У “раёнцы” ад 30 сакавіка бягучага года я прачытала артыкул
У 11-гадовым узросце мой брат Казімір знайшоў у полі гранату, якая праляжала каля двух гадоў. “Цацка” зацікавіла яго. Кідаў яе, пакуль яна не ўзарвалася. У выніку былі паранены ногі і моцна пакалечана правая рука. Прысуд быў адзіны — руку адняць. Бацькі прыйшлі ў роспач — як хлопцу жыць далей без правай рукі? Але Бог паслаў на дапамогу доктара-хірурга Лычкоўскага. Ён прыняў рашэнне адняць толькі тры пальцы, пакінуўшы ўказальны і вялікі. Аперацыя прайшла паспяхова. Доктар працягваў лячыць раны на нагах і руцэ. Усё скончылася добра.
Ведаючы пра цяжкае становішча нашай сям’і (падчас бамбёжкі в. Агароднікі, дзе жыла наша сям’я, у нас усё было знішчана датла), доктар Лычкоўскі за праведзеную аперацыю і далейшае лячэнне не ўзяў ніводнай капейкі. Аб гэтым мне расказвала мая нябожчыца мама Марыя Антонаўна Шкраба.
Звыш 45 гадоў Казімір адпрацаваў у сельскай гаспадарцы на розных участках і на розных відах сельгастэхнікі. Сябры і калегі па працы добразычліва называлі яго “пісталетам”. Сапраўды, доўгі і таўставаты ўказальны палец і кульця ад аднятых пальцаў нагадвалі пісталет.
За добрасумленную працу брат быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яму было прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”, ён быў і застаецца ганаровым грамадзянінам Нясвіжа. Памёр на 82-м годзе жыцця 2 красавіка 2017 года.
Хто ведае, як бы склаўся лёс Казіміра, калі б не доктар-хірург Міхаіл Лычкоўскі — наш зямляк, вучоны, вялікі Прафесіянал сваёй справы і проста Чалавек.
Свой успамін пра яго хачу закончыць словамі малітвы: “Вечны адпачынак дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць, няхай адпачывае ў супакоі вечным. Амэн”.
Ядзвіга ШКРАБА,
г. Нясвіж.