Святая наша родная зямля… Сустрэчы з "Малітвай" - фото
20.03.2018 06:19
—
Разное
|
Тыдзень праваслаўнай кнігі азнаменавалі раённая канферэнцыя вучняў “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва” ў СШ №2 г. Лунінца, гутаркі свяшчэннаслужыцеляў у цэнтральнай бібліятэцы, а кульмінацыяй сталі музычна-літаратурныя сустрэчы. Ганаровымі гасцямі шэрагу ўстаноў адукацыі былі “жывы пісьменнік” (як абвясціў адзін з вучняў) Міхась Скобла і спявачка камернага хору Белдзяржфілармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава. У гімназіях Мікашэвічаў і Лунінца, у СШ №1 райцэнтра гучалі вершы і песні, разважанні аб “пяцісотгоднасці” – падставу ганарыцца нацыянальнай мовай 500 год таму даў беларусам Францыск Скарына, прысвячэнні Лунінцу і іншым невялікім паселішчам – “роднаму куту”, што стаў самым дарагім сэрцу як месца нашага паяўлення на свет. На сустрэчы з 11-класнікамі СШ №1 г. Лунінца да сталічных гасцей далучыўся настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь. Прадставіўшы выставу выданняў “Прыгажосць Божага свету”, свяшчэннік падзякаваў паэту і спявачцы за чарговае наведванне глыбінкі Палесся (у мінулы раз Таццяна і Міхась выступалі ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма). Дарослыя і юныя лунінчане захапляліся і песняй “Магутны Божа”, і вершам “Малітва” (такой была першая назва) са шчырым пажаданнем нашаму гораду: У імя Святога Духа, Сына і Айца Пройдзе хай бяда і скруха міма Лунінца! Сапраўдная літаратура немагчыма без духоўнага стрыжаня, а малітоўнасць выкананых твораў прынесла і асалоду, і інфармацыю да развагі... Айцец Сергій блаславіў гасцей на доўгі шлях і развітаўся з удзельнікамі сустрэчы – прыхаджане чакалі свяшчэнніка на вячэрняе Богаслужэнне. Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара. P.S. Раніцай па электроннай пошце атрымала ліст ад Міхася Скоблы. “Даехалі на малітве. Спадарыня Тацьцяна! Дзякуй за сустрэчы і за цеплыню! Дабіраліся ў Менск з прыгодамі. Я, разява, забыўся ў Лунінцы заправіцца. Бак быў абсалютна пусты. Апомніўся толькі за Бастыньню (мы паехалі на Ганцавічы). Калі ўжо, як кажуць лётчыкі, была пройдзена "кропка невяртаньня". Але мы памяталі, што айцец Сергій за нас моліцца. Да Люсіна мы даехалі на яго малітве. У Люсіне машына заглохла і кацілася, пакуль кацілася. І прыкацілася да чалавека, які стаяў на вуліцы і размаўляў па мабільніку. Дагаварыў і падышоў да нас – што здарылася? Сказаў, што нашу праблему ён вырашыць за хвіліну. Пайшоў у двор і прынёс цэлую каністру з бензінам. Мне трэба было літры 2 – да запраўкі. Ён мяне ледзь не сьлёзна ўпрошваў, каб я заліў цэлую каністру! Бясплатна, і казаў так: "Проста бачу, што вы харошыя людзі". Урэшце я заправіў 3 літры і ледзьве-ледзьве ўвапхнуў яму ў кішэню нейкія рублі. Вось што сатварае сьвятарская малітва! Перадайце айцу Сергію нашу ўдзячнасьць! М.С.”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тыдзень праваслаўнай кнігі азнаменавалі раённая канферэнцыя вучняў “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва” ў СШ №2 г. Лунінца, гутаркі...
|
|