Пажарныя ў Лебедзеве – за год перад 1939-м
17.05.2013
—
Разное
|
1 мая 1938 года. Асабовы склад пажарнай аховы Лебедзева, падрыхтоўка пажарнікаў – курс першай ступені. У дамашнім архіве жыхара Лебедзева Ігната Астроўскага захоўваецца пажаўцелы ад часу фотаздымак, які належаў яго бацьку – Міхаілу Раманавічу Астроўскаму (ў першым радзе крайні справа).Нагодай для сумеснага фатаграфавання стала здача нарматыўнага экзамену па пажарнай падрыхтоўцы. Надпіс на фота: асабовы склад пажарнай аховы Лебедзева; падрыхтоўка пажарнікаў – курс першай ступені. 1 мая 1938 года. Лебедзева знаходзіцца ў складзе Польшчы. У хуткім часе пачнецца Другая сусветная вайна, і Заходняя Беларусь будзе ўключаная ў склад БССР. Пажарныя Лебедзева пераехалі на новае месца дыслакацыі пажарнага дэпо. Заліты фундамент, у планах – будаўніцтва новага будынка. Большасць з іх – яшчэ маладыя людзі, амаль усе родам з мястэчка. І толькі некаторыя ў цывільным адзенні: сакратар і войт гміны, яшчэ дзве невядомыя нам асобы немясцовага паходжання. Справа ў тым, што тады, як правіла, кіруючыя пасады любога ўзроўню займалі кадры, прысланыя з Польшчы. Пройдзе крыху больш за год, і для большасці ўдзельнікаў “фотасесіі” наступяць цяжкія выпрабаванні – як фізічныя, так і маральныя. Адных будзе гартаваць вайна, другія згараць у кастры лебедзеўскага халакоста, трэціх расстраляюць фашысты, чацвертыя стануць ахвярамі НКВД і будуць рэпрэсіраваныя. Як у 1938 працавалі выратавальнікі Каго мы бачым на здымку? Большасць – звычайныя сяляне-аднаасобнікі, для якіх праца на зямлі была асноўным заняткам. Пажарная справа – грамадскі абавязак. У вольны час праводзілася пажарная падрыхтоўка, у любы момант, калі што-небудзь гарэла, – тушылі. У памяшканні пажарнага дэпо стаяла шмат бочак, запоўненых вадой. На гужавых павозках былі напагатове ручныя помпы з вадой. За пажарным дэпо былі замацаваныя коні мясцовых жыхароў. У выпадку ўзгаранняў коней хутка запрагалі ў павозкі і ехалі да месца пажару. Пажары не былі рэдкасцю. Лёсы герояў здымка У Лебедзеве і цяпер памятаюць Перца (крайні справа ў трэцім радзе), які выконваў ролю апавяшчальніка. У час пажару ён бегаў па мястэчку з трубой і даваў сігнал аб узгаранні. 24 чэрвеня 1942 год. Перац (так яго звалі лебедзеўцы) разам з іншымі яўрэямі быў спалены фашыстамі ў гумне Субача непадалёк ад мястэчка. У трэцім радзе крайні злева (у руках труба) – Фелікс Гладкоўскі. Ён, як і яго таварыш Перац, пры пажары сігналізаваў аб небяспецы. Фелікс меў сваю гаспадарку, іграў на аргане ў касцёле. Пасля вайны працаваў вартаўніком. У першым радзе крайні злева – Ян Гладкоўскі – начальнік пажарнай аховы. За “пажарную дзейнасць” у 1944 годзе ён быў арыштаваны і знаходзіўся ў ГУЛАГу аж да 1956 года. Адбыўшы свой турэмны тэрмін, выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу. У першым радзе чацверты і пяты злева – павятовыя начальнікі, якія прыехалі з Маладзечна экзаменаваць Лебедзеўскую пажарную ахову. Дакладнымі звесткамі аб названых асобах мы не валодаем. У першым радзе шосты злева – Жахоўскі, войт. Кіраўнік гміны быў родам з Беласточчыны. Ён валодаў арганізатарскімі здольнасцямі, добра размаўляў па-беларуску, а ў вольны час любіў паляваць. У 1939 годзе Жахоўскі быў арыштаваны новай уладай. Што было з ім далей, нам невядома. Справа ад войта – сакратар гміны Вакула. Аб ім мы ведаем толькі тое, што ў 1943 годзе ён і два яго паплечнікі былі арыштаваныя і расстраляныя фашыстамі за падпольную дзейнасць. Валынь-Сібір-Японія-ЗША-Германія-Польшча-Лебедзева Цікавы шлях быў у намесніка начальніка пажарнай аховы Лявона Рудскага (у першым радзе другі справа). Ён родам з Валыні (Украіна). У час Першай сусветнай вайны быў эвакуяваны ў Сібір. Крыху пазней, у час грамадзянскай вайны, у выніку адступлення арміі Калчака і руху Чэхаславацкага корпуса, апынуўся на Далёкім Усходзе. У ходзе японскай інтэрвенцыі трапіў у Японію. Адтуль дзякуючы намаганням Чырвонага Крыжа пераправіўся ў ЗША. З Амерыкі вярнуўся ў Еўропу: спачатку ў Германію, потым пераехаў бліжэй да родных мясцін – у Польшчу. У 30-я гады Лявон перабраўся на пастаяннае месца жыхарства ў Лебедзева. Тут ажаніўся, меў дваіх дзяцей. Акрамя пажарнай справы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, валодаў кілбасным цэхам, працаваў на зямлі. Пасля вызвалення Лебедзева ад фашыстаў у 1944 годзе, маючы бронь, працаваў на чыгунцы ў Маладзечне. У 1946 годзе разам з сям’ёй выехаў у Польшчу. У трэцім радзе трэці справа – Пётр Нехвядовіч. Пасля нападзення Германіі на Польшчу ў 1939 годе, нягледзячы на дрэнны зрок, ён пайшоў добраахвотнікам на фронт. У хуткім часе вайна для Польшчы закончылася паражэннем. Прыйшлося вяртацца дадому. Пры пераходзе савецка-польскай мяжы Пётр быў затрыманы пагранічнікамі, потым рэпрэсіраваны. Пасля вайны працаваў ў калгасе. Фёдар Посах – крайні ў другім радзе справа. Меў сваю гаспадарку. Будучы непрыгодным да страявой службы, у час Вялікай Айчыннай вайны служыў у дапаможных часцях. У трэцім радзе трэці злева – Эдуард Маркоўскі. Працаваў на зямлі. Пяты ў другім радзе злева – Яўген Якуновіч, таксама займаўся земляробчай працай. Пасля вайны быў цесляром, добрым бондарам. Зробленыя ім бочкі і цяпер служаць многім лебедзеўцам. Пасярэдзіне на пажарнай драбіне – Васіль Посах. У час вайны загінуў у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры пад Лідай… Сталін не пачуў Як склалася жыццё Міхаіла Астроўскага, ранейшага уладальніка фотаздымка? Трагічна! Ён быў арыштаваны 14 снежня 1939 года як член арганізацыі “Стральцы” і за антысавецкую агітацыю. З падачы мясцовых “добразычліўцаў” важкай улікай у гэтай справе адыграў названы фотаздымак. У студзені 1940 года яго справу накіравалі ў Асобую Нараду. Што было з ім далей, родныя і цяпер не ведаюць. Аб гэтым мы можам толькі здагадвацца. У даведцы з КДБ паведамляецца толькі тое, што 20.05.2000 года быў рэабілітаваны. Цяжкія выпрабаванні выпалі і на долю яго сям’і. У 1940 годзе жонку, Таццяну Якаўлеўну, сына трох гадоў, дачку чатырох месяцаў і моцна хворую 70-гадовую свякроў выслалі ў Казахстан як сям’ю рэпрэсіраванага. У дакументальнай кнізе У.І. Адамушкі і Н.У. Івановай “Помилуйте…”(1992) надрукаваная аўтабіяграфія Таццяны Астроўскай і яе просьба да ўладаў. У просьбе да таварыша Сталіна яна расказвае аб цяжкіх умовах жыцця на новым месцы і жаданні вярнуцца на радзіму. Сталін яе “не пачуў”. У 1947 годзе дзякуючы намаганням бацькі Таццяны Якаўлеўны удалося вярнуць сям’ю Астроўскіх у Лебедзева. 18.10.1994 года Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь жонка і дзеці Міхаіла Астроўскага былі прызнаныя пацярпеўшымі ад палітычных рэпрэсій. Лёсы людзей, якіх мы бачым на фотаздымку, з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што жыццё лёгкім не бывае і ў кожнага чалавека свой шлях. Антон АПАНАСЕВІЧ, мястэчка Лебедзева. Фота забяспечана Антонам АПАНАСЕВІЧАМ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дамашнім архіве жыхара Лебедзева Ігната Астроўскага захоўваецца пажаўцелы ад часу фотаздымак, які належаў яго бацьку – Міхаілу Раманавічу Астроўскаму (ў...
|
|