Амерыканскія музыканты: “Еўрабачанне”? Першы раз чуем!”
24.05.2013
—
Разное
|
Амерыканскія музыканты пасля візіту ў Беларусь пачалі іграць “Купалінку”. У пятніцу, 17 мая, у цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшоў канцэрт нью-ёркскага гурта “Project-trio” .Музыкі сваёй творчасцю надаюць новае гучанне класічнай музыцы, выконваючы яе з элементамі джаза, хіп-хопа і рока. Мерапрыемства адбылося ў форме творчай сустрэчы. Пасля невялікага канцэрта, на якім гурт выканаў некалькі сваіх кампазіцый, музыкі самі распавялі пра сябе і пра сваю музыку. У склад гурта ўваходзяць тры хлопцы, якіх, як яны самі адказалі, звязала любоў не толькі да музыкі, але і да Нью-Ёрка. Грэг Паціла іграе на флейце, на якой можа іграць нават бітбокс, што і прадэманстраваў адразу прысутным. Эрык Стывенсан іграе на віяланчэлі з трохгадовага ўзросту. Пітэр Сэймур – кантрабасіст. – Музыка – гэта вельмі крутая рэч. Мы не разумеем адно аднаго, – кажа Эрык слухачам, маючы на ўвазе моўны бар’ер. – Але музыка якраз тая рэч, якая дапамагае нам паразумецца. – Наш гурт існуе ўжо шэсць гадоў, – гаворыць Пітэр. – Кожны год у Нью-Ёрку праходзяць кастынгі сярод 500 калектываў за права несці амерыканскую культуру ў свет. У гэтым годзе пашанцавала нам. Так мы трапілі сюды. Спыніліся ў Мінску. Заўтра ў нас там вялікі канцэрт (размова адбывалася 17 мая). Да гэтага мы выступалі ў Расіі, а ў нядзелю едзем у Кіеў. Для нас выступаць у гэтай частцы свету – унікальная магчымасць. – Ці ведалі вы штосьці пра Беларусь да таго, як сюды прыехалі? – Ведалі, што яна знаходзіцца недзе побач з Польшчай, – адказвае Пітэр. – А я бачыў вашых спартсменаў на Алімпіядзе, – кажа Эрык. – Якія гасцінцы павезяце з Беларусі? – А што нам лепей прывезці адсюль? “Бульбу!” – падказваюць з залы. – Дарэчы, прывязу ў Амерыку рэцэпт беларускіх дранікаў, – кажа Грэг. – А я набыў сабе гадзіннік “Прамень”, – паказвае абноўку Эрык. – Я магу даць параду, – падключаецца да размовы Пітэр. – Калі вы будзеце ў Нью-Ёрку, набудзьце сабе майку з надпісам “I love NY”. Гэта самы папулярны гасцінец з Нью-Ёрку. А ў вас мы бачылі саламяных лялек, зуброў і буслоў. – А якіх славянскіх кампазітараў вы ведаеце? – У нашым рэпертуары ёсць творы Чайкоўскага. А таксама мы пачалі рэпеціраваць “Купалінку”. Мы ніколі не выконвалі яе, але можам паспрабаваць. І абавязкова на далейшых нашых канцэртах будзем гаварыць, што ўпершыню выканалі “Купалінку” ў Маладзечне. – Ці сочыце вы за конкурсам “Еўрабачанне”? – Што? Першы раз чуем! У Амерыцы шмат музычных конкурсаў, і калі прыдумаюць які-небудзь для кантрабаса, флейты і віяланчэлі, мы абавязкова возьмем у ім удзел. У сваю чаргу музыканты цікавіліся ў прысутных, якая амерыканская музыка цяпер папулярная ў Беларусі, ці ведаюць беларусы гульню фрызбі і дзе ў Маладзечне можна пакаштаваць ежу ў збанках. Сустрэча скончылася на тым, што музыканты падпісалі ўсім ахвотным карткі і абяцалі яшчэ раз наведаць наш горад. Я ж пасля сустрэчы накіравалася шукаць выступленні “Project-trio” ў інтэрнэце. Як так, у інтэрнэце 71 мільён праглядаў(!), а я пра іх даведалася толькі сёння? Наталля ТУР. Фота Наталлі ТУР. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пятніцу, 17 мая, у цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшоў канцэрт нью-ёркскага гурта “Project-trio” .
|
|