Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” памяняў месца
04.07.2013
—
Разное
|
Леанід Лысакабылка (на фота), старшыня маладзечанскага культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў "Краяны", ускладае кветкі да абноўленага помніка “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” ў Дзень незалежнасці, 3 ліпеня. Напярэдадні Дня Незалежнасці ў рэдакцыю “РГ” звярнуўся Леанід Лысакабылка, старшыня культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў “Краяны”.Яго цікавіла пытанне: куды цяпер ускладаць кветкі на свята, калі камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” перанеслі? Таварыства ўкраінцаў традыцыйна ўскладае кветкі менавіта да яго. Разам мы прыйшлі да каменя 3 ліпеня. На помніку добра відаць трэшчыну, а сам камень заўважна пасвятлеў – яго паверхню апрацавалі. – Вельмі добрае месца для валуна абралі, – заўважыў спадар Леанід. – Спадзяюся, ён застанецца тут назаўсёды. Цягам 3 ліпеня яшчэ некалькі чалавек прынеслі кветкі да помніка. Канчатковае рашэнне наконт далейшага лёсу помніка было прынятае ў панядзелак, 1 ліпеня. Валун раскалоўся на дзве часткі ў пятніцу, 28 чэрвеня, калі яго дэмантавалі. Помнік пераносілі з-за таго, што на рагу вуліц Машэрава і Вялікі Гасцінец плануюць зрабіць уезд на стадыён для пляжнага валейбола. Яго будаўніцтва ўжо пачалося ў парку. Расколаты на дзве палавіны камень адрэстаўравалі і паставілі ў гарадскім парку Перамогі, недалёка ад помніка воінам-інтэрнацыяналістам. – Рэстаўрацыя такога кшталту займае літаральна дзень-два, – паведаміў Аляксандр Рамановіч, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. – Таму да 3 ліпеня ўсе працы павінны скончыцца. Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” з’явіўся ў Маладзечне ў 1993 годзе дзякуючы намаганням колішняга старшыні райвыканкама Генадзя Карпенкі. Валун з надпісам і выявай крыжа Еўфрасінні Полацкай асвечаны падчас сумеснага малебну праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага святароў. Гэта быў першы малебен такога кшталту на Беларусі. Раней помнік знаходзіўся ў цэнтры горада, паміж Цэнтральнай плошчай і паркам Перамогі. Да яго традыцыйна прыносілі кветкі маладыя. Падчас падрыхтоўкі горада да “Дажынак” два гады таму камень перанеслі бліжэй да парку. Цягам апошніх гадоў ён стаяў на рагу вуліц Машэрава і Вялікі Гасцінец. Пачаў іржавець з-за трэшчыны У панядзелак у Маладзечна прыязджалі рэстаўратары з Заслаўя, якія кансультавалі мясцовых спецыялістаў. Адбітую частку каменя вярнулі на месца, прымацаваўшы спецыяльным растворам. – На валуне была трэшчына, – заўважае спадар Аляксандр. – Ні ў каго не магло быць ніякай варварскай думкі, каб спецыяльна пашкодзіць камень. Ні ў якім разе! Калі верхняя частка адбілася, было відаць, што ўся паверхня валуна ў іржаўчыне. Таму камень дадаткова апрацавалі. Была і думка наконт таго, каб зрабіць новы помнік замест расколатага. Але яе не падтрымалі – усё ж стары камень быў асвечаны, яго выгляд быў ужо знаёмы і родны для жыхароў горада. Стаў на “шляху памяці” – У гаспадара ўсё павінна быць на сваім месцы, – кажа Аляксандр Рамановіч. – Так павінна быць і ў горадзе. У парку цяпер будуюць пляцоўку для пляжнага валейбола. Калі б мы пакінулі камень на тым жа месцы, гэта было б няправільна. Камень ўвайшоў у так званы “шлях памяці”, які праходзіць у гарадскім парку. – У Маладзечне мы традыцыйна арганізоўваем шэсце на Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, – кажа спадар Аляксандр. – Шэсце ідзе ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, помніка “Стэла” і завяршаецца на гарадскіх могілках ля брацкай магілы. Камень пакутнікам тут будзе дарэчы, да яго таксама будуць ускладаць кветкі падчас шэсцяў. Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота Аляксандры Парахні. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні Дня Незалежнасці ў рэдакцыю “РГ” звярнуўся Леанід Лысакабылка, старшыня культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў “Краяны”. |
|