“Падайце, людзі добрыя”. 21.by

“Падайце, людзі добрыя”

31.10.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі просьба аб міласціне ператвараецца ў самае сапраўднае нахабства

Скончыліся ваенныя ліхалецці і галодныя гады, аднак жабракі так і не перавяліся. Нават у XXІ стагоддзі, калі рынак працы прапаноўвае тысячы вакансій, дзяржава выплачвае рознага кшталту сацыяльныя дапамогі, а грамадскія аб’яднанні забяспечваюць неабходным найбольш уразлівыя пласты грамадства, убачыць у пераходзе, ля ўваходу ў краму або храм жабрака з працягнутай рукой ці кавалкам кардону, на якім словы: “Людзі добрыя, дапамажыце...”, — не рэдкасць. І вось што цікава, калі ў тыя ж 1990-я на вуліцах стаялі, як правіла, бабулі, якім насамрэч магло не хапаць на пражыццё, то сёння іх месцы занялі зусім не кволыя мужчыны ды здаровыя маладыя жанчыны, якія здольныя былі б і самі зарабіць сабе на хлеб.

Вядома, у кожнага з такіх людзей свая гісторыя, а кожнае “жабрацтва” мае ўласны вызначаны сэнс. Для сляпога, якога часта сустракаю ў пераходзе метро, гэта, безумоўна, праява бездапаможнасці. Для мужчыны, што апусціўся на бардзюр ля аўтобуснага прыпынку і нядбайна паклаў мыліцы ля абрубкаў ног, — вынік духоўнай слабасці. Чалавек, які аднойчы сутыкнуўся з бядой, апусціў рукі, не здолеў знайсці сябе ў іншым месцы. А для прыезджых, што вандруюць не толькі з горада ў горад, але і з краіны ў краіну, — лад жыцця, які яны навязваюць і сваім дзецям. Неяк праходзілі з сяброўкай паблізу чыгуначнага вакзала, трымаючы ў руках толькі што купленыя бананы, і раптам: “Дай банан, дай банан!” — з’явілася аднекуль і заскакала каля мяне мурзатае дзіця. “Трымай”, — спачуваючы, працягнула яго бруднаму, дрэнна апранутаму хлопчыку. Той хціва схапіў яго маленькай чорнай ручкай і знік гэтак жа імгненна, як і з’явіўся: пабег да матулі. А тая, заўважыўшы, што “нумар спрацаваў”, ужо падпіхвала за чарговай спажывай дачушку.

Удзячнасці ад такіх дзяцей можна нават не чакаць. Яны хутчэй аблаюць услед, чым скажуць дзякуй. Аднойчы стала сведкай карціны, калі на просьбу малога жабраняці дапамагчы хоць чым-небудзь жанчына дастала с торбы і працягнула яму свежы батон, а той схапіў булку ды як замахнуўся на яе: “Зараза, мне грошы патрэбны!” Вось і думай пасля такіх выпадкаў, падаваць ці не. Асабліва раздзіраюць сумненні, калі сустракаеш такіх людзей каля цэркваў і касцёлаў. З аднаго боку, у галаве ўсплывае біблейскі выраз: “Да не оскудеет рука дающего”, а з другога, калі бачыш спітыя твары гэтых жабракоў, узнікае пытанне: “А ці дапамагу я сапраўды гэтаму чалавеку, даўшы тысячу? Можа, купленая на яе чарка стане апошняй у яго жыцці?” І можа, гэта мы самі, хто мае нейкае жыллё ды хлеб на стале, прычына жабрацтва? Не падавалі б — людзі не стаялі, а ішлі б зарабляць на хлеб. Знайшлі б занятак. З голаду паміраць нікому не хочацца.

Аднойчы знаёмаму давялося дапамагаць святару выводзіць з храма аднаго жабрака. Святар па дабрыні душы сваёй пусціў мужчыну пагрэцца. Але праз нейкі час таго так “развезла”, что ён ледзь не мачыцца стаў у храме. Вось вам і падзяка, і павага, і гэтак далей. “Все они тут, из-за лености своей”, — пракаментаваў тады бацюшка.

Канешне, іграць на пачуццях — гэта таксама своеасаблівая праца. Але падаваць жабракам з выразам твару, быццам ім усе павінны, шчыра кажучы, зусім не хочацца. Іншая справа, калі бачыш бабулек, якія прадаюць кветкі ці семачкі. Яны нічога не просяць. Ціхенька стаяць, папраўляюць букецікі, перабіраюць семачкі і заўсёды шчыра дзякуюць. У такіх хочацца купіць не скрутачак семачак, а і два, і нават тры. Можа, ты тых семак і не ясі зусім, але ад душы хочацца дапамагчы тым, хто, бачна, у гэтым мае патрэбу, але не стаіць з працягнутай рукой, а спрабуе сам штосьці зрабіць.

Тут жа пытанне не ў тым, што табе шкада “капейкі” ці не хочацца дапамагчы. Наадварот. Адзін з любімых афарызмаў, вычытаных у кнізе Міхаіла Паніча “Шлях да сябе”, — “Зрабіць шчаслівым хоць вераб’я, калі кідаеш крошку хлеба”. Проста колькі лавіла сябе на думцы — падаўшы людзям са здаровымі рукамі-нагамі, але чырвона-сінім тварам, зусім не адчуваеш задавальнення і лёгкасці ад таго, што зрабіў дабро. Кладзеш тысячу, часам чуеш дзякуй у адказ, адыходзіш — а на душы нейкае трымценне, быццам не так штосьці зрабіў ці дапамог зусім не таму, хто ў гэтым мае рэальную патрэбу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі просьба аб міласціне ператвараецца ў самае сапраўднае нахабства
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика