Каманды “ВЭМСОГ” сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка і “Дэманы” сярэдняй школы № 2 г. Століна 14 сакавіка прынялі ўдзел у фестывалі Брэсцкай абласной лігі Клуба Вясёлых і Знаходлівых.
Дваццаць пяць каманд з розных рэгіёнаў краіны і Брэсцкай вобласці пажадалі гуляць у сезоне 2018 года, тэма якога – “Маладзёжны сезон”. Сярод іх былі як школьныя каманды, так і каманды студэнтаў.
Выступленне каманд было разбіта на пяць блокаў. Столінскія каманды выступалі з прывітаннем у першым блоку: “Дэманы” адкрывалі гульню, а “ВЭМСОГ” завяршаў.
– Канешне, было складана, – дзеліцца кіраўнік каманды, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Алена Іванаўна Логвінава. – Праграма прайшла рэдактуру, давялося на хаду пісаць новыя жарты, мяняць сцэнарый выступлення. Да таго ж у камандзе цяпер толькі трэцяя частка ігракоў старога саставу. Ды рабяты паказалі выдатную гульню і атрымалі самыя высокія балы, тым самым зарабілі пропуск у чвэрць фіналу.
Добрая гульня дазволіла і камандзе “Дэманы” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік Наталля Мікалаеўна Кананчук, настаўнік музыкі) прайсці ў адну чацвёртую гульні.
Нагадаю, што каманда “ВЭМСОГ” (Весёлые, Энергичные, Молодые, Симпатичные, Одарённые Городчуки) 27 сакавіка будзе прадстаўляць Брэсцкую вобласць у фінале VІІ рэспубліканскага турніру школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай”.
Галіна ГАШЧУК