Дзіўнае — побач
26.11.2013
—
Разное
|
Самы патрыятычны беларускі турыст жыве ў сталіцы У конкурсе «Пазнай Беларусь-2013» на перамогу прэтэндаваць мог любы жадаючы. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі турыстам наведаць больш за 560 аб’ектаў у Беларусі і сфатаграфавацца на іх фоне. Пераможцам стаў менеджар з Мінска Канстанцін Ілюковіч (на здымку), які за тры тыдні праехаў нашу краіну ўздоўж і ўпоперак і паспеў сфатаграфавацца на фоне 237 славутасцяў. У якасці прыза мінчаніну ўручылі сертыфікат на тур выхаднога дня ў Магілёве. Усе фотаздымкі, адпраўленыя Канстанцінам на конкурс, былі зроблены ў кастрычніку ў час сямейнага адпачынку. — На жаль, мы наведалі не ўсе аб’екты, якія планавалі. Некаторыя былі так надзейна схаваныя, што не патрапіш да іх, не падлезеш, — успамінае Канстанцін. — Была ў спісе сядзіба Ахрэнаўскіх у Мядзельскім раёне. Так сталася, што ў ёй цяпер знаходзіцца медыцынская ўстанова закрытага тыпу, будынак абнесены высокім плотам, на тэрыторыі вядзецца відэаназіранне, а ахова туды нікога на крок не падпускае. Некаторыя аб’екты турысту запомніліся тым, што іх было складана знайсці. Напрыклад, геаграфічны цэнтр Беларусі. — Дакладных каардынат не было, а ў апісанні пазначана: «...на сярэдзіне шляху з вёскі № 1 у вёску № 2 павярніце на паўднёвы ўсход у бок вёскі № 3 і прайдзіце ў поле паўтара кіламетра». А тое поле было засеяна кукурузай вышынёй у чалавечы рост, — дзеліцца ўспамінамі турыст. — Пашанцавала, што на полі ішла ўборка і была невялікая дарожка, пакінутая камбайнам. Па ёй я і ехаў паўтара кіламетра, пакуль метрах у пяцідзесяці не ўбачыў запаветны трыянгулятар, якім пазначаны цэнтр Беларусі. Калі мінчанін вырашыў з сям’ёй наведаць стары бровар у сядзібе Патоцкіх, што ў Бярэзінскім раёне, то і не падазраваў, што ён цяпер знаходзіцца на тэрыторыі дзеючага прадпрыемства, куды можна трапіць толькі па спецыяльным пропуску. — На прахадной мне сказалі, што пропуск можна выпісаць у бухгалтэрыі, а так як працоўны дзень ужо скончыўся, усе кабінеты зачыненыя, — успамінае Канстанцін. — Я ўжо практычна здаўся, як раптам у калідоры сустрэў супрацоўніка завода і спытаў у яго, дзе выхад. Ён растлумачыў. Выходжу — і апыняюся на тэрыторыі завода, каля бровара. Там і зрабіў некалькі фотаздымкаў, а вось ахове завода тады добра перапала. Як прызнаўся Канстанцін Ілюковіч, у гэтым падарожжы ён для сябе развянчаў міф аб тым, што ў Беларусі няма чаго паглядзець, і наступным летам разам з сям’ёй абавязкова працягне турыстычныя паездкі па нашай краіне. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самы патрыятычны беларускі турыст, аказваецца, жыве ў Мінску
|
|