Найлепшая мова — родная
13.08.2013
—
Разное
|
Больш за шэсцьсот славістаў з трыццаці пяці краін свету прыедуць праз тыдзень у Мінск Рашэнне аб правядзенні ў беларускай сталіцы XV Міжнароднага з’езда славістаў, буйнейшага навуковага міжнароднага форуму, на якім абмяркоўваюцца праблемы развіцця славянскіх моў, літаратуры, культуры, фальклору, было прынята на папярэднім з’ездзе, які адбыўся ў македонскім горадзе Охрыд у 2008 годзе. Міжнародныя з’езды славістаў праводзяцца кожныя пяць гадоў пачынаючы з 1929 года па чарзе ў кожнай са славянскіх краін. У Беларусі гэты з’езд пройдзе ўпершыню. А таму прымаць удзельнікаў і гасцей з’езда для нашай краіны яшчэ больш адказна і пачэсна. Што значыць гэтая вялікая навуковая сустрэча для Беларусі? Наколькі “модна” ў беларускіх школьнікаў і студэнтаў вывучаць славянскія мовы? Ці можна гаварыць пра існаванне асобнага варыянта правапісу рускай мовы ў Беларусі? І наколькі актыўна беларуская мова пачынае пранікаць у тыя сферы, у якіх раней ніколі не выкарыстоўвалася? Пра гэта і многае іншае гаворка з дырэктарам філіяла “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандрам ЛУКАШАНЦАМ.
— Гэта вельмі важная навуковая падзея, якая сведчыць пра тое, што Беларусь з’яўляецца асобнай славянскай краінай са сваёй арыгінальнай мовай, адметнай культурай, літаратурай. Правядзенне гэтага навуковага форуму будзе садзейнічаць прэстыжу нашай краіны ў свеце, засведчыць узровень развіцця гуманітарнай, у прыватнасці славістычнай навукі ў нашай краіне. Міжнародныя навуковыя з’езды славістаў набываюць асаблівую значнасць у ХХІ стагоддзі, ва ўмовах глабалізацыі, калі вельмі востра ставяцца пытанні захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. І такія форумы садзейнічаюць умацаванню самасвядомасці народаў. Важныя яны яшчэ і таму, што дазваляюць больш поўна і глыбока даведацца пра суседскую мову, літаратуру і культуру. А веданне чужога дазваляе больш глыбока асэнсаваць значнасць уласнага, вучыць паважаць тое, што ёсць у нас, адчуць пры агульнай роднасці славянскіх народаў сутнасць свайго адрознення.
— Досыць папулярныя. Праўда, у школах славянскія мовы спецыяльна не вывучаюць. Яно і вядома. Вывучаюцца ў першую чаргу тыя пашыраныя мовы, якія дазваляюць беспраблемна атрымліваць інфармацыю і ажыццяўляць сваю дзейнасць за межамі Беларусі — англійская, нямецкая, французская, іспанская. Славянскія мовы разумеюцца і засвойваюцца нашмат лягчэй, чым іншыя, таму што ў іх шмат агульнага. Але ў апошнія дзесяцігоддзі вывучэнне славянскіх моў пашыралася ў ВНУ. Рэгулярна набіраюцца такія групы на філалагічных факультэтах БДУ, БДПУ імя Максіма Танка, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і ў іншых навучальных установах. Гэта можна растлумачыць актыўнай у апошні час міжнароднай дзейнасцю Беларусі. Спецыялісты, якія на высокім узроўні валодаюць замежнымі, у тым ліку і славянскімі, мовамі, становяцца вельмі запатрабаваныя. Што датычыцца нашага з’езда, традыцыйна рабочымі мовамі, з’яўляюцца ўсе славянскія. Кожны мае права гаварыць на сваёй роднай славянскай мове, а той, хто ўдзельнічае ў з’ездзе, абавязаны яе разумець. Па-першае, гэта сведчыць пра блізкасць славянскіх моў і культуры. А па-другое, пашырае моўны дыяпазон удзельнікаў з’езда.
— Кантакты і ўзаемадзеянне роднасных моў — звычайная з’ява, яна не можа лічыцца ўнікальнай толькі для Беларусі. Гэта характэрна для многіх славянскіх і неславянскіх краін. Дарэчы, дадзеная праблематыка знайшла адлюстраванне і ў навуковай праграме з’езда. Што датычыцца моўных норм, то няма падстаў гаварыць пра асобны варыянт рускай мовы ў Беларусі, у нашай краіне не ўстанаўліваецца асобны правапіс рускай мовы. Карыстаюцца на тэрыторыі Беларусі тым рускім правапісам, які зацверджаны і ўсталяваны аўтарытэтнымі расійскімі навуковымі арганізацыямі. Мы ў сябе можам змяняць і ўдасканальваць толькі правапіс беларускай мовы. А тое, што існуюць асобныя разыходжанні, да прыкладу, у напісанні вялікай і малой літары ў беларускай і рускай мовах, — абсалютна нармальная справа. Аднак гэта не сведчыць пра існаванне нейкага асобнага варыянта рускай мовы ў Беларусі. Так, ёсць пэўныя асаблівасці выкарыстання лексікі, але тым не менш гэта адзіная літаратурная руская мова.
— Вельмі эфектыўныя. Яны прыцягваюць увагу. Беларуская мова яшчэ вельмі мала запатрабавана ў сферы рэкламы, у тым ліку сацыяльнай. Яна незапатрабаваная ў таварных знаках беларускай прадукцыі. Ведаю, сёння ёсць праблемы з рэгістрацыяй разнастайных таварных знакаў, яны вельмі часта паўтараюць замежныя назвы і брэнды. Часам справы даходзяць да судовых разбіральніцтваў. Уласныя беларускія назвы дазволілі б з лёгкасцю пазбягаць падобных сітуацый. Больш за тое, нават сваёй “моўнай” незвычайнасцю яны б прыцягвалі ўвагу спажыўцоў тавараў і паслуг. Напрыклад, ёсць такі пральны парашок “Мара”. Па-мойму, ён заваяваў сваю нішу, і яго добра пазнаюць. Вельмі добрая назва, якая не супярэчыць расійскім брэндам. Бачу ў гэтым напрамку вялікія перспектывы для беларускай мовы.
— Не хачу даваць нейкіх ацэнак. Бо для кожнага чалавека яго родная мова з’яўляецца самай прыгожай, самай мілагучнай, самай дасканалай. Увогуле, няма моў дрэнных, непрыгожых. Для кожнага носьбіта яго родная мова найлепшая. Толькі каб зразумець гэта, трэба яе ведаць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за шэсцьсот славістаў з трыццаці пяці краін свету прыедуць праз тыдзень у Мінск
|
|