11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Прысвечаныя гэтай даце мерапрыемствы прайшлі сёння ў Шаркаўшчыне і раёне. 21.by

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Прысвечаныя гэтай даце мерапрыемствы прайшлі сёння ў Шаркаўшчыне і раёне

11.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_2496 (Копировать)

Гісторыя чалавецтва зберагае мноства журботных дат і жахлівых падзей, многія з якіх прыйшліся на 20-е стагоддзе. Адной з самых страшных старонак гісторыі чалавецтва стала гісторыя фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Канцлагеры невыпадкова атрымалі назву лагераў смерці. З 1933 па 1945 гады праз іх прайшло каля 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з іх каля 12 мільёнаў загінулі, пры гэтым кожны пяты вязень быў непаўналетнім. У памяць аб загінуўшых і тых, каму пашчасціла выжыць, штогод 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэта дата была выбрана невыпадкова. 11 красавіка 1945 года адбылося паўстанне вязняў канцлагера Бухенвальд.

Сярод тых, хто трапіў у фашысцкія лагеры смерці, было і мноства шаркаўчан. Мітынг з удзелам былых вязняў, намесніка старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Ю. А. Васілеўскага, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стомы, старшыні раённага савета ветэранаў Г. М. Філатавай, выконваючага абавязкі першага сакратара ГА БРСМ М. Ч. Пугаўкі, работнікаў раённага Цэнтра культуры, настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы № 2, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі адбыўся 11 красавіка каля помніка, устаноўленага па вуліцы 17 Верасня на брацкіх могілках, дзе ў чэрвені 1942 года нямецкімі карнікамі растраляна яўрэйскае насельніцтва, жыхары Шаркаўшчыны і навакольных вёсак.

Да прысутных звярнуўся Юрый Анатольевіч Васілеўскі:

— Шчыра вітаем на сённяшнім мітынгу былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў і прадстаўнікоў грамадскасці. Цяпер наша асноўная задача заключаецца ў захаванні памяці пра ваеннае ліхалецце, пра тыя суровыя часы гора і нястачы, якія зведалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Памятаць, каб ніколі не паўтарылася вайна. З кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай становіцца ўсё меней. І таму цяпер менавіта вам, людзям, якія зведалі голад і холад у часы вайны ў канцлагерах Германіі, трэба даносіць да падрастаючага пакалення звесткі пра тыя падзеі, каб яны больш не адбыліся. Жадаю вам здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой, доўгіх год жыцця.

Затым усе прысутныя ўсклалі вянкі, жывыя кветкі і гірлянды да помніка, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб нявінна забітых людзях.

Працягам мерапрыемства стала сустрэча былых вязняў з настаўнікамі і вучнямі ў СШ № 2. Дзеці пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара навучальнай установы Іны Пятроўны Забела падрыхтавалі тэматычную праграму. Тыя, каму пашчасціла выжыць у фашысцкіх лагерах смерці, сустрэліся з моладдзю, дзяліліся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра той час. Са слязамі на вачах расказвалі пра сваё гаротнае дзяцінства на чужыне Ніна Лук’янаўна Каробачкіна, Аляксандра Гаўрылаўна Нікалаева, Юльян Юльянавіч Баговіч, Вера Веніямінаўна Свілёнак. Шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні падчас сустрэчы прагучалі ў адрас Ады Эльеўны Райчонак — старшыні раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Напярэдадні жанчына адзначыла свой дзень нараджэння. Юрый Анатольевіч Васілеўскі павіншаваў Аду Эльеўну са святам, уручыў ёй кветкі і памятны падарунак. Кветкі і сувеніры ад арганізатараў атрымалі таксама ўсе былыя непаўналетнія вязні.

Далей увазе прысутных прадэманстравалі другую частку дакументальнай стужкі “Дзеці вайны” пад назвай “Непаўналетнія вязні”, знятай паводле ўспамінаў жыхароў гарадскога пасёлка і раёна, якія былі вывезеныя на прымусовыя работы ў Германію ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На прыканцы праграмы прагучалі песні аб міры, шчасці, любові да Бацькаўшчыны ў выкананні вучняў школы.

Несумненна, што такія мерапрыемствы, якія штогод праходзяць у нашым раёне, маюць патрыятычна-выхаваўчы накірунак, дапамагаюць моладзі лепш ведаць гісторыю свайго краю, яго жыхароў, памятаць гісторыю сваёй малой радзімы.

Мытынгі памяці прайшлі таксама 11 красавіка ў аг. Іёды на месцы пахавання растралянага нямецкімі карнікамі яўрэйскага насельніцтва і ў в. Гарадзец.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_2474 (Копировать) IMG_2476 (Копировать) IMG_2480 (Копировать) IMG_2483 (Копировать) IMG_2487 (Копировать) IMG_2490 (Копировать) IMG_2491 (Копировать) IMG_2493 (Копировать) IMG_2499 (Копировать) IMG_2500 (Копировать) IMG_2502 (Копировать) IMG_2504 (Копировать) IMG_2506 (Копировать) IMG_2508 (Копировать) IMG_2510 (Копировать) IMG_2512 (Копировать) IMG_2521 (Копировать) IMG_2526 (Копировать) IMG_2527 (Копировать) IMG_2528 (Копировать) IMG_2531 (Копировать) IMG_2535 (Копировать) IMG_2538 (Копировать) IMG_2544 (Копировать) IMG_2546 (Копировать)

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика