Успех Великодолецкого лесничества – в слаженности всего коллектива
03.04.2018
—
Разное
|
Ушаччына – край лясны. Не толькі захаваць для нашчадкаў, але і прымножыць прыроднае багацце – адна з задач Вялікадолецкага лясніцтва, якое па вытворчых паказчыках не раз станавілася лідарам у спаборніцтвах паміж падраздзяленнямі Ушацкага лясгаса. Выпадковых людзей тут не знойдзеш. Знітаваўшы свой лёс з лесам яшчэ ў мінулым стагоддзі, большасць работнікаў арганізацыі засталіся адданыя яму на працягу не аднаго дзясятка гадоў. Ляснічы – гэта стан душы Пагадзіцеся, у многіх поспехах прадпрыемства – вялікая заслуга яго кіраўніка. 14 апошніх гадоў калектыў лясніцтва ўзначальвае С.П.Клопаў. Яго цяжка застаць у кабінеце: шмат часу мужчына праводзіць у лесе. Як для любога работніка арганізацыі, для Сяргея Пятровіча гэта другі дом, куды ён заўсёды прыходзіць з задавальненнем. У іншай сферы дзейнасці С.П.Клопаў сябе не ўяўляе. Ён нарадзіўся ў прыгожай вёсачцы Судзілавічы: з самага дзяцінства захапляўся краявідамі роднага краю і пасля заканчэння васьмігодкі вырашыў паступіць у Полацкі лясны тэхнікум. Працоўную дзейнасць пачынаў майстрам цэха ў Гарадоцкім лясгасе, некалькі гадоў быў майстрам лесу ў Кубліцкім лясніцтве. На Вялікадалеччыну ж герой нашага аповеду прыехаў напачатку 80-х і доўгі час займаў пасаду памочніка ляснічага. Сёння ў падпарадкаванні Сяргея Пятровіча 8 леснікоў, 5 вальшчыкаў лесу, 2 лесарубы, вадзіцель і трактарыст на вывазцы, бухгалтар і рознарабочыя. Калектыў невялікі, але вельмі дружны і зладжаны. “Адзін у лесе, як і ў полі, не воін. – Калі ёсць моцны касцяк, тады і вынікі адпаведныя будуць, – справядліва лічыць С.П.Клопаў, які днямі адсвяткаваў свой 60-гадовы юбілей”. Упрыгожанне калектыву Надзейнае звяно і ўпрыгожанне калектыву – яшчэ адна нядаўняя юбілярка Людміла Уладзіміраўна Бугай (на здымку). На яе плячах – вялізны аб’ём работ па бухгалтэрыі, кадрах. Між тым, у лясной гаспадарцы яна аказалася выпадкова. Нарадзілася і вырасла на Гродзеншчыне. Па прыкладзе мамы, якая добра шыла, вырашыла заняцца кравецтвам і паступіла ў Полацкі тэхнікум. Вось толькі папрацаваць па атрыманай там спецыяльнасці жанчыне доўга не давялося – выйшла замуж і перабралася на Ушаччыну. Зрэшты, яе другая палавіна – Пётр Васільевіч Бугай – работнік Вялікадолецкага лясніцтва. Сюды ж пасля дэкрэтнага адпачынку прыйшла і Людміла Уладзіміраўна. “Вельмі хвалявалася, ці спраўлюся з прафесійнымі абавязкамі без адпаведнай адукацыі, – прызнаецца жанчына. – Але ж на першых парах мне дапамагалі вопытныя калегі: старшы бухгалтар лясгаса Валянціна Іванаўна Бабаедава, галоўны бухгалтар Любоў Цімафееўна Лабызнава, галоўны эканаміст Лідзія Мікалаеўна Хамічонак, начальнік кадравай службы Ларыса Валянцінаўна Апёнак. Пазней жа, каб увогуле адчуваць сябе ў бухгалтэрыі як рыба ў вадзе, скончыла аграрна-эканамічны каледж”. Лесу яна аддала ўжо 35 гадоў плённай працы, свой адпачынак праводзіць не на курортах, а ў ім, збіраючы ягады, грыбы. І ўсё ж лепшай уцехай для сябе лічыць зносіны з 2 дзецьмі і 3 унукамі. А яшчэ Л.У.Бугай – гаспадыня выдатная: паспявае і падсобную гаспадарку трымаць, і агарод у 40 сотак даглядаць. – Гэта наш “міністр фінансаў”, – усміхаючыся, кажуць пра яе калегі. – А калі сур’ёзна, то ў адрас гэтай жанчыны можна казаць толькі словы падзякі за старанне і адказнасць. Любую даручаную справу выконвае прафесіянальна, калі трэба – пазней затрымаецца на рабоце, зробіць тэрміновыя падлікі. А падчас суботнікаў, калі калектыў задзейнічаны на пасадцы лесу, Людміла Уладзіміраўна ў ліку першых. Яна ў нас – душа калектыву! Адказны падыход да справы Догляд за ляснымі культурамі – іх паўсядзённая работа. Своечасова высадзіць маленькія 10-сантыметровыя сеянцы, паклапаціцца пра падрастаючыя дрэўцы, абараніць лес ад шкоднікаў і агню (у пажаранебяспечны перыяд тут ажыццяўляецца відэаназіранне, што дазволіла не дапусціць фактаў узгарання на працягу апошніх трох гадоў), каб праз паўстагоддзя, а то і больш, будучаму пакаленню дачакацца спелага ўраджаю – і так з дня ў дзень. Агульная плошча лясніцтва – 12,472 гектара, з якіх 11,443 пакрыта лесам. Адметнае яно яшчэ і тым, што на яго землях знаходзіцца пітомнік на 12,3 гектара. Ля адміністрацыйнага будынка арганізацыі размясціўся акуратны міні-дэндрапарк. Ёсць тут і 4 цяпліцы з электроннай сістэмай паліву, у якіх вырошчваецца якасны дэкаратыўны пасадачны матэрыял (туі, кіпарысы, ядловец – усяго больш за 20 найменняў) для азелянення тэрыторыі і на продаж насельніцтву. Работнікі лясніцтва штодзень займаюцца лесаўзнаўленнем – за год высаджваюць каля 40 гектараў новага лесу. Займаюцца нарыхтоўкай драўніны, праводзяць санітарныя высечкі. Цесную сувязь падтрымліваюць і са школьнікамі, далучаючы іх да высакароднай справы, – дзеці дапамагаюць у лесапасадцы, навядзенні парадку ў лясным масіве. Шышка звычайная – насенне “залатое” Важным накірункам дзейнасці лясніцтва з’яўляецца нарыхтоўка лесанасеннай сыравіны. Тут даўно не закупляюць вельмі дарагое насенне, а рыхтуюць самі. Крылатку пастаўляюць Глыбоцкаму селекцыйнаму цэнтру, з якой пасля ачысткі атрымліваецца выдатны матэрыял з высокім класам якасці. Штогод работнікамі лясніцтва ўручную праводзіцца збор шышак елкі і сасны, якія трапляюць на спецыяльную сушыльню. “Яе ўладкоўвалі ўласнымі сіламі, – праводзячы экскурсію па “насенным цэху”, расказвае С.П.Клопаў. – Шышкі праходзяць паэтапнае, працяглае прасушванне. Галоўнае ў гэтай справе – не перагрэць насенны матэрыял, знізіўшы яго пасадачныя вартасці. Пасля ж такой “цеплатэрапіі” крылатка добра аддзяляецца ад шышак, а тыя праз спецыяльную турбіну трапляюць на вуліцу”. Усяго за дзень тут атрымліваюць каля 50-100 кілаграмаў крылаткі. Атрыманага ж з яе насення (у гадавым разліку) цалкам дастаткова для правядзення запланаваных аб’ёмаў лесааднаўлення і лесаразвядзення. Ну а лішкі экспартуюць за мяжу. * * * …І ўсё ж ніякія тэхналогіі не заменяць рук чалавека ў лесе. І не толькі рук – без душы тут таксама нельга! Гэта, па словах работнікаў Вялікадолецкага лясніцтва, дапамагае ім заўсёды быць у ліку лепшых. Не меншая ўзнагарода для іх, як бы пафасна гэта ні гучала, – памяць будучых пакаленняў. Яны – дзеці, унукі, праўнукі – таксама будуць карыстацца пладамі працы сённяшніх лесаводаў. Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ушаччына – край лясны. Не толькі захаваць для нашчадкаў, але і прымножыць прыроднае багацце – адна з задач Вялікадолецкага лясніцтва, якое па вытворчых...
|
|