Што насамрэч адбылося ля гандлёвага цэнтра ў Маладзечне
22.11.2013
—
Разное
|
Фота затрымання выклаў у Твітары карыстальнік nenazvannij. Інцыдэнт з сілавым затрыманнем мужчыны ля гандлёвага цэнтра “Тройка” здарыўся 12 лістапада. Падзея выклікала інтарэс у шматлікіх карыстальнікаў інтэрнэта, дзе адразу ж пасля здарэння з’явіліся фотаздымкі і відэа відавочцаў, якія бачылі, як ішло затрыманне. Аднак пытанне заставалася: каго і за што?Як удалося высветліць, затрыманы аказаўся раней неаднаразова судзімым 30-гадовым жыхаром Маладзечна. Па словах начальніка прэс-службы УУС Мінаблвыканкама Аляксандра Данільчанкі, ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №33 у Мінску, але 10 лістапада збег адтуль. Праз два дні каля гандлёвага цэнтра ў Маладзечне яго якраз і схапілі супрацоўнікі папраўчай установы разам з байцамі АМАПа з Мінска. – Падчас затрымання ў яго знайшлі нож і пнеўматычны пісталет, таму працэс і быў жорсткім, – тлумачыць Аляксандр Данільчанка. – Усё рабілі для таго, каб засцерагчы людзей, якія маглі выпадкова аказацца ля месца затрымання. Мужчына раней быў судзімы за крадзяжы, разбой і рабаванне. Падчас знаходжання ў папраўчай установе неаднаразова парушаў рэжым і ўжываў наркотыкі. Тым часам, начальнік папраўчай установы №33 ад каментароў адмовіўся. – Уся афіцыйная інфармацыя ёсць у прэс-службе. Мне дадаць няма чаго, – адказаў ён па тэлефоне. Па словах блізкіх Між тым, да нас у рэдакцыю звярнуліся сваякі затрыманага мужчыны. З іх слоў, пасля затрымання ён знаходзіўся ў маладзечанскай бальніцы з мноствам траўмаў. Блізкія сцвярджаюць, што іх сваяка білі па ўсіх частках цела і цяпер у яго шматлікія гематомы ды прабітае лёгкае. А ці ўжываў ён наркотыкі, да справы гэта не адносіцца. Не аб гэтым гаворка. Мы звязаліся з затрыманым па тэлефоне, каб задаць пытанні пра яго самаадчуванне і пра тое, што ж здарылася ў той дзень, 12 лістапада? − А як можна сябе адчуваць пасля таго, як збівалі шэсць чалавек? У мяне прабітае лёгкае, а галава – быццам шлем вадалаза. Я сапраўды пакінуў месца, дзе адбываў пакаранне. Мне прызначылі пяць гадоў “хіміі”, і я вырашыў, што калі збегчы, то пакаранне заменяць на адзін-два гады турэмнага зняволення. Для мяне гэта лепш. А асудзілі мяне за дробязі: крадзеж быў. Я згодны, што вінаваты, але ж навошта калечыць? Затрыманы збег зноў? Праз тыдзень высветліліся новыя падрабязнасці. Як распавяла жонка затрыманага, на наступны дзень пасля нашай размовы з пацярпелым у бальніцы з’явіліся людзі з папраўчай установы №33 і прымусова забралі яго ў Мінск. − А ў яго тэмпература была амаль 39 і ў лёгкім была трубка, праз якую адводзілася кроў! Што за дактары такія, якія адпускаюць хворага чалавека? Мы не супраць, што мой муж вінаваты, і хай яго судзяць, але і тыя, хто яго збіваў не павінны застацца без пакарання. А мяне з чатырохгадовай дачкой муж – самы найлепшы чалавек у свеце. − Дзе зараз знаходзіцца ваш муж? − Мы ведаем, што ён зноў збег з Мінска, цяпер недзе ў Маладзечне. Мы звярнуліся ў Следчы камітэт горада. Узбуджаная справа. Тым часам старшы следчы маладзечанскага Следчага камітэта Юры Багушэвіч кажа, што ў перыяд з 11 да 20 лістапада ніякіх крымінальных спраў, звязаных з гэтай, не ўзбуджалася. Пацярпелага з такім прозвішчам не зарэгістравана. Яўгенія РУСАКЕВІЧ. Фота pic.twitter.com/eAv72YaLVE Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інцыдэнт з сілавым затрыманнем мужчыны ля гандлёвага цэнтра “Тройка” здарыўся 12 лістапада. Падзея выклікала інтарэс у шматлікіх карыстальнікаў інтэрнэта, дзе...
|
|