Дзе спалілі тысячы красненцаў, там садзяць бульбу
05.04.2014
—
Разное
|
На месцы масавага знішчэння яўрэяў помнік паставілі прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці. Фота Зоі ХРУЦКАЙ. Чалавек у адной бялізне лез па драбіне, каб стаць на штабель забітых і параненых целаў сваіх блізкіх.Па ім стралялі, ён станавіўся адным цэлым са штабелем целаў, а следам ужо наступная ахвяра ступала на яго. Такіх былі тысячы. Потым будынак з целамі падпалілі, далівалі гаручае, варочалі, закопвалі астанкі... Так забівалі яўрэяў на таку ў мястэчку Краснае ў сакавіку 1943 года. Пазней на тым месцы пасялілі людзей, якія пасадзілі там бульбу. Памяць тысяч закатаваных мясцовых яўрэяў дзяржава не ўшанавала помнікам − яго паставілі прадстаўнікі яўрэйскай супольнасці. Закатавалі сотні чалавек Увагу грамадства на пытанне ўшанавання памяці яўрэяў звяртае краязнаўца з Краснага Аляксандр Харытон. Ён не адзін год прысвяціў таму, каб замучаных падчас вайны яўрэяў ушаноўвалі. Між тым, многія з яго суразмоўцаў упершыню чуюць ад яго, што падчас Другой сусветнай вайны ў Красным было гета. Сам краязнаўца памятае з дзяцінства, як яўрэяў, ужо распранутых да бялізны, везлі ў той ток. Больш ён даведаўся з расповедаў старэйшых жыхароў, якія бачылі, што адбывалася ў той дзень. І ён хоча расказаць пра гэта іншым, каб памяць пра замучаных людзей не знікла: − Па цяперашняй вуліцы Набярэжнай, на беразе Ушы ля вадзянога млына стаяў ток. Туды ўсіх яўрэяў звозілі. Іх забівалі, у ток заносілі і складвалі штабялямі целы. Быў такі доктар Гіршоўскі, які занёс туды сваю дачку, потым занёс жонку, потым заносілі яго − іншыя. Вы разумееце? І вось наклалі целаў столькі, што цяжка закідваць ужо наверх, так высока атрымалася. Тады да целаў прыставілі драбіны, змушалі лезці. І людзі лезлі і станавіліся на гэты штабель. Немцы паказвалі, куды стаць, каб быў роўны штабель, а пасля забівалі. Па адных звестках, там забілі дзве з паловай тысячы чалавек. Па іншых – чатыры тысячы. Сюды сагналі яўрэяў не толькі з Краснага, а і з Ільі, Іўя, Гарадка. Пасля ток падпалілі. Прыгадваюць, што енк быў страшэнны, многія ж былі толькі параненыя. Смурод стаяў некалькі тыдняў такі, што ў дамах нават немагчыма было дыхаць. − Я ўявіў сабе, што мяне таксама гоняць на гэты штабель, − дзеліцца краязнаўца. − Яны ўсе былі ў бялізне. Я ўявіў, што ў штабелі ляжыць мая дзяўчына, і я станаўлюся на яе нагамі, мая матка, бацька, сястра, суседка. І мяне, яшчэ жывога, заганяюць на іх. Калі ток згарэў, на гэта было страшна глядзець: абгарэлыя целы, галовы... І потым гэты штабель дапальвалі. Дзяржава не паставіла там ніводнага мемарыяльнага знака. На месцы тока пасялілі людзей, якія пасадзілі тут бульбу: “Гэта ж жыды”. Шасціканцовую зорку замянілі пяціканцовай Помнік на тым месцы паставіла яўрэўская супольнасць: спачатку метровую пірамідку, а пасля яе замянілі на гранітны помнік (на фота). Спачатку зверху гэтага помніка была шасціканцовая зорка. Пра гэта ў кніжцы “Таямніцы Краснага” ўзгадвае аўтар кнігі супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч. Краязнаўца дадае, што шасціканцовую зорку спілавалі, а паставілі пяціканцовую. На гэта месца прыязджаў ізраільскі маёр Сямён Грынгаўз, які і дамогся, каб паставіць сучасны помнік. У дзяцінстве ён цудам ўратаваўся ад знішчэння на таку: за два дні да трагедыі разам з маці пайшоў у суседнюю вёску шукаць, што паесці. А вярнуўся праз некалькі дзесяцігоддзяў і на адкрыццё помніка прывёз знакамітага рэжысёра Стывена Спілберга, каб зняў на гэту тэму фільм. Што значаць яўрэі для Краснага − Па вуліцы каля цяперашняга помніка танку стаялі дамы яўрэяў, − распавядае Аляксандр Харытон. − Гэта была зона іх кампактнага пражывання (глядзіце схему на карце). Фактычна, Краснае канчалася царквой. Вуліцы называліся Радашкавіцкая, Ільянская, Маладзечанская – па накірунках. Дамы былі драўляныя і часта гарэлі. Красненцы палічылі месца нядобрым і з’ехалі далей, да Плябані. Малюнак Зоі ХРУЦКАЙ. І тады, я думаю, сюды масава пачалі засяляцца яўрэі, а непадалёк паставілі пажарнае дэпо, якім валодаў яўрэй. Па чарзе мужыкі са сваімі конямі там дзяжурылі. І з таго часу, а гэта быў пачатак 20 стагоддзя, пажараў у Красным не было. Каля дэпо з’явілася рынкавая плошча, дзе шточацвер збіраліся. І апошні пажар быў у 1944 годзе, калі ўсё Краснае спалілі. Тут, уздоўж вуліц 17 Верасня і Набярэжнай, было іх гета, і сюды просіцца таксама памятны знак. Падзялілася гарохам пад страхам смерці Аляксандр Харытон зацікавіўся краязнаўствам на пенсіі, калі вярнуўся ў бацькоўскую хату з Мінска. І першае, што яго зачапіла, − менавіта недастатковае ўшанаванне памяці яўрэяў, якія загінулі падчас вайны ў Красным. Ён тлумачыць: − У маладзечанскай кнізе “Памяць” ёсць вытрымкі, колькі замучылі і знішчылі мясцовых жыхароў у той ці іншай вёсцы – тры, пяць, 17 чалавек. А тут жа тысячы спалілі на таку, а дзяржава пра іх памяць маўчыць. Гэта ж мясцовыя жыхары! Гэта такія ж красненцы! Яны па-беларуску размаўлялі! Краязнаўца тлумачыць, адкуль у яго такая зацікаўленасць яўрэйскай тэмай: − Я вучыўся ў школе, са мной вучылася дзяўчынка з ацалелых яўрэяў. На флоце разам са мной служылі яўрэі. Разам са мной яўрэі вучыліся ў інстытуце, я працаваў у адным праектным аддзеле з яўрэямі. І я неабыякавы да іх. Прыгадваю такі эпізод з дзяцінства. Яўрэям падчас акупацыі не дазвалялі хадзіць па адным, адразу забівалі. Мы вельмі бедна жылі. Неяк вечарам маці пражыла гарох − смажыла са шмальцам. І тут заскоквае ў хату яўрэй − адразу ў кут. І плача, а пах ад гароху ідзе. І маці стаіць, плача. Яна драўлянай лыжкай прынесла гарох, перасыпала ў рукі, а ён гарачы, яўрэй душыцца гэтым гарачым гарохам... Вайна ж. Калі б немцы ўбачылі, спачатку б яго ля ганку паклалі, а маглі вывесці і мяне з бацькамі і таксама пакласці. Але мы паставіліся адзін да аднаго па-людску ў фашысцкай акупацыі. Чаму цяпер, пасля вайны, мы па-людску не ўшануем іх памяць, а топчам прах і садзім бульбу там, дзе іх закатавалі? Вялікая дзяржава не абараніла іх жыцці, і вялікая дзяржава не ўшанавала іх памяць. 1944 год. Зоя ХРУЦКАЯ, “Рэгіянальная газета”. Кацярына КАСЦЕВІЧ, школа маладога журналіста пры “РГ”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек у адной бялізне лез па драбіне, каб стаць на штабель забітых і параненых целаў сваіх блізкіх.
|
|