Пачуццё залатое — адно на дваіх: Сямён Пятровіч і Зоя Міхайлаўна Пачопкі адзначылі сямейны юбілей. 21.by

Пачуццё залатое — адно на дваіх: Сямён Пятровіч і Зоя Міхайлаўна Пачопкі адзначылі сямейны юбілей

06.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

340Кожны чалавек у вызначаны перыяд свайго жыцця пачынае думаць, марыць пра ўласную сям’ю. Жадае, каб сямейнае жыццё было шчаслівым, напоўненым каханнем, цеплынёй і ласкай. Найбольш простая прыкмета сямейнага шчасця — непераадольная прага хутчэй пасля працы вяртацца дадому, калі ў сям’і знаходзіш падтрымку і разуменне, адчуваеш сапраўдныя радасць і асалоду жыцця. Так лічаць і жыхары гарадскога пасёлка Сямён Пятровіч і Зоя Міхайлаўна Пачопкі, якія нядаўна адзначылі залатое вяселле.

Абодва яны нарадзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны — у 1946 годзе. Зоя Міхайлаўна была са шматдзетнай сям’і — шостым дзіцём у бацькоў Міхаіла Лаўрэнцьевіча і Марыі Васільеўны Пяцько, якія жылі ў вёсцы Савіцкія. Скончыла чатыры класы, а далейшую адукацыю атрымала ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе.

Праз лес ад вёскі Савіцкія жыў на Глыбоччыне хлопец Сямён. Так склаўся лёс, што яго бацька Пётр Юльянавіч, вярнуўшыя з вайны, у хуткім часе пайшоў з жыцця. На той час Сямёну было толькі два гады.

— Балюча мне на сэрцы і цяпер, — кажа Сямён Пятровіч, — бо зусім не памятаю свайго тату. Маці, Лідзія Сямёнаўна, гадавала нас са старэйшым братам адна. Безумоўна, было мноства жаніхоў, якія сваталіся да яе. Але ж маці не давала сваёй згоды. Ды і не да жаніцьбы ёй тады было. Маладую ўдаву перапаўнялі толькі адны думкі: як пракарміць, адзець і падняць на ногі нас, яе сыноў. З дзяцінства працаваў, як і ўсе аднавяскоўцы, на зямлі, дапамагаў маці па гаспадарцы, зарабляў на кавалак хлеба. Пакрысе, год за годам, ішоў час, сталелі і мы з братам. Аднойчы мая стрыечная сястра прапанавала з’ездзіць да яе сяброўкі ў вёску Савіцкія. Тады я нават і не ведаў, што яна мела намер сасватаць мяне з мясцовай дзяўчынай. Трэба сказаць, што гэта ў сястры атрымалася. Як сёння памятаю, прыехалі мы ў Савіцкія ў аўторак, пазнаёміўся я з Зояй, а ўжо ў суботу згулялі вяселле. Вось, як бачыце, і ўся рамантыка.

Маладыя спачатку жылі ў доме Сямёна ў вёсцы Летнікі Глыбоцкага раёна. Абое працавалі на паляводстве ў калгасе “Зара”. А праз васямнаццаць год вырашылі пераехаць у Шаркаўшчыну. Тут жа атрымалі жыллё, разам працаўладкаваліся ў дарожную арганізацыю ДРБУ-131 звычайнымі рабочымі. Зоя Міхайлаўна адпрацавала тут да выхаду на заслужаны адпачынак, а Сямён Пятровіч пасля пераводу яшчэ дзевяць год з’яўляўся вартаўніком у Дэпартаменце аховы райцэнтра. Вось так, няспешным крокам па жыцці яны разам і дайшлі да свайго залатога вяселля.

— Галоўнае ў сямейным дабрабыце, каб муж і жонка паважалі адзін аднаго, — адкрылі нам свой сакрэт Сямён Пятровіч і Зоя Міхайлаўна. — Хтосьці павінен час ад часу ўступаць, бо ў жыцці ўсякае бывае, і каб пражыць яго добра, трэба праяўляць мудрасць і павагу да сваёй палавінкі, ніколі не здраджваць адзін аднаму.

Вось так і жывуць гэтыя два чалавекі, якія праз паўстагоддзя пранеслі сваё пачуццё, не згубілі веры адзін да аднаго, а сталі вельмі блізкімі людзьмі на ўсё жыццё. Няхай жа ім і надалей спадарожнікамі будуць каханне, шчасце, здароўе і дабрабыт.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика