Раённы Савет дэпутатаў 28 склікання распачаў сваю дзейнасць у сакавіку гэтага года. Аб пераемнасці, задачах, наказах і шляхах іх выканання мы гутарым са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Іванам РАМАНОВІЧАМ.
- Іван Іванавіч, па-першае дазвольце павіншаваць Вас з абраннем на гэту адказную пасаду і выказаць спадзяванне, што па-ранейшаму і Вы асабіста, і нашыя дэпутаты будуць актыўна супрацоўнічаць з мясцовымі сродкамі масавай інфармацыі, дзеля вырашэння надзённых праблем жыхароў нашага раёна.
Па-другое, хацелася б пачуць Вашу ацэнку дзейнасці папярэдняга складу дэпутацкага корпуса.
- Дзякую за віншаванне. Таксама ўпэўнены, што супрацоўніцтва дэпутатаў і прэзідыума раённага Савета з журналістамі мясцовых СМІ будзе насіць канструктыўны характар і спрыяць стабільнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна.
Што да дзейнасці папярэдняга склада Савета дэпутатаў, то я трымаў падрабязную справаздачу на завяршальнай сесіі Савета дэпутатаў 27 склікання. Хачу толькі яшчэ раз нагадаць, што ніякіх ільгот і прывілей народныя абраннікі не маюць, акрамя толькі права пазачарговага прыёму ў кіраўнікоў любога рангу. Гэтым правам і карысталіся тыя, хто выконваў свае дэпутацкія абавязкі на грамадскіх пачатках дзеля вырашэння праблем мясцовых жыхароў. А галоўная ўзнагарода за патрачаны асабісты час, а іншым разам і здароўе, – шчырая падзяка выбаршчыкаў.
Галоўная форма дзейнасці Савета дэпутатаў – сесія. За справаздачны перыяд было праведзена 42 сесіі, на якіх былі разгледжаны 222 пытанні, 56 з іх - нарматыўна-прававыя акты. На пасяджэннях прэзідыума прыняты 166 рашэнняў, сярод якіх актуальныя і жыццёва важныя, патрабуючыя хуткага вырашэння. Узнімаліся і вырашаліся праблемы навядзення парадку на зямлі, пажарнай бяспекі, сітуацыі на рынку працы, стану медыцынскага абслугоўвання. У 2016 го-дзе было прынята 13 рашэнняў па рэалізацыі раённых комплексаў мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне дзяржаўных праграм на 2016 - 2020 гады па ўсіх накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Дэпутаты ўдзельнічалі ва ўсіх грамадска-палітычных акцыях, што ладзіліся ў раёне. Дарэчы, рашэннем сесіі за дэпутатамі замацаваны неблаганадзейныя праблемныя сем’і, у якіх дзеці патрабуюць дадатковай дзяржаўнай абароны. Дэпутаты наведвалі такія сем’і, спрыялі выхаду са складанай жыццёвай сітуацыі, прывозілі падарункі дзецям на святы.
- Іван Іванавіч, я ведаю, што апошнім часам праводзіцца актыўная работа па прыцягненні сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі для ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. Якія сельсаветы далучыліся да праектнай дзейнасці, што яны атрымалі?
- Паспяхова працуюць у гэтым кірунку Крэўскі, Залескі, Сольскі сельвыканкамы. У Залескім сельсавеце была рэалізавана мясцовая ініцыятыва па стварэнні бюро комплексных паслуг для мясцовага насельніцтва. У 2017 годзе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў аграгарадку Солы пабудавана стаянка водных турыстаў. У Крэўскім сельсавеце праведзены шэраг мерапрыемстваў і семінараў на тэму развіцця сельскага бізнесу. У выніку тры жыхары сельсавета зарэгістраваліся рамеснікамі, а два - ІП па разнастайных відах дзейнасці. Ініцыятыўнымі групамі распрацаваны стратэгіі ўстойлівага развіцця Залескага і Крэўскага сельсаветаў да 2030 года. Сельсаветы раёна сумесна з грамадскасцю плануюць і надалей актыўна ўдзельнічаць у праектнай дзейнасці для прыцягнення дадатковых інвестыцый.
- Адно з асноўных напрамкаў дзейнасці дэпутата – работа з выбаршчыкамі, аператыўная рэакцыя на запыты людзей. Якія праблемы найчасцей узнікалі, і як яны вырашаліся дэпутатамі?
- Большасць зваротаў рашалася пры непасрэдным кантакце з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў райвыканкама або кіраўнікамі раённых арганізацый. Тэматыка зваротаў розная, але найчасцей яны тычыліся рамонту дарог, стану дамоў, якасці камунальных паслуг, утрымання могілкаў, працаўладкавання. Звярталіся людзі і з праблемамі вывазу смецця, з пытаннямі аховы здароўя, былі прэтэнзіі да работы прадпрыемстваў гандлю і яшчэ шмат іншых. Нямала нараканняў было з-за шкодных выкідаў у адрас ліцейна-механічнага завода і ў адрас “Кранаспана”. На ліцейна-механічным заводзе дасягнута зніжэнне шкодных выкідаў. Сітуацыю на “Кранаспане” мы будзем адсочваць з новым складам Савета. Што да былога корпуса, то, на маю думку, усе вартасна справіліся са сваімі абавязкамі, своечасова рашалі задачы, былі сапраўднымі праваднікамі паміж насельніцтвам і выканаўчымі ўладамі, тлумачылі выбаршчыкам на сустрэчах аб фінансавых магчымасцях або немагчымасці вырашэння асобных праблем. Такім чынам спрыялі захаванню здаровага маральна-псіхалагічнага клімату ў грамадстве.
- У чым была асаблівасць сёлетняй выбарчай кампаніі?
- Гэта выбарчая кампанія праходзіла даволі бурна ў параўнанні з папярэднімі. Актыўна праводзіліся пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі. Упершыню адкрываліся разліковыя рахункі кандыдатаў у дэпутаты, сродкі з якіх накіроўваліся на выданне ўлётак і іншай інфармацыйнай прадукцыі. Многія кандыдаты выступалі са сваімі праграмамі ў сродках масавай інфармацыі. Усе выступленні насілі канструктыўны характар. Хачу нагадаць цяперашнім дэпутатам, што ўсе іх улёткі выбаршчыкі захавалі. Да мяне звяртаюцца часам людзі, якія паказваюць гэтыя праграмы і абяцаюць адсочваць, як іх абраннік справіцца з тым, што абяцаў.
- Крыху раскажыце, калі ласка, пра новы склад Савета дэпутатаў і пра яго планы на будучае.
- Лічу вельмі важным, што ў новым складзе дэпутатаў забяспечана пераемнасць. 30% абраных дэпутатаў з папярэдняга складу, і яны будуць дзяліцца вопытам сваёй работы з абранымі ўпершыню.
Нас чакае вельмі напружаная работа ў бліжэйшыя чатыры гады. За спінай кожнага абранніка стаяць каля паўтары тысячы выбаршчыкаў, у якіх ёсць і праблемы, і нявырашаныя пытанні, і прапановы па тым, як зрабіць жыццё ў нашым горадзе больш камфортным, цікавым, змястоўным. Дэпутаты проста абавязаны прыслухоўвацца да слушных прапаноў і распрацоўваць свае шляхі вырашэння. Тым больш, што гэты год абвешчаны Годам малой радзімы, і мы ўсе разам будзем клапаціцца, каб нашы мясціны былі прывабнымі і для нас, і для гасцей раёна, шматлікіх турыстаў, якіх прыцягвае да нас багатая гісторыка-культурная спадчына.
Асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю сельскіх тэрыторый, аграгарадкоў. Насельніцтву павінны прапаноўвацца альтэрнатыўныя паслугі пры закрыцці пэўных аб’ектаў бытавога абслугоўвання ці іншых.
У сельскай мясцовасці шмат праблем. Чакае вырашэння, напрыклад, забеспячэнне жыхароў некаторых населенных пунктаў чыстай пітной вадой. Не заўжды якасна працуе станцыя абезжалезвання вады, а нам неабходна пабудаваць яшчэ шэсць такіх станцый.
Нас чакае вельмі напружаная праца. Штоквартальна мы будзем кантраляваць ход выканання 13 раённых праграм па развіцці раёна ў бягучай пяцігодцы. Паміж работай сесій будуць дзейнічаць дэпутацкія камісіі, якія аператыўна павінны здымаць самыя хвалюючыя праблемы і даводзіць да ведама насельніцтва ход выканання запытаў або прычыны, па якіх не ўсе просьбы выбаршчыкаў мо-гуць быць вырашаны.
- Дзякую за гутарку. Шчыра зычу поспехаў новаму дэпутацкаму корпусу і Вам асабіста.
Раённы Савет дэпутатаў 28 склікання распачаў сваю дзейнасць у сакавіку гэтага года. Аб пераемнасці, задачах, наказах і шляхах іх выканання мы гутарым са старшынёй...