Сёлета Зэльве спаўняецца 760 год. Слаўны шлях прайшла яна за гэты даволі значны адрэзак часу. У вянку невялікіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў Зэльве належыць пачэснае месца па многіх паказчыках: і па ўзросце, і па адметнасці яе гісторыі, і па развіцці эканомікі і культуры, і па архітэктурным абліччы. Месцараспалажэнне, працоўныя і баявыя традыцыі, лёс слынных яе сыноў і дачок, высокая грамадзян-ская годнасць сённяшніх жыхароў, настойліва зберагаючых і прадаўжаючых традыцыі сваіх продкаў, – аб усім гэтым “Праца” нагадае сваім чытачам у спецыяльным праекце “Зэльва: шлях даўжынёю ў 760 год”, які прымеркаваны да Года малой радзімы.
Засяленне тэрыторыі сучаснага Зэльвенскага раёна пачалося ў сярэдзіне мезаліту (сярэдняга каменнага веку), які ахоплівае прамежак часу паміж IX і IV ст. да н.э. У эпоху неаліту (першая пал. IV– рубеж III–II ст. да н.э.) – новага каменнага веку колькасць паселішчаў значна павялічылася.
Вядомы беларускі археолаг Л.Д. Побаль у кнізе «Древности Белоруссии в музеях Польши» піша, што на тэрыторыі пасёлка быў знойдзены «топорик из серо-зелёного камня длиной 6,5 см, шириной 4,5 см, толщиной 2,5 см». Такая ж сякера, толькі некалькі большая, была знойдзена каля в. Івашкавічы. Гэта пацвярджаюць і старажытныя крэмневыя шахты ля Краснага Сяла на Ваўкавышчыне, знаходкі ля в. Дзярэчын на Зэльвеншчыне, на беразе ракі Шчары ў Слонімскім раёне (стаянка першабытнага чалавека бронзавага веку) і пазнейшыя знаходкі жалезнага веку (гарадзішча на правым беразе ракі Зальвянкі, дзе пазней пабудаваны касцёл).
Бясспрэчна і тое, што розныя этнасы жылі на гэтай тэрыторыі: і балты, і яцвягі, а затым славяне. Згодна з «Аповесцю мінулых гадоў» («Повесть временных лет») племянныя ўсходнеславянскія саюзы крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў пранікаюць на тэрыторыю сучаснай Беларусі, у IX – пачатку XII ст. уваходзяць у склад Старажытнарускай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. З X стагоддзя пачынаецца барацьба Кіева (а затым Галіцка-Валынскага княства) з літоўскімі плямёнамі, у прыватнасці, з яцвягамі, якія не аднойчы рабілі набегі на старажытна-рускія землі.
З канца XII – першай паловы XIII ст. пачынаецца хуткі рост Верхняга Панямоння, тэрыторыі, якая ў гістарычнай літаратуры, пачынаючы з XIV ст., называецца “Чорнай Руссю”. Яна абмяжоўвалася Наваградскім і Слуцкім паветамі Мінскай губерні, Ваўкавыскім і Слонімскім паветамі Гродзенскай губерні, уваходзіўшымі ў той час у склад Заходняй Русі.
Гэты раён Беларусі доўгі час быў пад уплывам кіеўскіх уладароў, затым мелі тут свае інтарэсы князі Полацкага, Турава-Пінскага, Галіцка-Валынскага княстваў, а з 40-х гадоў XIII ст. займеў ён над сабой уладу літоўскага князя Міндоўга, рэзідэнцыяй якога стаў горад Навагрудак. Менавіта з гэтага часу і пачынаецца Наваградскі перыяд у гісторыі Беларусі, звязаны з утварэннем Вялікага княства Літоўскага. Доўгі час Навагрудак (Новагародок) быў галоўным горадам княства, а іншыя ўдзельныя землі прадаўжалі кіравацца сваімі князямі, у тым ліку Ваўкавышчына і Слонімшчына, у склад якіх уваходзілі і землі Зэльвеншчыны. Свайго княства Зэльвенская зямля не мела. Яе развіццё да 1569 года праходзіла ў саставе Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У гэтыя часы Зэльва мела Магдэбургскае права, праўда, як і іншыя беларускія гарады і мястэчкі з абмежаваным самакіраваннем. Яе жыхары займаліся, акрамя земляробства, многімі рамёствамі: дрэваапрацоўчым, ганчарным, ткацкім, швейным, паступова ўсё болей уцягваліся ў гандлёвыя адносіны. У 1564–1566 гадах Зэльва і акруга ўвайшлі ў Навагрудскае ваяводства, а пасля Люблінскай уніі 1569 года – у састаў Рэчы Паспалітай першай, а пасля трэцяга яе падзелу ў 1795 годзе аказаліся ў лоне Расійскай Імперыі.
Калі ўзнікла Зэльва? Які год мы павінны лічыць годам яе нараджэння? Варта адзначыць, што «афіцыйны» ўзрост любога населенага пункта пачынаецца з моманту яго ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах. Але археолагі сведчаць, што кожны з гарадоў, гарадскіх пасёлкаў, мястэчкаў і г.д., і Зэльва тут не выключэнне, а хутчэй заканамернасць, старэйшы за свой афіцыйны ўзрост на паўтара–два стагоддзі. I гэтае сведчанне падмацоўваецца фундаментальнымі працамі па гісторыі і археалогіі Беларусі, у тым ліку і матэрыяламі такой важнай у гэтым плане кнігі, як “Гарады Беларусі па летапісах і раскопках (IX – XIII ст.)”, у якой на змешчанай там карце нанесены гарады гэтай “узроставай групы”. I хоць Зэльвы на ўзгаданай карце няма, але ёсць цікавае сведчанне ў Іпацьеўскім летапісе пад 1258 годам. Летапіс сведчыць, што ў час барацьбы Галіцка-Валынскага князя Даніла Раманавіча з сынам Міндоўга Войшалкам і пляменнікам Таўцівілам, забіўшых княжыўшага ў Навагрудку сына Даніла Раманавіча Рамана Данілавіча, быў здзейснены паход у Панямонне. Даніла Галіцкі ўзяў Ваўкавыск і захапіў у палон князя Глеба, а ваяводу свайго Mixаіла пасылаў ваяваць па Зэльве, шукаць там Войшалка i Таўцівіла, якіх не знайшоў у Ваўкавыску. Значыць, да гэтага часу Зэльва існавала ўжо не проста як населены пункт, а як істотны стратэгічны вузел.
Ёсць яшчэ адна дата «афіцыйнага» нараджэння Зэльвы – 1443 год. У гэтым годзе князь ВКЛ Казімір I Ягелончык (1440 – 1492) загадаў пабудаваць у 3эльве праваслаўную царкву, выдаўшы з гэтай нагоды прывілеі.
Царква была пабудавана, з цягам часу, пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года, пераўтворана ва ўніяцкую. I нарэшце прынята яшчэ адна дата нараджэння Зэльвы – 1470 год. У трэцім томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” на старонцы 455 чытаем: “Першыя пісьмовыя звесткі пра Зэльву, размешчаную на левым беразе ракі Зальвянкі (прытоку Нёмана), адносяцца да 1470 года, калі Міхаіл Начовіч залажыў у сяле Вялікая Зэльва касцёл святога апостала Якуба і Міхаіла Архангела. У 1477 годзе касцёл быў заснаваны і ў маёнтку Малая Зэльва, якім валодаў Іван Гінейтавіч”.
А цяпер аб тым, адкуль Зэльва ўзяла сваю назву. Даследчыкі не аднойчы спрабавалі знайсці адказ на гэтае пытанне, але да
адзінства так і не прыйшлі. Вядомы беларускі тапаніміст В.А. Жучкевіч у кнізе “Чаму так названа” сцвярджае, што само слова “Зэльва” балцкага паходжання. Даслоўна ён піша так: “Зэльва – гарадскі пасёлак. Яна мае назву балцкага паходжання. Абазначае нейкую сельскагаспадарчую культуру. Назва мясцовасці, ракі і пасёлка мае аднолькавыя вытокі”. Другія ж мяркуюць, што назва мястэчка пайшла ад роду князёў Сапегаў, якія ў першай палове ХVІІ ст. сталі ўладальнікамі Зэльвы. Справа ў тым, што ў маёнтку Сапегаў была алея, па баках якой размяшчаліся скульптуры львоў з адкрытымі па-шчамі – “зевамі”. Адсюль і назва – Зэльва – “зеў – льва”. Як бы і лагічна, але па часе не супадае.
Наступны падыход – паселішча Зэльва атрымала сваю назву ад размяшчэння на рацэ Зальвянцы, як Полацк – на Палоце, Пінск– на Піне і г.д. Тым больш што рака Зальвянка перадала сваю назву і населеным пунктам – вёсцы Зельзіна каля Ружан і Зяльвянам, што знаходзіцца пры злучэнні Зальвянкі з Нёманам каля Мастоў. Але адкуль жа сама рака, некалі паўнаводная і судаходная, атрымала сваю назву? Дарэчы, першапачаткова яна называлася Зэльвея. У аснове гэтай назвы ляжыць слова “залёва” – месца паводак у веснавую пару, калі вада залівала вялікія прасторы, ад зялёнага колеру поймы ракі. Хутчэй за ўсё, і на гэтым сходзіцца большасць навукоўцаў і аматараў-краязнаўцаў: назвы Зальвянка, Зэльва, Зельзіна, Зяльвяны ўзніклі ад слоў “зялёны”, “зялёная”, “зелянець”. Назваў гарадоў, гарадскіх пасёлкаў, мястэчак, вёсак з каранямі слова “зелен” многа як на Гродзеншчыне, уключаючы Ваўкавышчыну і Слонімшчыну, так і ў Беларусі. Па матэрыялах кнігі «Памяць. Зэльвенскі раён»