Беларускія землі пад Расіяй. Гуманітарная катастрофа. 21.by

Беларускія землі пад Расіяй. Гуманітарная катастрофа

22.08.2014 15:28 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Мы паставілі за мэту паглядзець, як жывуць людзі на землях Беларусі, якія воляй сумнеўных палітычных рашэнняў апынуліся у складзе Расійскай Федэрацыі. Маршрут наш ахапіў Невель, Вялікія Лукі, Навасакольнікі, Пустошку, Ідрыцу, Себеж і разнастайныя дробныя вёсачкі па дарозе.




Вельмі хацелася ўбачыць на свае вочы расійскую глухамань, і зразумець, які адбітак на гэтыя землі наклалі іх новыя ўладальнікі. Што яны робяць, як клапоцяцца пра людзей і іхні дабрабыт, якімі перспектывамі жывуць.

Боль і крыўда — галоўныя і самыя моцныя пачуцці нашага падарожжа.
З тых самых часоў нашага агульнага савецкага перыяду, які мы памятаем па неверагоднай галечы, вострым дэфіцыце і ўбогасці матэрыялаў, што прымяняюцца ў будаўніцтве, у гэтым рэгіёне нічога не змянілася ані на каліва. Гэта тэрыторыі, на якіх час фактычна спыніўся.
Што мы пачулі на першай жа запраўцы ў Расіі, быў фрагмент рэпартажу пра падзеі ва Украіне. Дзяўчына з экрана тэлевізара паведамляла, што не будзе перабольшаннем назваць гэта сапраўднай «гуманітарнай катастрофай». І вось мы едзем па тэрыторыі Расіі і перад намі разгортваецца сапраўдная, а не ўяўная гуманітарная катастрофа ў поўным аб'ёме.


Невель

Невель — знявечаны горад. Агульная атмасфера неахайнасці, разбітасці і безвыходнасці. Гэта асяроддзе, якое прымушае цябе апусціць рукі, спіцца і пачаць праклінаць той белы свет, які жыве ў дабрабыце. Дзе-нідзе сайдынг і профнасціл, самыя танныя і неэстэтычныя матэрыялы, затуляюць сабою аблезлыя фасады гістарычных будынкаў. Сілікатная цэгла, пахіленыя драўляныя хлевушкі, помнікі архітэктуры, што развальваюцца на вачах і якія бадай што ніколі так і ня зведалі рамонту, горы смецця з някошанымі зараснікамі. Ходнікаў амаль нідзе няма. На здымках цэнтральная частка горада, рынак і фрагменты жылых двароў будынкаў у самым цэнтры (!) Невеля.

 

 

 

Убачыўшы наш вялікі фотааб'ектыў, да нас кінулася жанчына, падумаўшы, што мы рэпарцёры “са сталіцы”. Кажа, яны пішуць лісты ўжо шмат гадоў, у горадзе нічога не робіцца для добраўпарадкавання і для людзей. Адзінае, што было нядаўна зроблена, гэта новы асфальт каля будынку Адміністрацыі і аздабленне яго фасаду. А каб з Невельскага “пэрону” залезьці ў электрычку, трэба падстаўляць пад ногі зэдлік! Паказала дарогу на вакзал, каб сфатаграфавалі.

Дзіва-дзіўнае, у Беларусі людзі падыходзяць і пытаюцца, навошта вы фатаграфуеце, гэта нельга фатаграфаваць, а ў Расеі падыходзяць і просяць сфатаграфаваць яшчэ і там і яшчэ вунь тое. Няма надзеі ў сэрцы? Хіба што на дзівакоў з аб’ектывам.


Себеж

Не заўважылі мы павагі да помнікаў архітэктуры і гісторыі таксама і ў Себежы самым дагледжаным з усіх гарадоў рэгіёну. На здымках фрагменты будынкаў у цэнтры Себежу.

 

Здзівілі сваёй ладнасцю себежскія дарогі. Яны былі з разметкай, да апошняга дня падарожжа мы амаль забыліся на тое, як тая разметка выглядае. Жыхарка патлумачыла нам, чаму ў Себежы такія файныя дарогі: 

— Дык жа нічога дзіўнага, трудзягі нам гэтыя дарогі рабілі — беларусы. Спецыяльна паглядзела, ва ўсіх на аўто былі гарадзенскія нумары.

Разам з тым яна з гонарам паказала шыльду на сваім доме, дзе пад цяперашняй назвай вуліцы (Советская) красавалася гістарычная (Рыбацкая). Мы з зайздрасцю ўспомнілі сваю Францішканскую ў Мінску, суседнюю Магазінную і Падгорную, якія цяпер — Леніна, Кірава і Маркса…




— Мы вырашылі так зрабіць па прыкладзе суседняе вуліцы. Яны сабе такую шыльдачку самі зрабілі і прымацавалі. Вось мы з жыхарамі нашага дому таксама дамовіліся і памянялі. Сама ўжо 40 гадоў жыву ў Маскве, але родам з Себежу…

Разгаварыліся. Кажа, у Себежы раней вельмі шмат габрэяў жыло. Усе з'ехалі…

Як падобна гэта на гісторыю ўсіх нашых гарадоў. Вядома ж, рыса аседласці габрэяў ў Расійскай Імперыі была на землях колішняга Вялікага княства Літоўскага.

Сёлета Себеж адсвяткаваў сваё 600-годдзе. Гэтым і абумоўлена новае добраўпарадкаванне цэнтральнай часткі.

 

Аднак варта ступіць у бок і можна ўбачыць такое... Гэта таксама цэнтр Себежу.

 

Якраз па суседстве з гэтым смеццем прыцаніліся да прыгожага цокаля. Гаспадыня вырашыла прадаць нам яго за мільён расейскіх рублёў, але як толькі мы папрасілі перавесці кошт на зразумелыя нам даляры, кошт падрос — паўтара мільёны. Пералічыць на даляры яна не здолела, выклікала дачку. Дачка даведалася, што трэба палічыць, пабегла за калькулятарам…


Урэшце падлічыла, што прыгожы цокальны паверх, урослы ў зямлю побач з замкавай гарой, можна набыць за 40 з невялікім тысяч даляраў. Зверху па-над вамі на першым паверсе вы атрымаеце яшчэ чатырох ўладальнікаў сваіх кватэр. Але грошы вельмі патрэбныя, ўчастка няма, а есьці людзям нешта трэба. Дачцы ў гэтым годзе паступаць вучыцца, а на што і куды?.. Безвыходнасць і тут.

Раз-пораз, у Себежы ў мясцовых жыхароў праскоквала беларускае цвёрдае Ч.

Ускраіны ж Себежа маюць увогуле варты жалю выгляд.

Затое як удала мы паабедалі каля Леніна! Салянка, боршч, гуляш, пюрэ, сырнікі, дзьве кавы з вяршкамі, бутэлька мінералкі — за ўсё 10 даляраў. Салянка і боршч асабліва запомніліся: нам паставілі на стол дзьве аднолькавых телеркі і сказалі «салянка там, дзе цытрына».


Вёскі

Вёскі… Гэта ўжо край закінутасці. З трыццаці хат можа апынуцца жылой толькі адна. Гаспадар выходзіць, рады выпадковаму кантакту, распавядае, што, акрамя яго, тут яшчэ два дачніка, дазваляе сфатаграфаваць свой дом.


Закінутыя дамы амаль цалкам праглынуў бур'ян, калі зазірнуць у хату праз вокны, дык можна ўбачыць разабраныя падлогі і печы…

У адной вёсцы насустрач нам выехала жанчына на ровары са шклянымі вачыма. Упэўнена ехала акурат на машыну і не збіралася тармазіць. Тэрмінова прыйшлося здаваць узад метраў сорак, толькі такім чынам удалося пазбегнуць сутыкнення.

«Пошта Расіі» — адзіны рэдкі наведвальнік такіх вёсак.


Паштовы мікрааўтобус на нашых вачах імкліва развярнуўся на касагоры з травой па пояс. Тут ці так, ці на джыпе. На іх усе і імкнуцца ездзіць. Ліміт хуткасці ніхто не выконвае. Едуць столькі, колькі дазваляюць магчымасці — машыны і дарога. Працэс парушэння хуткаснага рэжыму нікога не цікавіць. За ўсе дні падарожжа мы не сустрэлі ніводнага чалавека ў форме, які б стаяў з жазлом на дарозе.

Мясцовыя старажылы вёсак ветлівыя і добрыя. Частуюць яблыкамі проста так: «— Набярыце пару мяшкоў з сабой", "— Ды дзякуй, куды ж нам столькі», «О, бярыце-бярыце». І потым доўга пра жыццё сваё распавядаюць — як мангал з аўтамабільнага дыска зрабіць, хто побач жыве, дзе масквічы і піцерцы ля вады ўчасткі прыдбалі...

Навабуд ў вёсках сапраўды справа рук дачнікаў з Масквы і Піцера. Аднак ніводнага прыгожага і сучаснага дома мы так і не ўбачылі. Усё гэта выглядае крыху лепей за самы просты і непрыемны дом з сілікатнай цэглы. Наогул, уся разгляданая намі тэрыторыя ўяўляе сабой асяроддзе нізкіх эстэтычных якасцяў. Самыя новыя дамы састарэлі яшчэ да свайго нараджэння. Цешаць вока толькі старыя драўляныя традыцыйныя хаты.

Двойчы ў вёсках мы прасілі набыць дровы за грошы. Двойчы іх нам дарылі і прапаноўвалі ўзяць болей. Карэнная жыхарка Ідрыцы, Рыма Іванаўна, расчулілася амаль да слёз: 

— А мой ты каток! Набяры яшчэ бяросты для распальвання.

За ўсё падарожжа мы сустрэлі толькі адзін дагледжаны драўляны дом, фасад якога быў нядаўна пафарбаваны. Ён пацешыў нас сваім з'яўленнем у вёсцы з дзіўнай назвай Карценкі, якая знаходзілася бліжэй за ўсё да беларускай мяжы.

Ехалі па новай мапе Пскоўскай вобласці, набытай на мяжы. Частка вёсак, якія яшчэ існуюць, на мапе ўжо адсутнічаюць. Наогул, складана ехаць, калі частка ўказальнікаў адсутнічае, вельмі рэдка дзе ўсталяваны знак «канец населенага пункта». Асноўная частка дарог — гравейкі, так што на метраў пяцьдзесят ад дарогі суцэльнай сцяной стаіць белы пыл…

Роўная, добрая дарога, якая пачалася ад мяжы, ледзь не ўвяла нас у зман. «Федэральная траса» мае невялікія «кішэні» з разметкай; калі ехаць хутка, то можа скласціся ўражаньне, што ўсе дарогі таксама добрыя. Аднак як толькі вы збочыце, праз 15 метраў вас сустракае гравейка або грунтоўка з ямамі.




Большасць дарог і ў гарадах у ямах і часта маюць дзіўныя неакрэсленыя межы. 


 
А вось прырода надзвычай прыгожая. Вазёры, маленькія і вялікія, з чыстай вадой, з добрымі падыходамі да вады. Цудоўныя месцы для адпачынку! Навошта расейцы едуць адпачываць да нас на лепельскія і браслаўскія, зусім незразумела. Колькасць турыстаў ля вады ў нас неверагодна вышэйшая, часта нават няма дзе паставіць намёт, там жа ты стаіш адзін на беразе — і ўся прырода належыць толькі табе.


Што яшчэ здзівіла – амаль нідзе абапал дарогі няма сельскагаспадарчых палёў. Адкрытыя тэрыторыі ўяўляюць сабой буйныя квітнеючыя лугі дзікіх траваў і красак. Прыгожа вельмі, аднак з чаго ж жывуць мясцовыя жыхары?..

Прыемны сюрпрыз: у Невельскай краме нам прадалі хлеб віцебскага хлебакамбінату «Альгерд» — выдатны прадукт на ўсім абшары ад Пскова да Бранска.

Варта адзначыць, што ўсе, з кім нам даводзілася гутарыць, на пытанне «Што вы тут робіце?» і наш адказ «Глядзім, што адбываецца з землямі, якія так і не вярнулі Беларусі» рэагавалі абсалютна нармальна.


Вялікія Лукі

Вялікія Лукі горад вялікі і нечым падобны на Мінск. Мы нават неяк расслабіліся й палагоднелі. Аднак хутка прыйшлі ў прытомнасць, калі адкрылі меню ў кавярні і на першай старонцы ўбачылі «Прейскурант на бой посуды», а на вуліцы — напэўна не часовае папярэджанне «Осторожно сосульки!».

 

Парк у Вялікіх Луках вялікі і прыгожы, аднак прысесьці на лавы неяк боязна, а ля ракі можна мыць свой хатні дыван!

 

 
Мы, архітэктары, захапляемся прыемнымі каляровымі спалучэннямі, тэкстурамі, пашарпанымі мурамі, на якіх час пакінуў свой адбітак. З захапленнем фатаграфавалі такі жылы двор маладосці нашых дзядоў, а тым часам жыхарка гэтага дома выказала сваё абурэнне з нагоды нашага захаплення і ўсё пыталася «Як, як гэта можа быць прыгожа?!» і «Калі ж мы дачакаемся рамонту?».


Рамонту чакаюць і іншыя будынкі.

 

«Вялікалукскі аграпрамысловы комплекс». Са здзіўленнем убачылі, што гэта прадпрыемства працуе.


Так, толькі боль, крыўда і злая іронія ад такой вандроўкі… Гэта забытыя землі, якія даўно не ведалі клапатлівай рукі гаспадара.
Заняпад былых беларускіх зямель катастрафічны. Зразумела, і ў нашых райцэнтрах, пашукаўшы добра, можна знайсці нешта падобнае. Але тут шукаць ня трэба — усё навідавоку, у самым цэнтры і на людзях.
 
Што паказальна, на мяжы пашпарты правяраў толькі расійскі бок. Беларусаў наогул няма на мяжы, ні перад Невелем, ні пасля Себежа. Здаецца мы ўжо мелі краіну, якая была прахадным дваром Еўропы, чым гэта скончылася, ведаюць усе...


Аляксандра Баярына. Архітэктар, архітэктурны крытык, сябра БСА, БСД, выкладчык кафедры “Дызайн архітэктурнага асяроддзя” АФ, БНТУ.



Вадзім Пракопчык. Архітэктар.

 

 


Гістарычная даведка

Невельскі, Себежскі і Вяліжскі раёны — бязспрэчна беларускія землі, якія былі ў складзе Вялікага княства Літоўскага да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Паводле перапісу насельніцтва 1897 года беларускае жыхарства там складала у Вяліжскім павеце 48,3%, у Невельскім - 89,5, у Себежскім - 91.

 




Паводле розных расейскіх дасьледчыкаў, гэты рэгіён трапляе ў этнаграфічныя межы беларусаў пачатку ХХ стагоддзя.




Яны ўваходзілі ў склад БНР, а таксама паводле Пастановы І з’езду Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі ад 30 снежня 1918 года мусілі увайсьці ў склад Савецкай Беларусі. Аднак паводле “Рыжскага міру” 1921 года урад Леніна самавольна, не дапусціўшы на перамовы прадстаўнікоў БССР, далучыў да Пскоўскай губерні РСФСР спрадвечныя беларускія паветы Вяліжскі, Невельскі, Себежскі, а таксама аддзячыў Латвіі за пасярэдніцтва беларускімі паветамі Люцынскім, Рэжыцкім і Дзьвінскім (сучасныя Лудза, Рэзэкнэ і Даўгаўпілс)

Менавіта Себеж, Невель і Вяліж неаднаразова і аж да 1926 году прасіў вярнуць камуністычны Урад БССР. Але ўсё было марна — «не знайшло падтрымкі» у расейскіх вярхох.

Дагэтуль усе тры гарады маюць сучасныя актуальныя афіцыйныя гербы з Пагоняй.

  
Сучасны герб Себежа, зацверджаны ў 1996 г. Сучасны герб Невеля, зацверджаны ў 2001 г.


Сучасны герб Вяліжа



Аляксандра БАЯРЫНА, Вадзім ПРАКОПЧЫК, архітэктары

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы паставілі за мэту паглядзець, як жывуць людзі на землях Беларусі, якія воляй сумнеўных палітычных рашэнняў апынуліся у складзе Расійскай Федэрацыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика