Топ вядомых і невядомых фактаў да 25 годдзя гурта «Крама»
09.11.2016 11:34
—
Разное
|
Легендарнаму беларускаму гурту «Крама» спаўняецца 25 год. Нават цяпер, калі ў свеце шоў-бізнесу запанаваў дэнс-электра-поп, на іх рок-канцэрты імкнуцца трапіць не толькі пасівелыя рокмэны «старой школы», для якіх словы «блюз», «рытм-энд-блюз», «рок-балада» -- не проста стылістычныя тэрміны з Вікіпедыі. Важна, што музыку «Крамы» паважаюць (як мінімум!) і наведваюць канцэрты прадстаўнікі пакаленняў «Х» і «Z», якія па праву могуць лічыцца равеснікамі гурту. Здаўна гурт «Крама» лічыцца адным з самых прадуктыўных хіт-мэйкераў, а таму і мае статус легенды айчыннай рок-сцэны. Музыканты гурта і іх лідар Ігар Варашкевіч ужо шмат гадоў радуюць і захапляюць слухачоў незабыўнымі хітовымі кампазіцыямі, якія з першых слоў кранаюць самыя патаемныя струны чалавечай душы. Ну а фірмовы «крамаўскі» гук? Толькі дзеля яго і можна было б схадзіць на чарговы канцэрт уладальнікаў першай «Рок-кароны-1994»! А пакуль усім аматараў творчасці беларускага гурта «Крама» мы прапануем успомніць некаторыя старонкі творчага жыцця музыкантаў і іх унёсак у развіццё айчыннай рок-сцэны. --«Крама» утварылася ў 1991 годзе і яе касцяком сталі музыканты гурта «Рокіс» -- Ігар Варашкевіч (мелодыі, гітара, спеў, гармонік вусны), Сяргей Трухановіч (гітара), Ілля Шэўчык (гітара), Руслан Праўда (бас), Анатоль Горбач (бубны), Андрэй Белізяк (гукарэжысёр), Зміцер Лукашук (тэкставік). Такую назву музыканты абралі таму, што, як іранізаваў І.Варашкевіч: «Бескоштоўная рэклама нам з такой назвай была б забяспечана па ўсёй Беларусі – у сталіцы, у раённых гарадах, у вёсках, усюды, дзе ёсць гандлёвыя кропкі ці з шыльдамі «Крама». --Гурт стаў пераможцам рок-фестывалю «Басовішча-1992», у якім дэбютаваў у конкурсе маладых выканаўцаў. У 1994 годзе «Крама» стала першым пераможцам «Рок-каранацыі» і ўладальнікам «Рок-кароны-1994», як найлепшы беларускі рок-гурт. Ігар Варашкевіч успамінае той час: «Арганізатары першай айчыннай музычнай прэміі ўручылі нам «Рок-карону» ў прысутнасці тагачаснага міністра культуры Беларусі А.Бутэвіча, нас віталі кампазітар Э.Ханок, спявак В.Вуячыч. Была сапраўды цудоўная, святочная атмасфера!» -- Акрамя «Рок-кароны-94», удзельнікі «Крамы» не раз адзначаліся спецыяльнымі «Рок-каронамі». Так 1995 годзе музыканты былі названы пераможцамі ў намінацыі «За адданасць жанру», у намінацыі «Традыцыі і сучаснасць» (1999), за «Лепшы альбом году» («Хавайся ў бульбу»). Гурт таксама стаў уладальнікам прыза ў намінацыі «За ўнёсак» прэміі Rock Profi ў сувязі з 20-ці годдзем выдання дэбютнага альбомаў «Крамы». ----У 1994 годзе музыканты гурта «Крама» занялі першае месца на буйным маскоўскім рок-фэсце «Пакаленне-94». Удзельнік гурта Сяргей Трухановіч быў прызнаны лепшым гітарыстам фестывалю і атрымаў у падарунак фірмовую электрычную гітару. Пасля гэтага поспеху расійскае тэлебачанне прадставіла права «Краме» выступіць у прамым эфіры на рэйтынгавым музычным шоу «Праграма А». Неафіцыйна музыкантам былі прапановы перайсці з беларускай на расейскую мову ў песнях, каб без праблем выйсці на тамтэйшы рынак. На што І.Варашкевіч і яго сябры адказалі адмовай: «Не здрадзім!» --У дыскаграфіі «Крамы» 8 паўнафарматных альбомаў, 1 канцэртны дыск, 1 дыск з лепшымі песнямі «The Best». Песні гурта выдаваліся на 14 складанках і фанаграфічных праектах. Таксама ў актыве «Крамы» адзін сінгл, выдадзены асобным CD – кавер Enjoy The Silence, зроблены спецыяльна для праекта Personal Depeche з «крамаўскім» каверам на гэту кампазіцыю гурта Depeche Mode. --Па выніках праекту партала Tuzin.fm «Сто найлепшых беларускіх песень» наступныя творы гурта «Крама» былі прызнаны пераможцамі праекту: «Гэй там, налівай!» (музыка ўдзельнікаў гурта, словы Зм.Лукашука), «Гомельскі вальс» (музыка І.Варашкевіча, словы Зм.Лукашука), «Будзь разам з намі» (музыка І.Варашкевіча-А.Лявончыка, словы Зм.Лукашука), «Бяжы хлопец» (музыка І.Варашкевіч, словы Зм.Лукашука). Апошняя з названых кампазіцый гурта «Крама» стала стартавай у саўндтрэку да культавага відэафільму «Незвычайны канцэрт» (2000). --У 1993 годзе брытанскія прадзюсары вырашылі наведаць былыя рэспублікі СССР, з мэтай пошуку новыя таленты на постсавецкіх прасторах. Асноўнай мэтай іх падарожжа была Расія, але ехалі яны туды праз Беларусь. Тут яны трапілі на адзін з open air’аў з удзелам «Крамы» у Мінску. Брытанцы адразу прапанавалі музыкантам кантракт на выданне ў Брытаніі васьмі альбомаў і адразу вярнуліся ў Лондан. На жаль, часу і сродкаў хапіла толькі на адзін, але які! Гэта быў альбом на англійскай мове «Vodka on ice», назву якому далі самі брытанцы з камерцыйных меркаванняў. Альбом меў добрыя водгукі і ратацыю на брытанскіх радыёстанцыях, заўважаны слухачамі, асабліва на радзіме, дзе дыск «Vodka on ice» стаў фанаграфічнай рэдкасцю. Таму выдавецкая кампанія БМА-group у 2003 годзе перавыдала рарытэт у аўтэнтычным афармленні. --«Крама» у 2002 годзе выступіла на экалагічным фэсце «Мікрасфера», які праходзіў у польскай частцы Белавежскай пушчы. На гэтым фэсце музыканты гурта былі ўганараваны прызам «За прапаганду беларускай мовы і культуры за мяжой і на радзіме». -- Музыканты гурта «Крама» супрацоўнічаюць з многімі запрошанымі музыкантамі, у тым ліку, да прыкладу, з гітарыстамі Аляксандрам Газізавым, Аркадзем Юшыным і Леанідам Веренічам, якому музыканты прысвяцілі асобную песню «Сябра мой Вярэніч Лёнік» Трывалае сяброўства і сумесные канцэрты аб’ядноўваюць гурт «Крама» з вядомым расійскім выканаўцам блюзу Мікалаем Аруцюнавым. Пад час супрацоўніцтва ў рамках праекту «Мікалай Аруцюнаў & Blues Barbarians» быў запісаны альбом «Live in Minsk», а на сумесных канцэртах Мікалай Аруцюнаў (па адукацыі філолаг) па-беларуску выканаў разам з «Крамай» шмат кампазіцый, у тым ліку і такія «крамаўскія» хіты, як «Бяжы, хлопец» і «Выпі са мной да дна». --Да 10-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС музыканты гурта разам з кіраўніком ансабля «Сябры» Анатолем Ярмоленкам, лідарам гурта «Палац» Алегам Хаменкам, спевакамі Змітром Вайцюшкевічам і Веранікай Кругловай запісалі «Гомельскі вальс» (музыка І.Варашкевіча, словы Зм.Лукашука). На гэтую песню Ягорам Хрусталёвым быў зняты кліп, якія трансляваўся на шырокую аўдыторыю толькі раз. Як зазначыў Ігар Варашкевіч, разважаючы над вытокамі замоўчвання «Гомельскага вальса» на радыё і ТВ, прычына ў тым, што ў песні гаворыцца пра трагічны лёс усяго беларускага народа. --«Крама» -- адзін з паспяховых аўтараў беларускамоўных кавераў замежных рок- і поп-хітоў. Так у творчым багажы каверы такіх эвергрынаў, як «Bella Ciao» -- італьянская народная песня ўдзельнікаў антыфашысцкага супраціву, альбо хіт Рэя Орбісана «Pretty Woman» («Прыгажуня») ці «Сюзана» з рэпертуару галандскага гурта The Art Company, якую ў нас ведаюць у выкананні А.Чэлентана. Таксама, у рэпертуары шмат іншых апрацовак, запісаных спецыльна для адмысловых праектаў, прысвечаных сусветна вядомым зоркам рок-музыкі: гурта Depeche Mode -- Enjoy The Silence (праект Personal Depeche), Pink Floyd -- Another In The Wall (праект «Беларускі глёбус»). -- у 2008 годзе на фестывалі «Кліп-марафон» музычнае відэа гурта «Крама» на песню «Падае дождж» (рэжысёр А. Асадчы) было прызнана лепшым. -- Для футбольнага клуба «Дынама-Брэст» гурт «Крама» стварыў гімн каманды. У яго аснову лягла мелодыя песні «Бяжы хлопец» на новы тэкст. Прэзентацыя гімна брэсцкага клуба адбылася пад час канцэрта «Дынама-Брэст Рок-Фэст», які адбыўся ў рамках падрыхтоўкі да матчу з бабруйскай «Белшынай». Безумоўна, усё гэтыя факты не могуць поўнасцю адлюстраваць багаты творчы шлях і даробак беларускіх музыкантаў. Але іх лёс, як і лёс іншых «генералаў айчыннага року», сведчыць: таленты ў нашай краіне не перавяліся і яны маюць патрэбу ў падтрымцы. І прыхільнікі айчыннай рок-музыкі маюць магчымасць гэта зрабіць: 12 лістапада ў канцэртнай зале «Prime Hall» пры падтрымцы сяброў з гуртоў Neuro Dubel, Trubetskoy, J:Морс, «Палац» адбудзецца юбілейны канцэрт «Крамы». Там можна будзе атрымаць адказ на пытанне: «Што дапаможа нам?» -- «Толькі рок-н-рол!» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Легендарнаму беларускаму гурту «Крама» спаўняецца 25 год.
|
|