцілі ўсё жыццё, за выключэннем чатырох год, што настаўнічалі ў Літве. Некалькі год працавалі ў пастаўскай раёнцы, астатні час – у мядзельскай. Вы рабілі і ў газеце, і на радыё, і фотакарэспандэнтам. А дзе было цікавей?

– Ды ўсюды цікава. Галоўнае – гэта сустрэчы з людзьмі, падчас якіх даведваешся пра іх лёс, жыццё. Цікавіўся перажытым, добраму ад іх вучыўся.

– Якія з найцікавейшых журналісцкіх сустрэч?

– З Паўлінай Мядзёлкай – першай выканаўцай ролі Паўлінкі, з настаўніцай Аняй Пашкевіч, якая схавала ад немцаў чырвоны камсамольскі сцяг і перадала яго партызанам, з Міхаілам Ролічам, арганізатарам паўстання нарачанскіх рыбакоў, з братамі Аляксандрам і Фёдарам Валасевічамі, якія рамантавалі партызанскую зброю і вырабілі 50 медалёў для партызан, і многімі іншымі.

– Вас можна было назваць універсальным журналістам: і матэрыялы пісалі, і аўдыёзапісы, фатаграфіі рабілі, і кінафільмы здымалі. Мо, і зараз сучаснымі тэхналогіямі авалодваеце?

– Ні інтэрнэтам, ні мабільнікам не карыстаюся. Яны мне без патрэбы. Калі павіншаваць з юбілеем каго трэба – дасылаю паштоўкі ці па звычайным тэлефоне званю.

– Вы – чытач “Рэгіянальнай газеты” амаль з першых нумароў. Што найперш цікавіць у нашым выданні?

– Гэта ўжо традыцыя: выпісваю “Звязду”, раённую газету і “Рэгіянальную”.

У ёй найперш чытаю кароткія інфармацыі на першай старонцы. Пасля пра гістарычныя падзеі, матэрыялы пра ветэранаў. І сам раней часта друкаваўся: нявыдуманыя гісторыі, паданні, усё што ведаў, перажыў, дасылаў.

– Вы шмат матэрыялаў на ваенную тэму сабралі…

– А цяпер рыхтую “Жанчыны Мядзельшчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны”. Перачытваю свае артыкулы ў газетах, раблю выпіскі з кніг, сустракаюся з жанчынамі-ветэранамі, запісваю іх успаміны. Мяркую, да 70-годдзя вызвалення Беларусі закончыць гэту работу і перадаць школам, бібліятэкам, музею.

– Нягледзячы на паважны ўзрост, вы пастаянна ў руху, удзельнічаеце ў розных мерапрыемствах, са школьнікамі сустракаецеся…

– Трэба, каб маладое пакаленне ведала, што перажылі іх дзяды. А яшчэ падчас такіх сустрэч заўсёды заклікаю вучняў дазнавацца пра свой радавод.

– Між тым вам ужо 88 год ідзе. Які сакрэт духоўнай маладосці?

– Нікому крыўды не рабіць. А калі хтосьці нешта сказаў такое, лепш прамаўчаць.

– Самая важная падзея ў вашым жыцці?

– Гэта знаёмства з маёй Марыяй. Яна ў Кабыльніку працавала зубным доктарам у мясцовай бальніцы. Збіраў матэрыял, пазнаёміўся. Праз год ажаніліся. Было гэта ў 1950 годзе. Разам пражылі 62 гады. На вялікі жаль, амаль год, як яна адышла ў іншы свет.

У дзень 60-годдзя вяселля з жонкай Марыяй Трафімаўнай.


– Ваш след на зямлі. У чым ён?

– Сыны, дзве ўнучкі і ўнук, праўнук. Сабраў мае артыкулы, фотаальбомы – няхай чытаюць нашчадкі, знаёмяцца.

– Што хочаце пажадаць чытачам “Рэгіянальнай газеты”?

– Жыць мірна, вучням – апраўдваць наказ бацькоў, вучыцца добра, авалодаць прафесіяй. Хочацца, каб нашы маладыя людзі не ўдзельнічалі ў ніякіх міжнародных канфліктах, былі толькі гатовыя абараняць сваю Радзіму.

Сустрэча з вучнямі.


З ваенных успамінаў Міхаіла Чарняўскага

Шынель у крыві

Стаялі ў абароне. Адзін з салдат кажа раніцай: “Я прысніў сон, што мяне заб’юць”. “Супакойся, не гавары так”, – кажуць яму.  Мне ж прысніўся сон, што мой шынель у крыві. Я пра гэта не сказаў.

А здарылася наступнае. У той жа дзень нашу роту кінулі на наступленне на нямецкія пазіцыі. Беглі, што ёсць моцы. Ад куль падалі параненыя, забітыя. Немцы па траншэі адступілі. Камандзір роты дае каманду: “Радавы Чарняўскі, уперад па траншэі!” Выконваю загад. Іду павольна, трымаючы зараджаную вінтоўку напагатове.

Бачу, ляжыць граната, што не разарвалася. Гэта немцы адступалі і кідалі гранаты. Мне чамусьці захацелася падняць галаву і агледзець наваколле. Убачыў у траншэі галаву нямецкага салдата ў касцы. Не паспеў апусціць сваю галаву, як кінутая ім граната ўзарвалася паблізу мяне. Адзін асколак параніў правую руку, а другі ўпіўся ў левую. Пальцы на правай руцэ сталі нерухомыя, лілася кроў. Салдаты, якія ішлі за мной, перавязалі рану, а затым і другую руку.

Калі б я ішоў схіліўшыся па траншэі, патрапіў бы на кулю другога немца, які быў напагатове зрабіць выстрал. Вось які мой лёс застацца жывым.

Франтавы Новы год

…Ноч 31 снежня 1944 года. Спім, апрача вартавога. Роўна апоўначы ён грукае ў дзверы і крычыць: “Хутчэй сюды! Глядзіце, што робіцца!” Усё неба было асвечанае ракетамі. Нашы салдаты, якія былі на самай перадавой, так сустракалі Новы год.

Ніводнага выстралу. Падумалася, а якім ён будзе Новы 1945 год, ці хутка скончыцца вайна, ці застануся жывым і вярнуся дадому да бацькоў, у сваю родную вёску Мікасецк, што непадалёку ад Мядзела. Вярнуліся ў зямлянку, ляглі спаць, а праз дзве гадзіны зноў запрашэнне паглядзець, як немцы сустракаюць Новы год, пускаючы ракеты.

Чарговае раненне

Студзень 1945 года выдаўся снежным, марозным. 17 студзеня ў адно месца сабралі ўсіх салдат. Сказалі камандзіры, што знаходзімся на адлегласці 30 кіламетраў ад Кёнігсберга. Частку салдат пасадзілі на танкі, каб атакаваць варожыя пазіцыі. Кулямётчык звярнуўся да камандзіра, каб прызначылі салдата, які б нёс каробкі з патронамі.

– Радавы Чарняўскі. Прызначаецеся памочнікам кулямётчыка!

Наступленне наша часць пачала вечарам. Як толькі падышлі да нейкіх пабудоў, як угору ўзляцелі нямецкія ракеты, застрачылі кулямёты, аўтаматы.

Варожая куля трапіла мне ў правую нагу, перабіўшы ніжэй калена абедзве косці. Я паваліўся, апрытомнеў, рукамі адвярнуў нагу, бо яе пальцы завярнуліся назад. Ледзь не страціў зноў прытомнасць. Пачаў адпаўзаць. Скінуў з плячэй рэчмяшок. Пакінуў аўтамат і гранаты. Вырашыў, што калі будуць набліжацца да мяне немцы, адкрыць па іх агонь.

Адпоўз метраў з паўсотню. Там, у полі, замерз бы, бо быў вялікі мароз. На шчасце, да месца бою прыбліжалася новая група салдат. Убачыўшы параненага, камандзір загадаў двум салдатам адцягнуць далей ад небяспечнага месца і перадаць мяне санітарам.

Мае выратавальнікі ўзялі палку і бінтам прывязалі да нагі, каб яна не варушылася. Паклаўшы на палатку, то цягнулі па снезе, то неслі на руках. Праз некаторы час я ўжо быў ў нейкім будынку, дзе ляжалі параненыя, чакаючы, што іх даставяць у шпіталь і там зробяць аперацыю.

Тут мне далі падсілкавацца салдацкай кашай. У мяне быў аўтамат, а ў аднаго з салдат-выратавальнікаў – вінтоўка. Я ледзь угаварыў памяняцца на мой аўтамат. Падзякаваў за выратаванне, бо замерз бы ў полі.

Мыла ў падарунак

Гэта было ў шпіталі ў Казахстане. Я не курыў, і мне прапанавалі дадатковую порцыю цукру. Я і яго не браў.

Аднойчы, калі мне пералівалі ў вену кроў, доктар сказаў, што гэта кроў маладая, здаровая, бо донарам з’яўляецца прыгожая, маладая медсястра. Захацеў яе пабачыць. Папрасіў сястру-гаспадыню даць мне два кавалкі гаспадарчага мыла, так як я немалы час не браў цукар.

Праз некалькі дзён у палату зайшла сапраўды маладая, прыгожая медсястра (яна працавала ў другі корпусе, таму раней яе не бачыў). Я ўручыў “падарунак” – мыла.

– Табе ж трэба, каб быў чысты халат і ўсё адзенне медработніка. Іншага падарунка не магу зрабіць.

Сястрычка замахала рукамі і паспяшалася да дзвярэй. Дарогу ёй перагарадзіў адзін салдат і сказаў гучна: “Сябры, у нас ёсць у тумбачцы мыла, збіраем усё і добрым добраму чалавеку”. Зляпілі яшчэ адзін кавалак мыла. Медсястрычка дзякавала нам. У вайну мыла мела немалы кошт.

Вяртанне на радзіму

Пасля лячэння ў шпіталях 22 чэрвеня 1945 года адправіўся дадому. На цягніку прыехаў у Княгінін. Пешшу дабраўся да цэнтра вёскі. Тут мне сказалі, што выканкам сельсавета дае загад жыхару на павозцы інвалідаў вайны давозіць да наступнага сельсавета і так далей.

Нарэшце мяне давезлі да роднай вёсцы Мікасецк. Убачыла маці, заплакала. Я ж быў на мыліцах. Каб усцешыць яе, паставіў іх пад сцяну і падаўся ў хату. З-за гэтага так разбалелася нага, што суткі праляжаў у ложку. Рана на назе не зажывала. Мяне вазілі ў Мядзел у паліклініку. Праз некаторы час раны не стала, застаўся толькі яе след, які існуе цяпер. 


Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота забяспечана Міхаілам ЧАРНЯЎСКІМ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні Дня Перамогі нашым госцем стаў Міхаіл Чарняўскі з  курортнага пасёлка Нарач (Купа), партызан, ветэран вайны, журналіст. У час вайны быў двойчы паранены.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика