Французскі легіянер Зіновій Пешкаў змагаўся ля Залесся. 21.by

Французскі легіянер Зіновій Пешкаў змагаўся ля Залесся

15.01.2014 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Зіновій Пешкаў.

На парыжскім праваслаўным некропалі Сент-Жэнеўе-дэ-Буа знаходзіцца магіла, на помнікавым камені якой выбіты просты надпіс: “Зіновій Пешкаў, легіянер, 16.10.1884 – 27.11.1966”.

На яго пахаванні прысутнічалі прадстаўнікі французскай палітычнай і ваеннай эліты, а труну суправаджалі легіянеры, якія неслі амаль паўсотні ўзнагарод нябожчыка, сцягі рускіх добраахвотнікаў дзвюх сусветных войнаў.

На развітанне генерал Анры Труая ад імя ўсяго французскага войска прамовіў: “Аднарукі Пешкаў быў у салдат адным з самых папулярных афіцэраў: невялікага росту, вельмі дынамічны, вытанчанай культуры, зацікаўлены самымі рознымі праблемамі, вольна размаўляў на пяці мовах і ветлівы ў абыходжанні”. А ў адным са шматлікіх некралогаў было адзначана, што “не стала Зіновія Пешкава, вялікай асобы, яркай фарбы ў палітры “Вольнай Францыі”.


Цураўся поглядаў брата-камуніста

Калі імя гэтага рускага эмігранта, брыгаднага генерала французскай арміі, было добра вядомае не толькі ў Францыі, але і за яе межамі, то ў той жа час яно было аддадзена забыццю і замоўчванню ў Савецкім Саюзе. Мінуў час, і да сучасніка вярнулася гісторыя жыцця гэтага неардынарнага чалавека, сведкі мінулай эпохі, прыёмнага і хроснага сына пісьменніка Максіма Горкага, старэйшага брата будучага старшыні Усерасійскага Цэнтральнага выканаўчага камітэта Якава Свярдлова.

У час маладосці ён хутка адышоў ад рэвалюцыйнага асяроддзя Горкага, а радыкальных поглядаў свайго брата не прымаў і цураўся ўсё жыццё. Падзеі Першай сусветнай вайны кардынальным чынам паўплывалі на лёс эмігранта. Уступіўшы ў шэрагі Замежнага легіёна, ён у хуткім часе трапляе на перадавую, дзе яму прысвойваюць званне капрала і прызначаюць камандзірам 2-га пяхотнага палка. Не звяртаючы ўвагі на нацыянальнасць, валанцёры палка легіянераў мужна змагаліся ва ўпартых баях пад Рэймсам, дзе страцілі больш за палову свайго асабовага саставу.


Шарль дэ Голь выратаваў жыццё

Менавіта ў гэтых баях 9 мая 1915 года Пешкаў быў цяжка паранены і страціў правую руку. Санітары, якія прызналі яго далейшы лёс безнадзейным, не згаджаліся на эвакуацыю з поля бою, але толькі заступніцтва нікому тады невядомага лейтэнанта Шарля дэ Голя паспрыяла выратаванню салдата.

Зіновій Пешкаў выжыў, а з дэ Голем у іх завязалася сапраўднае сяброўства на ўсё жыццё. За праяўленую мужнасць і адвагу маршал Жафр 28 жніўня 1915 года падпісаў загад аб узнагароджанні капрала Пешкава Ваенным крыжам з пальмавай галінай.


У Маладзечне сустрэўся з Керанскім

Пасля выздараўлення і адпачынку лейтэнант Пешкаў вяртаецца на службу і як прадстаўнік французскай місіі накіроўваецца ў ЗША. Ад мая 1917 года ён ужо прадстаўнік ваеннай місіі Францыі пры Часовым урадзе Расіі. У ліпені таго ж года накіроўваецца да галоўнакамандуючага Заходняга фронту Антона Дзянікіна для дапамогі ў падрыхтоўцы рускага наступлення пад Смаргонню і Крэвам.


4 (17) ліпеня 1917 года разам з іншымі прадстаўнікамі замежных місій сустракае на маладзечанскім вакзале ваеннага міністра і тагачаснага кіраўніка Часовага ўрада Аляксандра Керанскага. Пасля прыёму дэлегацыі і пасяджэння армейскага камітэта міністр выязджае ў палкі фронту. У гэты і наступны дзень адбываецца сумеснае наведванне і агітацыя ваенных фарміраванняў, якія праз некалькі дзён павінны былі прыняць удзел у ліпеньскім наступленні 1917 года.

З успамінаў начальніка штаба 28 пяхотнай дывізіі падпалкоўніка Якава Маркавіча Лісавога вядома, што Керанскі каля станцыі Залессе 4 (17) ліпеня правёў агляд і выступіў перад прадстаўнікамі адзначанай дывізіі.

Дывізію ў гэты час узначальваў  генерал-маёр і Георгіеўскі кавалер Яўген Васільевіч Энвальд, дзед добравядомай сёння кінаактрысы Марыны Владзі.

Вялі радавых на пазіцыі

Праз дзень у штаб 28-й пяхотнай дывізіі, які знаходзіўся на станцыі Залессе, зноў вяртаюцца прадстаўнікі саюзных армій. Французскую службу прадстаўляюць палкоўнік Рампон і лейтэнант Пешкаў, а італьянскую – вядомы мастак і скульптар маркіз Клімент Арыго, якога ў штабе дывізіі чамусьці пазней ахрысцілі “маркіз Карлоцці”. У планы прадстаўнікоў ваеннай місіі ўваходзіў агляд участка прарыву фронту, вызначэнне пазіцый для атакі і знаёмства з магчымасцямі войска.

У гэты ж самы дзень адбылася падзея, якая моцна ўразіла і запала ў памяць рускіх салдат і афіцэраў. Штурмавы батальён 28-й пяхотнай дывізіі 20-га армейскага корпусу ў чатыры гадзіны дня павінны быў са станцыі Залессе адправіцца на пазіцыі, якія былі размешчаныя на поўдні ад Смаргоні, паміж вёскай Шалудзькі (цяпер вёска Светач) і Кунава.

Перад выстраенымі 40 афіцэрамі і 800 салдатамі Зіновій Пешкаў звярнуўся з наступнай прамовай. “Родныя браты! Мы, замежныя прадстаўнікі Францыі і Італіі, лічым для сябе вялікім гонарам прывітаць вас, храбрацоў, якія выпраўляюцца на пазіцыю... Мы змагаемся за адну агульную справу: за свабоду, роўнасць і братэрства ўсіх народаў, за іх квітненне, за права жыць і вольна дыхаць. …Памятайце, браты, што ад поспеху гэтай барацьбы залежыць ваша і наша свабода, і перамагчы цяпер вельмі лёгка, так як вораг не мае моцы – трэба яшчэ толькі адзінае намаганне”.

Пасля іншых прамоў і пажаданняў прадстаўнікі замежных місій папрасілі дазволу стаць побач з радавымі ў строй і павесці будучых самаахвярных герояў на пазіцыі. Такі дазвол быў атрыманы, і замежныя афіцэры разам з рускімі салдатамі адправіліся ў бок Шутавічаў.


У час наступлення ён наведвае 38-ы армейскі корпус пад Крэвам, дзе разам з камандуючым корпусу генералам Ю. Доўбар-Мусніцкім і іншымі прадстаўнікамі замежнай місіі сфатаграфаваўся на фоне нямецкіх ваеннапалонных.

Забаранілі заклікаць да перамогі

Вечарам палкоўнікі Рампон і Арыго ад’ехалі са штаба, а лейтэнант Зіновій Пешкаў застаўся і яшчэ некалькі дзён правёў у 28-й і суседніх дывізіях. Як адзначаў ва ўспамінах Я.Лісавой: “Зіновій Пешкаў часта выязджаў на пазіцыі, дзе знаёміўся з сапернікам, нашымі войскамі, трапляў пад абстрэлы, вяртаўся стомлены, але ні на адно імгненне вясёлы настрой не пакідаў яго”.

Як вядома, вакханалія ў рускай арміі прывяла да поўнага правалу ліпеньскага наступлення 1917 года і ніякае “адзінае намаганне” не магло ў тых умовах прынесці плёну. Далейшыя адносіны з гэтай рэвалюцыйнай уладай ў Зіновія не склаліся, Керанскі забараніў яму выступаць перад салдатамі з далейшымі заклікамі весці вайну да канчатковай перамогі. У адказ на гэты загад Пешкаў ад’язджае ў Францыю.


Хросны сын Максіма Горкага

Так скончыўся яшчэ адзін сумны эпізод у ваеннай кар’еры вядомай сёння асобы. Гэта гісторыя адбылася ў нашым рэгіёне, і пра яе варта памятаць. У савецкія часы амаль у кожным беларускім райцэнтры была вуліца імя Максіма Горкага, бо такія былі ў той час ідэалагічныя ўстаноўкі.

Безумоўна, творчасць вядомага ў свеце рускага пісьменніка і мысліцеля заслугоўвае і сёння нашай удзячнай памяці, хоць сам Горкі і не наведваў нашай роднай старонкі. Усім нам, а асабліва жыхарам аднайменнай вуліцы ў Смаргоні, завулка і чатырох праездаў Горкага ў Маладзечне, з’яўляецца яшчэ адна нагода ўспомніць не толькі рускага пісьменніка і драматурга, але і яго хроснага сына Зіновія Пешкава.

Уладзімір ПРЫХАЧ, Смаргонь.

Фота забяспечана аўтарам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На парыжскім праваслаўным некропалі Сент-Жэнеўе-дэ-Буа знаходзіцца магіла, на помнікавым камені якой выбіты просты надпіс: “Зіновій Пешкаў, легіянер, 16.10.1884 –...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика