У пачатку гэтага года пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй адчыніў дзверы «Родны кут» у вёсцы Сямігосцічы.
Рамантаваць яго пачалі восенню. Работы вяліся хуткімі тэмпамі. Зараз плошча павялічылася амаль удвая і складае 170 квад-ратных метраў. Усё ўнутранае абсталяванне новае: ад паліц да халадзільных установак. Паколькі ў магазіне працуе сістэма самаабслугоўвання, пакупнік можа не спяшаючыся выбіраць тавары. Тым больш, што асартымент прыкметна павялічыўся: больш прадаецца малочнай, рыбнай, мясной прадукцыі. Стаў большы выбар і прамысловых тавараў: ад пральных парашкоў да газавых пліт. Для зручнасці ёсць камеры захоўвання, каляскі і карзіны. Існуе сістэма скідак. Размешчаны “Родны кут” на галоўнай вуліцы, ёсць пад’езд і гэта таксама станоўча адбіваецца на таваразвароце.
Безумоўна, такое маштабнае пераўтварэнне магазіна патрабавала і значных сродкаў. Усяго было выдаткавана 125 тысяч рублёў.
Як адзначыў дырэктар Альшанскага філіяла раённага спажыўтаварыства Аляксандр Мікалаевіч Скрабец, таваразварот у магазіне пасля мадэрнізацыі павялічыўся прыкладна на 20 працэнтаў. На пэўныя тавары паступаюць заказы ад насельніцтва, якія задавальняюць у максімальна кароткі тэрмін.
Але ж сэрцам любога магазіна з’яўляецца калектыў.
Загадчык Наталля Сцяпанаўна Альгамец – работнік вопытны, больш за 15 гадоў працуе ў гандлі і ўзначальвае магазін ужо сем гадоў.
Людміла Васільеўна Феалогава пачынала працаваць у магазіне № 14 Альшанскага філіяла ў Альшанах, які зараз таксама носіць назву “Родны кут”. І сем гадоў са сваёй абаяльнай усмешкай сустракае пакупнікоў у Сямігосцічах.
Вольга Міхайлаўна Траццякевіч мае стаж восем гадоў, Марыя Свірыдаўна Пінчук – шэсць і Ганна Міхайлаўна Пінчук – пяць гадоў. Нягледзячы на гэта, дзяўчаты зарэкамендавалі сябе як сапраўдныя прафесіяналы.
– Галоўнае – патрэбныя словы, – у адзін голас называюць сакрэт поспеху прадаўцы. – Людзі ж бываюць розныя, і да кожнага трэба мець свой падыход. Адзін чалавек забяжыць, хутка набудзе неабходны тавар і далей пабяжыць па сваіх справах. Другі ж будзе доўга распытваць, параўноўваць кошт, цікавіцца, хто вытворца. І гэта яго права. Патлумачыць, расказаць, параіць пакупніку – таксама наша работа. А бывае, што чалавек хоча проста пагаварыць, асабліва тычыцца гэта жыхароў старэйшага пакалення.
Летам многа прыязджае адпачываючых на раку Прыпяць, што цячэ па-за вёскай. Таму часта сустракаем пакупнікоў і з нашай сталіцы, і з іншых гарадоў краіны. Неаднойчы завітвалі госці з Расіі і Украіны.
– Значыць, у нейкім сэнсе прадавец з’яўляецца псіхолагам?
– Можна сказаць і так. Некалькі прыемных слоў – і настрой адразу ўздымаецца. У нашым калектыве дзейнічае строгі прынцып: якія б дома ні былі праблемы, іх на работу “браць” нельга. Разам з тым дзейнічае правіла ўзаемавыручкі, калі адзін аднаго абавязкова падстрахуе ў розных выпадках, – расказвае Наталля Сцяпанаўна.
Пакуль размаўляла з дзяўчатамі, пакупнікі дадавалі: «Яны ў нас самыя лепшыя»! Далучаюся да гэтых слоў і я. А таксама віншую калектыў з 8 Сакавіка, жадаю дабрабыту і цудоўнага настрою!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара