Каб заставалася зялёнай Беларусь...
13.04.2018
—
Разное
|
11 красавіка ў ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў Брэсцкай вобласці і краіне комплексу па вырошчванні лясных сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай Хлебам-соллю і шчырымі словамі аб жыцця аснове – лесе – сустракалі высокіх гасцей дзяўчаты ў прыгожых квяцістых сукенках ля закладзенага летась каменя пад будаўніцтва комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу па перадавых тэхналогіях на тэрыторыі селекцыйна-насенняводчага цэха ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”.
Ва ўрачыстым адкрыцці комплексу, які быў пабудаваны па праекце “Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь” у рэкордны тэрмін (за 10,5 месяцаў), прымалі ўдзел: намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, глава прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер, міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталій Дрожжа, намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кулік, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, галоўны інжынер ААТ “Палессежылбуд” Уладзімір Паляшчук, дырэктар ДЛГУ "Івацэвіцкі лясгас" Вікенцій Койпаш (на здымку), іншыя адказныя асобы.
Першае слова – намесніку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаілу Русаму. Ён найперш парадаваўся адкрыццю аб’екта не толькі эканамічнага, а і сацыяльна-значымага, экалагічнага і гуманітарнага значэння. Гэта першы ў краіне комплекс, а іх, згодна з дзяржаўнай праграмай, будзе пабудавана ў краіне сем. “Лес – сусветная спадчына. Кіраўніком дзяржавы некалькі гадоў таму была пастаўлена задача перад лясным ком-
плексам краіны – выйсці на сусветны ўзровень развіцця. За ўзор узяць Фінляндыю. І сёння мы бачым, як новыя тэхналогіі прыходзяць у лясную галіну. Дзякую кіраўніцтву Івацэвіцкага раёна за будаўніцтва комплексу заўтрашняга дня”, – рэзюмаваў сваю прамову Міхаіл Русы.
Яго падтрымаў Аляксандр Крэмер, глава прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі, які найперш падзякаваў за гасціннасць і за цудоўны прыём арганізатарам мерапрыемства. Літаральна праз некалькі хвілін адбылося падпісанне дадатковага пагаднення аб пазыцы ў 12 млн. еўра. Яно стала пацвярджэннем, што Сусветны банк прызнае эфектыўнасць рэалізаванага праекта ў лясным сектары Беларусі. “Гэты праект – узор поспеху, бо лес – гэта не толькі лёгкія Беларусі, а ўсёй Зямлі. Праект “Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь” уносіць уклад у змякчэнне наступстваў глабальнага змянення клімату на планеце”, – падкрэсліў Аляксандр Крэмер.
Знакавай падзеяй не толькі для Брэстчыны, а і для Беларусі назваў адкрыццё комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Віталій Дрожжа. “Гэта сур’ёзная веха ў стварэнні лясоў будучага, якая дазволіць вырошчваць пасадачны матэрыял круглы год, не аглядваючыся на кліматычныя змяненні і катаклізмы. І гэта павінна прынесці свае плады для краіны на шляху да лідарства ў ліку лясных сусветных дзяржаў”, – казаў Віталій Аляксандравіч.
“Брэстчына – ужо лідар у краіне па развіцці лясной гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, – адзначыў, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар. – Кожны год мы выконваем пастаўленую задачу па пасадцы лесу, з’яўляемся цэнтрам па выкарыстанні насення лепшых гатункаў”. Ён дзякаваў кіраўніцтву Сусветнага банка, раёна, лясгаса, а таксама будаўнікам за зробленую работу.
А будаўнікі і сапраўды не падвялі. “Як і абяцалі, узвялі аб’ект дакладна ў тэрмін – за 10,5 месяцаў, хаця “першапраходцам” заўсёды складаней”, – казаў галоўны інжынер ААТ “Палессежылбуд” Уладзімір Паляшчук. Складанасць аб’екта ў тым, што гэта быў пілотны аб’ект, яго ўзвядзенне патрабавала спецыялістаў высокага класа. Будаўнікі дзякавалі за падтрымку, куратарства і кансультацыі першаму намесніку міністра лясной гаспадаркі краіны Аляксандру Куліку, галоўнаму ляснічаму Брэсцкага ДПЛГА Аляксандру Мацюшэўскаму і ўсёй зладжанай камандзе, матываванай на рэзультат. Уладзімір Паляшчук уручыў сімвалічны ключ з лагатыпам генпадраднай будаўнічай арганізацыі і назвай комплексу дырэктару ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” Вікенцію Койпашу, які, у сваю чаргу, абяцаў зрабіць усё магчымае, каб выпускаць прадукт – ствараць лясы вышэйшай якасці.
Права перасекчы сімвалічную лясную ленту было дадзена ганаровым гасцям: Міхаілу Русаму, Аляксандру Крэмеру, Віталію Дрожжа, Вікенцію Койпашу і Уладзіміру Паляшчуку.
Пасля вядучыя запрасілі ўсіх на тэрыторыю комплексу: спачатку ў адміністрацыйны будынак, потым у цэх, дзе працавала аўтаматычная лінія па напаўненні субстратам касет і высевам насення, у цяпліцы і на палі па дарошчванні пасадачнага матэрыялу.
Адкрыццё такіх комплексаў – крок у будучыню, наперад на 20-30 гадоў. “Да 7 лістапада бягучага года, – заўважыў першы намеснік прэм’ер-міністра краіны Міхаіл Русы, – будзе адкрыты ў Шчамысліцах цэнтр у два разы магутней за Івацэвіцкі. У наступным годзе такія комплексы будуць адкрыты ў Магілёве, Шчучыне і Рэчыцы”. На першы план выходзіць дыктатура тэхналогіі – усё павінна быць эфектыўным і прыносіць карысць. Перавага такіх цэнтраў у тым, што выжываемасць сеянцаў амаль 100 працэнтнае, колькасць сеянцаў на гектар скарачаецца па гэтай прычыне амаль удвая. Эканомія пасадачнага матэрыялу і працоўных рэсурсаў па доглядзе за ім.
Для Івацэвічаў новы комплекс – гэта не толькі вырошчванне 2 млн. 300 тыс. сеянцаў за год, а і 13 дадатковых працоўных месцаў.
Завяршылася ўрачыстасць пасадкай гасцямі памятнай алеі ліпы на тэрыторыі комплексу.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 красавіка ў ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў Брэсцкай вобласці і краіне комплексу па вырошчванні лясных сеянцаў з закрытай...
|
|