Вялікдзень 1944 года. Сёння – Міжнародны Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. 21.by

Вялікдзень 1944 года. Сёння – Міжнародны Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

10.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ад мінулага нельга адысці  ці  ад’ехаць. Яно заўсёды з намі. Як бы мы ні хацелі забыць яго. Наша памяць не дасць магчымасці пазбавіцца таго, што было з намі ў мінулым.

Падзеі Другой сусветнай вайны, якая скончылася 73 гады таму, не даюць спакою некалькім пакаленням нашага народа. З кожным годам усё меней становіцца сведкаў тых падзей.

Вывучаючы, аналізуючы тыя змрочныя старонкі гісторыі, мы прыйшлі да высновы, што гэта не павінна паўтарыцца. Чарговы раз на календары – 11 красавіка, Міжнародны Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе былі вызвалены вязні лагера смерці Бухенвальд.

Нагадаю, што толькі на тэрыторыі Германіі было 1634 канцлагеры. Не буду пералічваць, колькі палонных было ў іх.

Мне на працягу жыцця не давала спакою думка пра лёс дзетак, якіх вывозілі ў Германію ў 1941—1944 гадах. Цяжка пісаць і згадваць пра гэта таму, што давялося і самой шмат перажыць у гады акупацыі. Ды ці толькі мне? Усяму народу, што апынуўся пад ботам фашызму.

Напярэдадні Вялікага Светлага Уваскрэсення я з асаблівай выразнасцю згадваю тыя падзеі. У 1944 годзе Вялікдзень прыпаў таксама на красавік.

У Вербную нядзелю карнікі выганялі з лесу ўсіх, каго там знайшлі. Мне было сем гадоў, і я не надта разумела, што такое Вербная нядзеля. За гады ляснога жыцця мы ніколі не адзначалі Вялікдзень. У лясах і балотах у пошуках бяспечнага прытулку не было магчымасці на такую раскошу, як свята. А гэта быў першы Вялікдзень, які я ўсведамляла.

Толькі-толькі пачала вучыцца хадзіць пасля перанесенага тыфу, як захварэла матуля. Гаспадыня кураня, што нас прытуліла, даглядала маю хворую матулю і мяне. Раніцай давала некалькі вараных бульбін у “мундзірах” і ў гліняным кубачку капусцянага расолу. Вечарам у місачцы ставіла каля мяне прасяны крупнік з кавалачкамі бульбы. Кіпень налівала ў кубачак, які ставіла каля матулі.

Мы ляжалі ў куце кураня. З галін сыпалася сухая ігліца і плавала ў конаўцы. Я сядзела каля матулі і з жахам думала пра тое, што будзе, калі яна не паправіцца. Зрэдку выходзіла з кураня і бачыла, што снег у лесе пачаў паціху раставаць. Грэла сонейка.

Аднойчы матуля загаварыла і запытала ў гаспадыні, які сёння дзень. Як я ўзрадавалася: мама не трызніць, не клікае сваю матулю, успомніла пра мяне.

– Зорачка мая! – усклікнула гаспадыня. – Ну, дзякуй Богу, пойдзеш на папраўку. А то я думала, крый Божа, памрэш, што я з дзіцям тваім рабіць буду? А сёння Вербная нядзелька. Хутка Вялікдзень.

Мінула чатыры дні. Матуля паціху пачала хадзіць. Яна плакала і дзякавала гаспадыні Ганне Ермалінскай, жыхарцы Камаровічаў, за тое, што прытуліла ў сваім курані.

У той дзень яна і сказала Ганне, што заўтра Перадвелікодная пятніца, я нарадзілася ў гэты дзень напярэдадні Вялікадня, і мне ўжо споўніцца сем гадоў. Ганна выслухала матулю і толькі сказала, нібыта з дакорам:

– Госпадзі, і собіла табе нарадзіць дзяўчыну ў самы цяжкі дзень у годзе. Але ты не хвалюйся, святая Параскева-пятніца не дасць у крыўду тваё дзіцятка. А пятніца ўвогуле неблагі дзень, – пачала супакойваць матулю Ганна.

Не ўсё было зразумелым для мяне ў той дзень. Але ў памяці засталося многае. На наступны дзень, у тую ж пятніцу карнікі ачапілі курані. Не выпусцілі ніводнай душы. Жанчын і дзяцей выгналі. А курані спалілі разам з тымі, хто ляжаў хворы і не змог выйсці. Мужчын асобнай калонай пагналі з лесу. А затым гналі дзяцей і жанчын. У лесе яшчэ пад ялінамі ляжаў снег. Усюды было поўна вады. Матуля ішла з палкай, другой рукой трымала мяне за руку. Жанчыны і дзеці, змучаныя хваробамі і голадам, ледзь рухаліся. Гітлераўцы ўпэўнена крочылі ў гумавых ботах па лужах і прыкладамі падганялі палонных.

дети

Мае лапці і анучы даўно прамоклі, такі абутак быў у маці і Ганны. Жанчыны шэптам клялі карнікаў.

Толькі перад заходам сонца калону прыгналі ў Клясаў. Няшчасных загналі ў двор, абгароджаны калючым дротам.

Там былі ўжо жанчыны і дзеці. Хата была вялікая, але без вокнаў і дзвярэй. Ніхто там, пэўна, даўно не жыў. Людзі сядзелі пад плотам, пад сцяною хаты.

Матуля пачала шукаць мясціну, каб сесці. Стомленыя, знясіленыя людзі апускаліся на зямлю, дзе стаялі. Мы прытуліліся ля вугла хаты, бліжэй да ўваходу.

Неўзабаве да нас наблізілася жанчына, якая пазнала матулю. Гэта была Параска Каленікаўна Стракач, жыхарка Беразнякоў. Яна і трое яе дзяцей таксама былі схоплены ў лесе. Убачыла, у якім мы стане, і прапанавала зайсці ў хату. Там у куце сядзелі яе дзеці Коля, Ева і Валодзя. Падлогі ў хаце не было. На кучы старой, амаль гнілой саломы размясціліся і мы з матуляй.

Наступіла ноч. Пахаладала. Ад холаду мяне трэсла, і я тулілася да маці, не магла сагрэцца. Ніхто ў хаце не спаў, натужны цяжкі кашаль не сціхаў усю ноч. Раніцай убачылі, што ў хаце было столькі жанчын і дзяцей, што выйсці ў двор было немагчыма. Людзі ратаваліся ад холаду. Ні вопраткі, ні ежы не было.

Наступны дзень – субота. Жанчыны збіраліся гуртамі, ішлі да ахоўнікаў-паліцаяў і прасілі даць ежы для дзяцей. Іх пагрозліва адганялі. Жанчыны плакалі.

У суседнім двары таксама былі зняволеныя. Пайшла чутка, што хтосці з жыхароў Клясава прынёс чыгун варанай бульбы і праз калючы дрот высыпаў палонным. Той бульбы не хапіла нават па адной. Ніхто не збіраўся даць зняволеным нават папіць. Ваду даставалі са старой разбуранай студні. Жанчыны апускаліся на калені і цягалі ваду кацялком. Вада была брудная і пахла цвіллю. Некалькі глыткоў яе замянялі нам ежу.

Прайшла яшчэ адна ноч. Матуля сябе адчувала дрэнна. Параска прынесла ёй у кацялку гарачай вады, прапанавала піць, каб сагрэцца. Жанчыны разламалі вароты хлява, расклалі вогнішча і грэлі ваду.

У мяне вакол рота і на вуснах высыпалі балячкі, якія трэскаліся і крываточылі. Палонныя дзеці сядзелі і ляжалі па кутках хаты.

На наступны дзень Параска даведалася ад некага, што паліцаі дазволілі жанчынам ісці жабраваць па вёсцы, каб набыць ежы дзецям. Выпускалі з адной умовай: дзеці заставаліся за дротам. Разумелі, што жанчыны не пакінуць сваіх дзяцей і абавязкова вернуцца. Так яно і было.

Раніцай Параска сказала маёй маці:

– Сёння Вялікдзень, пайду жабраваць. Ты будзь з дзецьмі. Не паміраць жа нам, нешта патрэбна рабіць.

Мы яе з нецярпеннем чакалі. Коля бегаў да варот і стаяў там. Паліцаі адганялі дзяцей ад плоту і варот.

Вярнулася з вёскі Параска. Яна прынесла ў ражку хусткі невялікую грудачку тоўчанай бульбы з ільняным насеннем і палову качана квашанай капусты. У кішэні світкі былі яшчэ некалькі сырых бульбін.

Якімі мізэрнымі былі кавалачкі той тоўчанай бульбы, што Параска дзяліла нам! Бульба з’елася так, што і смаку не адчулі. Жанчына адрывала лісты капусты і давала дзецям. Да яе наблізілася жанчына з двума хлапчукамі і папрасіла хоць адзін лісток. У руках Параскі засталося вельмі мала ад качана, але яна працягнула капусту жанчыне. Я заціснула ў жмені свой ліст, прыціснула да грудзей і трымала так, каб ніхто не бачыў яго. З-за ранак на вуснах не магла адкусіць ні кавалачка. І толькі потым, адрываючы пазногцямі, неяк зжавала.

Такі быў Вялікдзень 1944 года. Першае свята ў маім ужо свядомым і, як я лічыла, дарослым жыцці. Памяць захавала той дзень на ўсё жыццё.

На наступны дзень нашы самалёты бамбілі вёску, бо тут было многа немцаў. Мы не ведалі, што лінія фронту ўжо недзе блізка. Парасцы ў вёсцы сказалі, што хутка прыйдуць нашы войскі і пагоняць гітлераўцаў. Як жа чакалася тое вызваленне!

Бомбай забіла ў немцаў двух коней. І жанчыны папрасілі дазволу ўзяць мяса для дзяцей. Дазволілі. Толькі не ўсім давялося пакаштаваць яго.

Раніцай да лагера прыехалі некалькі грузавікоў з немцамі. Гэта былі эсэсаўцы ў чорным адзенні. Усіх палонных выгналі з хаты і хлява ў двор, загадалі праз перакладчыка стаць у шарэнгу. Атрымалася некалькі радоў. Потым паміж радамі хадзілі эсэсаўцы і выцягвалі жанчын, адрывалі ад дзяцей. Перакладчык і паліцаі крычалі, каб супакоіліся, маўляў, жанчыны вечарам вернуцца, а зараз яны будуць недзе працаваць. Толькі не верылі палонныя. Між тым, немцы выбіралі маладзейшых і дужэйшых, выганялі за дрот. Там пастроілі ў калону і пагналі невядома куды.

Засталіся ў двары дзеці, старыя жанчыны і зусім нямоглыя. Сярод іх былі мая матуля і Параска. Паліцай загадаў усім стаць у шарэнгу.

На вуліцы стаялі два крытыя нямецкія грузавікі. Два гітлераўцы ў акулярах у суправаджэнні паліцаяў ішлі і пільна ўглядаліся ў твары змучаных дзяцей. Затым паказвалі на дзяцей пальцамі ў чорных пальчатках, і паліцаі выводзілі іх да грузавікоў. Гітлераўцы наблізіліся і да нас. Матуля і Параска былі абстрыжаныя пасля тыфу і пасцягвалі хусткі. Каля матуль стаялі мы з Валодзем. У нас былі ваўкі вакол ратоў, і гэта, відаць, выратавала нас. Немец прайшоў міма, не ўзняўшы рукі.

А дзяцей вялі і вялі да грузавікоў. На двары засталося вельмі мала дзяцей, хто не спадабаўся немцам. Два запоўненыя дзецьмі аўтамабілі ад’ехалі ад двара. Ля затухлага вогнішча засталіся стаяць кацялкі і гладышы з адбітымі рыльцамі, нейкія бляшанкі з недавараным конскім мясам. Не было каму варыць, як не было каму і есці.

На наступны дзень некалькі бабуль і жанчын, што засталіся ў двары, ды мая матуля з Параскай адарвалі ад даху хлява некалькі дошак і даварылі тое мяса, накармілі нядужых дзяцей.

Жанчыны не вярнуліся, як абяцалі паліцаі. Зніклі і дзеці. Некалькі хворых сноўдаліся ў двары. Папаўнення ўжо не было.

У адну даждлівую ноч Параска прапанавала сысці з лагера. Яна баялася за Колю і Еву, каб іх не забралі. У той раз яна, як убачыла, што гітлераўцы выбіраюць дзяцей, упіхнула іх у хату. Кемлівы Коля загроб Еву ў сатлелую салому і загробся сам. Немцы зазірнулі ў хату, але іх не заўважылі. А заходзіць у будынак не сталі – баяліся тыфу.

Жанчыны гадалі, што рабіць. Па ўсім было відаць, што цікавасць да палонных у немцаў  знікла. Вакол лагера хадзілі ў вартаўніках толькі паліцаі. У дажджлівую ноч усе, хто мог рухацца, падгрэбліся пад дрот і разышліся хто куды. Мы з маці, Параска з дзецьмі і яшчэ дзве жанчыны і двое дзяцей дабраліся да лесу.

Ужо дарослай я спрабавала даведацца пра лёс дзяцей, вывезеных з клясаўскага лагера. Стала вядома, што тады іх павезлі ў бок Мінска. Далей следу не было. Пра гэта расказалі мне былыя партызаны Васіль Чарнобылец і Лесюкоў. Бо і яны займаліся пошукам дзяцей.

Частка жанчын, што гітлераўцы забралі ў Клясаве, капалі акопы непадалёку ад Капаткевічаў, затым былі вывезены ў Асвенцым. Некалькіх паспелі вызваліць, яны вярнуліся дадому і спрабавалі адшукаць сваіх дзяцей.

Ці забудзецца гэта? Не і не! Мы павінны жыць і памятаць тых, хто не дажыў да Вялікай Перамогі.

Ніна АЧАПОЎСКАЯ.

Фота з інтэрнэту.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад мінулага нельга адысці  ці  ад’ехаць. Яно заўсёды з намі. Як бы мы ні хацелі забыць яго. Наша памяць не дасць магчымасці пазбавіцца таго, што было з намі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика