Калектыў тэрапеўтычнага аддзялення № 2 ЦРБ – лепшы ў сферы аховы здароўя раёна.
Той, каму даводзілася кіраваць нават невялікім калектывам, ведае, як няпроста аб’яднаць людзей адзінай мэтай. Але гэта не ўласціва тэрапеўтычнаму аддзяленню № 2 Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Кожны займаецца сваёй справай і сваімі абавязкамі, кожны, як адзначыла загадчыца аддзялення Ала Аляксандраўна Барысенка, спраўляецца з імі на «выдатна».
У нашай райбальніцы Ала Аляксандраўна працуе з 1999 года. Для таго каб стаць дыпламаваным медыкам, яна пасля 8 класаў гарадской сярэдняй СШ № 3 закончыла Мазырскае медыцынскае вучылішча, прычым на выдатна – з «чырвоным» дыпломам. Яе вышэйшай ступенню медыцынскай адукацыі стала вучоба ў Гомельскім медыцынскім інстытуце. Затым быў год інтэрнатуры, а потым Ала Аляксандраўна прыступіла да работы ў якасці ўчастковага ўрача-тэрапеўта ў нашай бальніцы, а ў 2009 годзе А.А. Барысенка стала загадчыцай аддзялення. Так што практычны вопыт работы па спецыяльнасці Ала Аляксандраўна мае немалы.
Калі гаварыць пра яе сям’ю, то можна смела думаць, што ствараецца дынастыя медыкаў. Муж Алег Іванавіч Федзянько займае пасаду галоўнага ўрача Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. У гэтым годзе заканчвае вучобу ў СШ № 3 дачка Дар’я – яна таксама не ўяўляе свайго будучага без прафесіі медыка. Паступаць плануе ў тую ж самую вышэйшую навучальную ўстанову, якую некалі скончылі яе бацькі. Праўда, статус яе змяніўся і цяпер яна называецца Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.
Да 2006 года аддзяленне, якое сёння ўзначальвае А.А. Барысенка, называлася кардыялагічным, але потым стала іменавацца тэрапеўтычным аддзяленнем № 2. Сюды кладуць людзей з захворваннямі сістэмы кровазвароту тэрапеўтычнага і неўралагічнага профілю. Аддзяленне разлічана на адначасовае лячэнне ў стацыянары 45 хворых. Два гады таму тут зрабілі рамонт, замянілі ўсю мэблю. На сённяшні дзень тут на чале з загадчыцай працуюць урач-неўролаг С.В. Бачынская, 12 медсясцёр, 9 санітарак, сястра-гаспадыня і сястра-раздатчыца ежы. Як падкрэслівае А.А. Барысенка, усе яны – людзі вопытныя, сапраўдныя прафесіяналы. Усе ведаюць адзін аднаго не першы год, а таму ў калектыве пануе атмасфера таварыскасці, узаемаразумення і ўзаемадапамогі. Таму і не дзіўна, што якасцю медыцынскіх паслуг, ветлівасцю, тактоўнасцю медыцынскага персаналу задаволены і самі хворыя, аб чым сведчаць іх шматлікія падзякі, у тым ліку і праз нашу газету, і тыя, хто прыходзіць наведаць пацыентаў.
Хаця варта прызнаць, што прафесіі медсясцёр і санітарак нельга назваць лёгкімі: адных толькі кропельніц хворым даводзіцца ставіць па 40-50 за дзень, а ёсць жа яшчэ і мноства ўнутрывенных струменных ін’екцый. А колькі сіл і ўвагі патрабуе догляд за ляжачымі хворымі – далёка не кожны вытрымае такія выпрабаванні! Хаця для медыцынскіх сясцёр і санітарак – гэта звычайная паўсядзённая работа. Па яе выніках працоўны калектыў аддзялення трапіў на раённую Дошку гонару. Імя яго загадчыцы Алы Аляксандраўны Барысенка, дарэчы, таксама занесена на раённую Дошку гонару як лепшага работніка аховы здароўя. І гэта далёка не адзінае прызнанне працы гэтых людзей – справядліва і па праву шматлікія дыпломы і граматы ўпрыгожваюць сцены службовага кабінета А.А. Барысенка.
Калектыў тэрапеўтычнага аддзялення № 2 ЦРБ – лепшы ў сферы аховы здароўя раёна. Той, каму даводзілася кіраваць нават невялікім калектывам, ведае, як няпроста...