Чалавек года Шаркаўшчыны — вадзіцель УКП ЖКГ Уладзімір Каплуноўскі. 21.by

Чалавек года Шаркаўшчыны — вадзіцель УКП ЖКГ Уладзімір Каплуноўскі

19.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

371Ва ўсе часы паспяховасць чалавека вызначала не столькі яго адукацыя, колькі ўзровень майстэрства і набытыя прафесійныя навыкі. Аб гэтым, абмяркоўваючы кадравыя пытанні, на розных узроўнях гавораць не першы год: на фоне перакваліфікацыі юрыстаў-эканамістаў-менеджэраў рынак працы адчувае дэфіцыт менавіта ў кваліфікаваных рабочых. Залатыя рукі ў вялікай цане і заўсёды будуць запатрабаваны.

Сярод працаўнікоў УКП ЖКГ лаўрэатам звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” па выніках работы за мінулы год стаў вадзіцель МАЗа-555 Уладзімір Дзіянісавіч Каплуноўскі. Усё cвядомае жыццё мужчына правёў за рулём. Пасля 8 класаў Шаркаўшчынскай сярэдняй школы паступіў у Глыбоцкае СПТВ, якое паспяхова закончыў і атрымаў спецыяльнасці вадзіцеля і трактарыста. Вадзіцелем грузавой машыны пачынаў працаваць у былым калгасе Даватара (сучасны аграгарадок Пялікі), потым перайшоў на працу ў ЖКГ. Праз 7 гадоў вярнуўся ў сельскагаспадарчую вытворчасць, некаторы час з’яўляўся вадзіцелем Шаркаўшчынскага кансервавага завода. З 2011 года і па сённяшні дзень Уладзімір Дзіянісавіч працуе на грузавым аўтамабілі МАЗ-555, ажыццяўляе перавозку грузаў: перавозіць драўнінную шчапу ў кацельныя раёна, дастаўляе на аб’екты будаўнічыя матэрыялы, гравій, цэглу, ажыццяўляе шэраг іншых неабходных для арганізацыі перавозак. У любы дзень адзін з самых вопытных вадзіцеляў УКП ЖКГ гатовы паехаць па неабходныя матэрыялы ў камандзіроўку ў Мінск або Віцебск, Чашнікі, Лепель і нават у Гродзенскую вобласць. Шэраг паездак, вядома, ажыццяўляецца і на тэрыторыі нашага раёна. Кіраўніцтва УКП ЖКГ адразу разгледзела ва Уладзіміры Каплуноўскім адказнага і добрасумленнага работніка, якога смела можна накіраваць ў любы рэйс, даверыць любую справу.

— На такіх людзях, звычайных працаўніках, і трымаецца ў наш няпросты час УКП ЖКГ, як і іншыя арганізацыі нашага раёна, —адзначыў галоўны інжынер Аляксей Уладзіміравіч Чупроў. — Вадзіцель з вялікім вопытам работы, Уладзімір Дзіянісавіч Каплуноўскі шмат гадоў добрасумленна працуе на сваім рабочым месцы, адказна, прафесійна і якасна. І свой аўтамабіль, МАЗ-555-ы, за рулём якога ўжо сёмы год, Уладзімір своечасова рамантуе сам. А колькі гэта работа патрабуе сіл і часу, улічваючы стан нашых дарог пасля зімы, думаецца, казаць не трэба. Таму і лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны-2017” гэты чалавек стаў невыпадкова.

Сам жа Уладзімір Дзіянісавіч прызнаўся, што работа вадзіцеля яму заўсёды падабалася, як і калектыў, у якім адпрацаваў каля 14 год. Хоць работа ў сістэме ЖКГ — гэта заўсёды вялікая адказнасць: любая недакладнасць пацягне за сабой значныя наступствы. І ўсё ж месца працы герой гэтага артыкула мяняць не збіраецца, хоць да пенсіі яшчэ далёка. 20 красавіка Уладзімір адзначыць свой 50-гадовы юбілей.

А яшчэ мужчына дадаў, што паспяваць усё на рабочым месцы не складана, таму што адчувае падтрымку родных, а надзейным тылам для яго заўсёды з’яўляецц сям’я, дзе чакаюць і з позніх рэйсаў, і пасля заканчэння рабочага дня. З жонкай Наталляй Васільеўнай Фёдаравай Уладзімір Дзіянісавіч выхаваў дзвюх дачок. Старэйшая Аліна з сям’ёй пражывае ў Мінску, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі і звязала сваё жыццё з работай у банкаўскай сферы. Малодшая Дзіяна па размеркаванні  працуе сакратаром-рэферэнтам у адной з арганізацый Барысаўскага раёна. У сям’і старэйшай дачкі падрастае двухгадовая Лера — любімая і пакуль што адзіная ўнучка Уладзіміра Дзіянісавіча і Наталлі Васільеўны. Жыццё ідзе сваёй чарадой.

Віншуем Уладзіміра Дзіянісавіча з заслужанай узнагародай — прысваеннем яму ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны-2017”, якую асабліва было прыемна атрымаць напярэдадні значнага жыццёвага юбілею.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика