Дальва — сястра Хатыні
15.06.2013
—
Разное
|
У адрэстаўраваным мемарыяльным комплексе — абноўленая экспазіцыя Прыкладна ў 80 кіламетрах ад Мінска, непадалёку ад трасы на Віцебск, на месцы былой вёскі Дальва, спаленай фашыстамі 19 чэрвеня 1944 года, узвышаецца мемарыял. У аснове яго кампазіцыі — постаць маладой жанчыны з падлеткам, брацкая магіла і сцяна Памяці, дзе пазначаны прозвішчы 44 чалавек: 29 дзяцей, 13 жанчын и 2 мужчын. Спаліў нас вораг чэрвеньскай парою — Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей. Даруйце, людзі добрыя, за тое, Што вас не сустракаем, як гасцей... Словы, высечаныя на валуне, кранаюць душы і сэрцы. Дальва паўтарыла лёс Хатыні. Цудам застаўся ў жывых толькі трынаццацігадовы хлопчык Коля Гірыловіч. Хлопчык вырас і стаў ініцыятарам стварэння мемарыяльнага комплексу. Ідэю Мікалая Пятровіча падтрымалі землякі з Лагойшчыны, калегі па працы з тагачаснага Дзяржтэлерадыё БССР, мясцовыя школьнікі, моладзь, воіны Плешчаніцкага гарнізона... Конкурс на лепшы праект помніка Дальве аб’явілі ў тагачасным Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Перамог у конкурсе праект трэцякурсніка з аддзялення скульптуры Уладзіміра Церабуна — вучня вядомага скульптара Андрэя Бембеля. — Мікалай Гірыловіч зрабіў усё, каб захаваць памяць пра Дальву, — расказвае Наталля Кірылава, каардынатар міжнароднага праекта «Павышэнне статусу жыхароў спаленых вёсак, якія выратаваліся». — Ён праседжваў у архівах, вёў гістарычныя даследаванні, клапаціўся пра добраўпарадкаванне тэрыторыі мемарыяла, дарогі... Дальва была сэнсам яго жыцця, і помніць пра яе — яго запавет. Па словах удавы Мікалая Пятровіча Рымы Ігараўны, яна вельмі ўдзячна ўсім, хто працягвае справу мужа. Асабліва мясцовым уладам Лагойскага раёна, на тэрыторыі якога Дальва знаходзіцца, і ўпраўленню культуры Мінскага аблвыканкама. — Адкрыццё мемарыяла адбылося летам 1973 года, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Ганна Кіргет. — А некалькі гадоў назад пачаліся работы па яго рэстаўрацыі. 19 чэрвеня абноўлены комплекс «Дальва» сустрэне ганаровых гасцей і экскурсантаў абноўленай экспазіцыяй музея і мітынгам-рэквіемам. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адрэстаўраваным мемарыяле Дальвы — абноўленая экспазіцыя |
|