Шоу з душой. 21.by

Шоу з душой

11.07.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На беларускія фестывалі прыязджаюць не толькі за добрым настроем, але і за рэдкім сёння каларытам

Успамінаю, як у адной з камандзіровак пазнаёмілася з бабкай Ганнай. За кубкам свежазавараных зёлак так разгаварыліся, што і не заўважылі, як праляцелі тры гадзіны. Пра што гаварылі? Як бавілі час гадоў пяцьдзясят-шэсцьдзясят таму — як на кірмашы на конях ездзілі, несучыся па вёсцы з песнямі, як на вечарыны збіраліся, варожачы ды з хлопцамі жартуючы, як святы адзначалі з карагодамі ды песнямі на беразе возера. “І так душэўна было! — настальгавала бабуля. — А цяпер уключыш тэлевізар — дзеўкі голыя па сцэне скачуць. А песні якія спяваюць? Цьфу! Ніякага каларыту”. Ніякага каларыту... Словы бабкі Ганны так і заселі ў галаве.

Шчыра кажучы, сёння ў краіне няма недахопу ні ў фестывалях, ні ў фэстах. Тэатр, кіно, анімацыя, рэклама, танец, эстрада, фалькор і нават нацыянальная кухня — выбірай па густу. Ад караля фестываляў “Славянскага базару ў Віцебску”, які разгарнуўся на гэтым тыдні, да рэгіянальных свят у невялікіх гарадах і мястэчках. У нас пякуць бліны на калодах, выклікаюць дождж з дапамогай каменю, жартуюць на дзіўнай мясцовай гаворцы, танчаць на лаўках... Сваіх разынак, пра якія “Народная газета” піша ў рубрыцы “Што ні край, то свой звычай”, хапае ў кожным куточку Беларусі.

На дзяржаўным узроўні добра разумеюць эфект падобных мерапрыемстваў. Па-першае, цікавае, добра арганізаванае свята здольна аб’яднаць людзей і зацікавіць іх тым ці іншым відам мастацтва. Магчыма, дзіця, якое аднойчы трапіла на кірмаш народных майстроў, ужо назаўтра папросіць бацькоў адвесці яго, скажам, у гурток па лозапляценню ці разьбе па дрэве.

Па-другое, фестывалі дапамагаюць значна разнастаіць культурнае жыццё ўнутры краіны. Ніякае тэлебачанне не здольна замяніць жывыя выступленні артыстаў, якіх можна ўбачыць і пачуць, да прыкладу, на свяце “Александрыя збірае сяброў”, што прайшло ў мінулыя выхадныя, або падчас фестывалю ў Віцебску. А знайсці карціны, якія дэманструюцца на “Лістападзе” ў Мінску або “Анімаёўцы” ў Магілёве , не дапаможа нават вялікі Google. Бо на фестывалях паказваюць, як правіла, толькі самыя свежыя сусветныя конкурсныя працы. Я не кажу ўжо пра пастаноўкі на міжнародных тэатральных фестывалях “Панарама” ў Мінску і “Белая вежа” ў Брэсце. Ці была б у большасці з нас магчымасць, каб не гэтыя тэатральныя форумы, пазнаёміцца з лепшымі тэатральнымі калектывамі многіх краін свету?!

Па-трэцяе, фестывалі, асабліва міжнародныя, на якія прыязджаюць лепшыя рэжысёры, акцёры, музыканты, танцоры з розных куткоў нашай планеты, стымулююць айчынных дзеячаў культуры рухацца наперад і актыўна развіваць сваю творчасць. Сорамна гаспадарам свята раптам аказацца не ў тэме сучасных тэндэнцый і пасці тварам перад знакамітымі гасцямі.

А па-чацвёртае, падобныя міжнародныя фестывалі, на якія прыязджаюць замежныя ўдзельнікі, госці і гледачы (а геаграфія фестываляў у Беларусі даўно ужо выйшла за межы СССР), спрыяюць іміджу краіны на сусветнай арэне. Пагадзіцеся, чалавек, які прыехаў на канкрэтны фестываль, скажам, на кінафестываль “Лістапад” альбо “Славянскі базар у Віцебску”, павязе з сабой назад не толькі эмоцыі ад канкрэтна прагледжаных фільмаў ці пачутых артыстаў, але і ў цэлым аб краіне. Тут і ўзнікае пытанне — а якія менавіта веды аб Беларусі ён атрымае падчас фестываляў?

Вельмі часта арганізатары свята, імкнучыся прыцягнуць як мага больш гледачоў, зрабіць фестываль больш багатым і сучасным, насычаюць праграму дадатковымі, часам вельмі чужароднымі элементамі, што губляецца сам стрыжань, ідэя фестывалю і, як казала тая самая бабка Ганна, — КАЛАРЫТ. Вось і атрымліваецца ў выніку традыцыйнае свята Купалле са страусамі і Масленіца з фаер-шоу і шашлыкамі.

Дадатковыя элементы на фестывалях могуць быць. Больш таго, на масштабных святах тыпу “Славянскага базару” яны нават патрэбныя. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў,  гаворачы нядаўна пра фестываль у Віцебску, адзначыў, што ён быў задуманы як музычны, але ў апошні час стаў шматмерны з-за прысутнасці тэатральных элементаў, кіно, кірмашоў, мастацкіх рамёстваў. Аднак пры ўсім тым сістэмаўтваральным, краевугольным каменем у ім з’яўляецца элемент пеўчага мастацтва. Ніякае дататковае не засланіла ідэю свята. Наадварот, у перапляценні відаў мастацтва,  культур розных народаў яна заззяла толькі ярчэй. Ды ўжо і само насычанае фестывальнае жыццё падчас “Славянскага базара” складае ў замежнікаў уражанне аб Беларусі як аб краіне, якая ўмее шырока святкаваць і ветліва сустракаць гасцей.

Галоўнае — правільна расставіць акцэнты. Нават фаст-фуд можа быць на фальклорным свяце (у людзей усё ж такі розныя густы). Але няхай ён будзе дзесьці збоку. А ў цэнтры — КАЛАРЫТ тыпу купальскіх вянкоў ды папараць-кветкі, за якім і едуць большасць замежнікаў  у Беларусь, бо самі даўно яго страцілі!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На беларускія фестывалі прыязджаюць не толькі за добрым настроем, але і за рэдкім сёння каларытам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика