Ужо некалькі гадоў я займаюся даследчай дзейнасцю, вывучаю тапонімы маёй малой радзімы. А пачыналася ўсё з вывучэння паходжання айконіма Корнадзь…
Кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць. Хвалю, слаўлю ў меру сіл і здольнасцей і я тыя мясціны, дзе нарадзіўся і расту, бо ведаю: няма лепшага раю ад роднага краю.
Як не любіць сваю маленькую радзіму, сваю вёсачку Корнадзь, тое месца, дзе я правёў свае першыя гады жыцця, вымавіў свае першыя словы, зрабіў першыя крокі! Гэта тое месца, куды заўсёды хочацца вярнуцца, дзе асабліва востра адчуваецца повязь часоў, кроўнае адзінства з продкамі. У родных мясцінах і дыхаецца лягчэй, і неба выглядае больш сінім. А самае галоўнае – людзі раднейшыя.
На жаль, сучаснае грамадства паступова губляе сувязь з гістарычным мінулым сваёй краіны. Узнікае пытанне: а чым мы, моладзь, можам дапамагчы сваёй малой радзіме? Калі мы не можам уратаваць знікаючыя вёскі, то можам захаваць хаця б памяць аб іх для будучых пакаленняў. Калі не зрабіць гэтага зараз, то ўзнавіць у будучым будзе проста немагчыма.
Гісторыя паходжання назвы вёскі Корнадзі доўгі час чакала свайго даследчыка. Зусім не засталося архіўных дакументаў аб яе мінулым. У навуковых працах вядомых краязнаўцаў Гродзеншчыны І. Бубновіча, М. Даніловіча, А. Цыхуна і іншых не вызначаецца паходжанне айконіма Корнадзь. У даследчай працы “Асаблівасці паходжання айконіма Корнадзь: лінгвакраязнаўчы аспект даследавання” мною была зроблена спроба сабраць усе версіі паходжання назвы мясцовасці, устанавіць, па якіх прыкметах, прычынах вёска атрымала сваю геаграфічную назву.
Айконім Корнадзь, мяркуюць старажылы, мог атрымаць сваё “імя” ад прозвішча пана Карнача ці ад ракі Корнадка (Корнадзь). Некаторыя лічаць, што назва паселішча ўтворана ад слоў “корань”, “корч”. Айконім Корнадзь не мог атрымаць сваю назву ад прозвішча пана Карнача, паколькі няма архіўных дакументаў, якія б пацвярджалі, што такі пражываў у дадзенай мясцовасці.
Пры аналізе тапоніма Корнадзь былі разгледжаны звесткі з розных гістарычных крыніц, меркаванні многіх навукоўцаў і даследчыкаў, што дазволіла аб’ектыўна ацаніць і параўнаць прынятыя пункты гледжання на ўтварэнне гэтай назвы. Быў зроблены параўнальны аналіз вёсак Корнадзі і Моўчадзі, звернута ўвага на меркаванне вучоных наконт паходжання назвы вёскі Моўчадзь (Баранавіцкі раён): ад ракі Моўчадзь. У выніку працы над тэмай было вызначана, што тапонім Корнадзь мае балцкае паходжанне і ў перакладзе азначае “вада, паток, лыка”.
Быццам бы, зроблена многа, але, калі агледзецца навокал, бачна, што наш край мае яшчэ вялікія пласты недаследаванай тапаніміі. Што маецца на ўвазе? Па-першае, гэта назвы зніклых вёсак, хутароў, леснічовак, засценкаў, фальваркаў. І такіх найменняў назбіраецца многа. А гэта таксама значная скарбонка нашай гісторыі і культуры. Таму прадстаўленая работа і стала асновай для працягу больш шырокіх і глыбокіх даследванняў у гэтым накірунку.
Мікіта ЛЫСЕВІЧ,
вучань 9 класа Корнадзьскага ДС БШ.