Вада — самае важнае рэчыва, якое спажывае наш арганізм. Яна неабходная кожнай клетцы, тканцы і органу для нармальнага функцыянавання. Відавочна, што ад яе якасці залежыць і здароўе чалавека. Як на Пастаўшчыне наладжана забеспячэнне насельніцтва пітной вадой, ці з’яўляецца яна якаснай, пра функцыянаванне аб’ектаў водазабеспячэння і іншае размова з галоўным урачом раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланай Анатольеўнай Рассеевай.
— Раскажыце, калі ласка, адкуль у нашы дамы паступае вада? — Асаблівасцю нашага раёна, дарэчы, як і ўсёй Віцебскай вобласці, з’яўляецца адсутнасць водазабеспячэння насельніцтва з адкрытых крыніц. У гэтых мэтах выкарыстоўваем толькі падземныя. Яны знаходзяцца на глыбіні ад 60 да 250 метраў, а вада з іх першапачаткова адпавядае ўсім патрабаванням гігіенічных нарматываў за выключэннем павышанага ўтрымання жалеза. Але названая праблема ўласцівая для ўсёй Беларусі. Пра гэта гаварыла і намеснік галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ларыса Фёдараўна Зінкевіч, якая ўдзельнічала ў нядаўнім пасяджэнні райвыканкама па «водным» пытанні.
Да нядаўняга часу на балансе УП ЖКГ знаходзіліся 24 водаправоды, 44 артэзіянскія свідравіны, што іх сілкавалі, і 6 станцый абезжалезвання. У студзені бягучага года гэтыя аб’екты перададзены філіялу «Докшыцыводаканал». Яшчэ адна арганізацыя, якая ажыццяўляе забеспячэнне насельніцтва Варапаева і часткі горада Паставы вадой, гэта «Дарводаканал». Што да санітарнай службы раёна, то яна вядзе надзор за 106 гаспадарча-пітнымі водаправодамі і 155 артэзіянскімі свідравінамі.
— Як можна панізіць утрыманне жалеза ў вадзе? — ДАСТ на пітную ваду рэгламентуе ўтрыманне жалеза 0,3 міліграма на літр. У нас назіраеца перавышэнне нормы ў два разы. Гэта праблема ўласцівая для сельскай мясцовасці, дзе адсутнічаюць станцыі абезжалезвання. Вырашыць яе можна, пабудаваўшы іх. Толькі так вада стане гарантаванай якасці. У раёне дзейнічаюць 6 станцый абезжалезвання. Дзве з іх знаходзяцца ў райцэнтры (водазаборы «Спорыца» і «Паставы-18»), астатнія — у Дунілавічах, Лынтупах, Вярэньках і ў абласным дзіцячым рэабілітацыйным аздараўленчым цэнтры «Ветразь». Не адзін год не маглі трапіць у інвестыцыйныя праграмы па будаўніцтве станцый абезжалезвання Варапаева і Юнькі. Сёлета, нарэшце, лёд крануўся.
— Святлана Анатольеўна, патлумачце, ці з’яўляецца падключэнне жыхароў раёна да цэнтралізаваных сетак водазабеспячэння пажаданым фактарам. — Гэта так. На сёння цэнтральнае водазабеспячэнне ёсць у 43 населеных пунктах раёна. За два папярэднія гады да яго падключаны 142 домаўладальнікі. Там, дзе магчыма, такія работы працягнуцца, дзе не — супрацоўнікі нашага цэнтра будуць весці растлумачальную работу з насельніцтвам.
— Што маеце на ўвазе? — Там, дзе адсутнічае цэнтралізаванае водазабеспячэнне, выкарыстоўваецца вада з калодзежаў. А яна не заўсёды з’яўляецца якаснай. Каб знізіць рызыку, абавязкова трэба ўтрымліваць калодзежы ў належным стане: арганізацаваць 50-метровую зону, у якую не павінны трапляць гной і ядахімікаты, абсталяваць навесам. У пачатку 2000-х гадоў у рэспубліцы быў выпадак, калі для харчавання немаўляці выкарыстоўвалася вада з калодзежа з вельмі высокім утрыманнем нітратаў. На жаль, дзіця памерла.
Праблема адсутнасці цэнтралізаванага водазабеспячэння ўласцівая для малых населеных пунктаў, дзе ў асноўным пражываюць пенсіянеры. Але на лета да іх прыязджаюць дзеці і ўнукі. Ім варта паклапаціцца пра сваю бяспеку — здаць пробы вады ў санстанцыю. Тое самае датычыцца і мясцовых жыхароў.
— Ці скардзяцца на якасць вады жыхары шматкватэрных дамоў? — Не так даўно такія скаргі паступалі ад жыхароў дамоў №№1, 2, 3, 4 па вуліцы Зялёнай. Людзі наракалі на дрэнную якасць вады, якая цячэ з кранаў. Пры лабараторным даследаванні ўстаноўлена, што прычына — у зношанасці сістэм водападачы. Пытанне замены зношаных водаправодных сетак будзе паэтапна вырашацца на працягу гэтага і наступнага гадоў.
> Вада — самае важнае рэчыва, якое спажывае наш арганізм. Яна неабходная кожнай клетцы, тканцы і органу для нармальнага функцыянавання. Відавочна, што ад яе якасці...