“РГ” узнагародзіла за лепшыя крычалкі
23.08.2013
—
Разное
|
Падарунак пераможцы конкурсу Вячаславу Курбаку ўручае карэспандэнтка “РГ” Аляксандра Парахня. Фота Зоі ХРУЦКАЙ. Пан Шыманскі атрымаў падарунак ад рэдакцыі і падзяліўся думкамі аб маладзечанскім футболе.На мінулым тыдні рэдакцыя падвяла вынікі Панам Шыманскім аказаўся Вячаслаў Курбака, юрыст з Маладзечна. Ён прызнаўся, што дасылаў працы на конкурс не для таго, каб атрымаць падарунак, а таму, што спадабалася яго ідэя. Падчас размовы з карэспандэнтамі “РГ” спадар Вячаслаў падзяліўся сваімі думкамі пра футбол і не толькі. – Раскажыце, калі ласка, як пісаліся крычалкі, якія ў выніку перамаглі ў конкурсе? – Натхненне да мяне прыйшло падчас працы. Хацеў напісаць і болей, задумы былі. Але бракавала часу. Паўдзельнічайце ў новым конкурсе і вы! – Вы бралі нешта за аснову, пішучы свае крычалкі? – Вядома, гэтыя радкі – не асабіста мае, я напісаў іх на аснове рускамоўных крычалак. Калі рабіць нешта кардынальна новае, то заўсёды ёсць асцярога, што яно не прыжывецца. Гэта тычыцца не толькі крычалак, але і ўсяго іншага, што можна пабачыць вакол нас. Напрыклад, калі перакладаюць на беларускую вядомыя замежныя песні, яны застаюцца хітамі, бо іх мелодыі ўжо ёсць у нашай памяці. З новым заўсёды больш складана. – Беларускамоўная падтрымка футбалістаў мае перспектыву? – Безумоўна! Хто збіраецца на стадыёнах? Гэта часам не столькі аматары футбола, колькі патрыёты свайго горада. Яны хочуць падтрымаць сваё, маладзечанскае. Беларускасць тут – магчымасць паказаць, што ў нас ёсць свае традыцыі. Гэта тычыцца не толькі футбола. Калі схадзіць на матч нашага хакейнага “Дынама” падчас гульні з маскоўскімі ці рыжскімі дынамаўцамі, часам можна не зразумець, хто каго падтрымлівае. Два “Дынама”, а калі і крычалкі на адной мове – то і не адрозніць. Павінна быць адметнасць, нейкі стрыжань. Наш хакейны клуб мае столькі атрыбутыкі для заўзятараў – шалікі, шапкі, плакаты. Калі б гэта было на беларускай мове, думаю, раскуплялі б гэтак жа актыўна. “Вельмі цешуся, што маладзечанскі футбол захавалі” – Цяпер вас часта можна пабачыць на дамашніх матчах? – Так. І не мае значэння, якое месца займае каманда. Для мяне, як і для многіх, было шокам даведацца, што ў гэтым сезоне Маладзечна можа застацца без футбола. Добра, што нейкім чынам усё наладзілася. – Як вам новая каманда “Маладзечна-2013”? – Я не бяруся іх ацэньваць. Гэта зусім маладыя хлопцы, для большасці з іх гульня ў камандзе – толькі першы крок у футбол. Ім трэба сказаць дзякуй, што яны ёсць. У гэтым сезоне высокіх вынікаў чакаць не варта. Маладзечанскія зялёна-белыя фанаты. Крыўдна, калі мы церпім паражэнне ад “Нёмана” з лікам 3:0. Але трэба памятаць, што сёлета і самой каманды магло не быць. Добра, што паспелі ўскочыць у апошні вагон. – Якая футбольная падзея ў Маладзечне вас больш за ўсё ўразіла? – Вядома, шмат яркіх падзей звязана з “Металургам”. А яшчэ памятаю, як у 2001 годзе маладзечанцы на дамашнім стадыёне перамаглі ў БАТЭ з лікам 2:1. Вось гэта было прыемна! Тады маладзечанская каманда не дала барысаўскаму клубу заняць першае месца. Тады я яшчэ біўся аб заклад са сваім сябрам, які падтрымліваў мінскае “Дынама”, і перамог. Трыбуны падчас сёлятняй гульні з Баранавічамі. Амаль уся сям’я – спартсмены – Адкуль у вас узнікла такая цікавасць да спорту? – Гэта пайшло яшчэ з дзяцінства. Памятаю, як бацька браў мяне з сабой на матчы “Металурга”. Мне было гадоў пяць і я мала што разумеў. Але адчуваў, што адбываецца нешта неверагоднае: натоўпы людзей, якія не могуць уціснуцца на стадыён, лаўкі замест сучасных сядзенняў, на якіх няма пустога месца. Атмасфера была непаўторная. Кожны разумеў, што жыве не проста ў раённым цэнтры, а ў сапраўдным горадзе сонца. Пасля хадзіў на матчы ўжо з сябрамі. – Цяпер ваша жыццё звязана са спортам? – Спрабую сябе, але не ў якасці гульца. Летась з’явілася ідэя паступіць у вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы суддзяў у Мінску. Хоць па стане здароўя я не вельмі пасую для гэтага. Але пасля некаторых ваганняў я ўсё ж не пайшоў вучыцца. – Як да такога захаплення ставяцца родныя і блізкія? – Мая дзяўчына заўсёды была супраць. Калі мы разам глядзім тэлевізар, то я не магу ўключыць ні футбол, ні хакей. А ў выпадку паражэння важна абавязкова сказаць: “Ну што, твае зноў не перамаглі?”. Пры тым яна ў мяне сама спартсменка – бронзавы прызёр Чэмпіянату Беларусі па гіравым спорце. Па ёй ніколі не скажаш, што яна можа падымаць гіру ў 16 кілаграмаў. Добрыя вынікі мае і ў армрэслінгу. Звычайна, калі я вяртаюся з матчаў “Маладзечна”, яна спрабуе адгадаць лік. Нядаўна, калі мы перамаглі ў “Лівадзіі”, у яе гэта не атрымалася. Сёлятняя гульня з Баранавічамі. – Вашы бацькі таксама звязаныя са спортам? – Так, мой тата – майстар спорту па боксе, трэнер па дзіцячым хакеі. Але цяпер працуе не па спецыяльнасці. Маці займалася фехтаваннем. Родны дзядзька быў галкіперам. Вось самае галоўнае вы ў мяне не запыталіся: чаму пан Шыманскі? – Дарэчы, чаму ж? – У маёй бабулі дзявочае прозвішча было Шыманская. Сама яна з Лебедзева, што на Маладзечаншчыне. Там я нарадзіўся і правёў першыя гады свайго жыцця. Павел Іванавіч Шыманскі – мой продак, які быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён меў каліграфічны почырк, таму яго часта запрашалі, каб напісаць дамовы, даверанасці. Да таго ж ён быў у добрых стасунках з лебедзеўскім панам Феліксам Закрэўскім. У мяне захавалася шмат дакументаў і рэчаў з таго часу. Таму ў каментарах я і стаў панам Шыманскім. Аляксандра ПАРАХНЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пан Шыманскі атрымаў падарунак ад рэдакцыі і падзяліўся думкамі аб маладзечанскім футболе.
|
|