Палёт у будучыню. 21.by

Палёт у будучыню

10.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Пасля ўрокаў 12 красавіка 1961 года мы з сябрам вярталіся са школы. Ён папрасіў дапамагчы разабрацца з заданнем па хіміі, і мы зайшліся да яго. Калі расклалі на стале падручнікі і сшыткі, па радыё аб’явілі: “Внимание! Внимание! Работают все радиостанции Советского Союза! Передаём экстренное сообщение. Сегодня в Советском Союзе осуществлён запуск космического корабля “Восток”, пилотируемого лётчиком-космонавтом, гражданином Союза Советских Социалистических Республик старшим лейтенантом Гагариным Юрием Алексеевичем”. Мы пераглянуліся і прадоўжылі заняткі.

Па дарозе дадому абдумваў навіну, яна набывала для мяне ўсё большую значнасць, адчуваў гонар за краіну. Дома была толькі мама. Калі паведаміў пра палёт у Космас, асаблівых эмоцый яна не выказала, зазначыўшы: “Першы і першы. Добра, што наш савецкі чалавек у Космасе”.

Зрабіў дамашняе заданне і пабег на вуліцу гуляць. Многія ўжо ведалі пра Гагарына, вельмі радаваліся і перажывалі, каб усё скончылася добра. Нехта з хлопцаў сказаў, што цяпер ужо нас амерыканцы не дагоняць. Усе паглядалі на неба ў надзеі ўбачыць спадарожнік. Але не ўбачылі, толькі самалёты вярталіся з задання на аэрадром. У той вечар наша хата была поўная: суседзі прыйшлі “на тэлевізар”. Вось тады ад дарослых упершыню і пачуў, што гэта быў “палёт у будучыню”.

Пасля такой падзеі змяніліся ў нас і гульні. Калі раней гулялі ў вайну, пікара, хованкі, то цяпер — у касманаўтаў. Ды і не толькі мы. Падчас святкавання Дня піянерыі ў гарадскім парку адзін з хлопчыкаў залез на воданапорную вежу і адтуль дакладваў невядомаму кіраўніку палётаў: “Я — “Восток”! Нахожусь на установленной полётным заданием орбите!” Злезці з вежы ён пабаяўся, знімаў пажарны разлік. Адзін з малых у якасці скафандра надзеў на галаву хрустальную вазу. Калі бабуля везла хлопчыка ў паліклініку, каб вызваліць з “палону”, ён на ўвесь аўтобус радасна запытаўся: “Бабуля! Я — касманаўт?” На што тая адказала: “Зараза ты, а не касманаўт!” У Доме піянераў, у авіямадэльным гуртку, замест самалётаў з гумовымі рухавікамі мы майстравалі ракеты з цвёрдапаліўнымі. У тыя гады гэта было проста, бо ўсе фотаплёнкі добра гарэлі. Пакладзеная ў каробачку з-пад валідолу плёнка, падпаленая праз “сопла” гарачым цвіком, давала такі рэактыўны струмень, што яго хапала на даволі працяглы палёт. Запусціў такую ракету і я, таксама актыўны ўдзельнік авіямадэльнага гуртка. Са старту ракета ўзяла строга вертыкальны курс, а потым лягла на “калязямную арбіту” і трапіла ў куратнік нашых суседзяў, напалохаўшы не толькі хатнюю птушку, але і цётку Марыю, якая паскар­дзілася майму бацьку. Так што наступныя запускі давялося тэрмінова адкласці да лепшых часоў.

Пасля палёту Юрый Гагарын пабываў у 28 краінах, стаў грамадзяні­нам свету. І ў любой ён быў жаданым і дарагім госцем. Людзі лічылі за шчасце бачыць і чуць свайго героя, знаходзіцца побач і размаўляць з ім. Падчас сваёй службы мне давялося пабываць у музеі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Юрыя Гагарына ў Зорным гарадку, які гасцінна расчыніў свае дзверы 6 кастрычніка 1967 года. Бачыў мемарыяльны кабінет Гагарына, пабываў у зале, дзе ўстаноўлена скульптура першага касманаўта, знаходзіцца яго парадны мундзір са шматлікімі ўзнагародамі, размешчана фота Ю. А. Гагарына з С. П. Каралёвым, іншыя экспанаты. Герой жыве ў сэрцах тых, хто яго бачыў, сустракаўся з ім, любіў і паважаў.

Нядаўна ў Мінску праходзіў Міжнародны форум з удзелам 150 касманаўтаў розных дзяржаў свету. У Космасе працуюць беларускія штучныя спадарожнікі, якія забяспечваюць сувязь, зандзіруюць глебу, выконваюць іншыя праграмы. На чарзе — запуск трэцяга спадарожніка. Так што мы, беларусы, жывём у касмічнай дзяржаве і ганарымся гэтым.

Леанід СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Пасля ўрокаў 12 красавіка 1961 года мы з сябрам вярталіся са школы. Ён папрасіў дапамагчы разабрацца з заданнем па хіміі, і мы зайшліся да яго. Калі расклалі на стале...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика