Расціце, клёны, расціце!
24.04.2018
—
Разное
|
>
![]() За работай дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонак, старшыня райвыканкама С. В. Чэпік і яго намеснік І. І. Несцяронак Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 276, у Беларусі 21 красавіка прайшоў рэспубліканскі суботнік. Актыўна падтрымалі гэтую традыцыйную штогадовую акцыю і на Пастаўшчыне. Напярэдадні ў райвыканкаме быў створаны арганізацыйны камітэт. Яго члены праехалі па горадзе і вызначылі асноўныя аб’екты, на якіх трэба прыкласці максімум сіл для прывядзення іх у належны стан. Суботнік — гэта своеасаблівая талака, калі вялікай грамадой можна зрабіць вельмі шмат. Навядзеннем парадку на вуліцах, у парках і скверах, на вытворчых аб’ектах і прылеглых да іх тэрыторыях, ля помнікаў і ў месцах баявой і воінскай славы, уборкай смецця з прыдарожных палос і месцаў масавага адпачынку займаліся ў мінулую суботу пастаўчане. На пустэчы за мікрараёнам 6 гарадка ў апошнія гады пабудаваны два пяціпавярховыя дамы, кватэры ў іх атрымалі 120 сямей. Завяршаецца ўзвядзенне трэцяга. У канцы лета будзе закладзены фундамент яшчэ аднаго. Новы мікрараён прырастае, і работы па добраўпарадкаванні шмат. Гэтай справе і прысвяцілі суботнік старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік, яго намеснікі Ірына Іванаўна Несцяронак, Павел Радзівонавіч Станюш, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Леанідавіч Курто, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч і іншыя. Яны пасадзілі 30 клёнаў. Прыняў удзел у добраўпарадкаванні Пастаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш зямляк Сяргей Рычардавіч Зямчонак. — У Год малой радзімы я абавязаны працаваць менавіта тут, — гаварыў Сяргей Рычардавіч. — Паставы для мяне — дарагое месца, з ім звязаны лепшыя гады жыцця. Прыемна, што апошнім часам шмат робіцца для таго, каб райцэнтр прыгажэў. Радуюць станоўчыя змены па акультурванні тэрыторыі пры ўездзе ў горад з 11-кіламетроўкі. Суботнік — патрэбная рэч. Гэта магчымасць для кожнага ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне. Нярэдка даводзіцца чуць меркаванне: дзяржава павінна клапаціцца пра нас. А што робім мы, напрыклад, для таго, каб месца, дзе жывём, было больш прыгожым, утульным? Работа кіпела: адна за другой выкопваліся ямкі, высаджваліся маладзенькія дрэўцы, паліваліся, прывязваліся да калочкаў. На жаль, ніхто з тых, пад чыімі вокнамі наводзілася прыгажосць, не прапанаваў сваёй дапамогі. Новы комплекс для дзяцей А праз дарогу — ля брацкай магілы, дзе пахаваны 333 воіны, — раўнялася тэрыторыя (напярэдадні выкарчавалі пні старых дрэў), вяліся падсыпка грунтам і падрыхтоўка да закладкі газона. Абнавілі дарогу Для вадзіцеляў, якія ў мінулую суботу накіроўваліся з плошчы імя Леніна ў райцэнтры ў кірунку заправачнай станцыі, былі часовыя нязручнасці — рух на ўчастку дарогі насупраць цэнтральнай раённай бальніцы (ад павароту на завулак Савецкі да павароту да аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН) быў перакрыты: дарога «апраналася» ў новы асфальт. Гэтай справай займаліся работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ № 132». Стаяў МАЗ з гарачым асфальтам, працавалі два каткі, асфальтаўкладчык. Хапала і ручной працы: устанаўліваліся бардзюры, асфальтам пакрываўся тратуар. Рыдлёўка замест …скальпеля Тэрыторыя цэнтральнай раённай бальніцы заўсёды дагледжаная. Тут шмат зеляніны, кветак, малых архітэктурных форм. Усё гэта стварае душэўную гармонію і садзейнічае хутчэйшаму выздараўленню пацыентаў. Тут любяць праводзіць вясельныя фотасесіі, бываюць з экскурсіямі шматлікія турысты, якія наведваюць палац Тызенгаўзаў. За парадкам на тэрыторыі сочыць у асноўным малодшы медыцынскі персанал. А вось падчас суботніка замест скальпеля ўзялі ў рукі рыдлёўкі і хірургі, змянілі белыя халаты на рабочыя іншыя ўрачы. Прыкладам для іх быў сам галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. …і гармоніка Пастаянна любуюся арыгінальнымі, з густам аформленымі клумбамі каля школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Падчас суботніка на добраўпарадкаванні тэрыторыі школы працаваў не толькі тэхнічны персанал, але і дырэктар Анатолій Анатольевіч Собаль, іншыя выкладчыкі. З рабочым інструментам яны ўпраўляліся гэтак жа ўмела, як і з музычным — гармонікам, цымбаламі, флейтай, дудачкай. — Пройдзе не так шмат часу, і ў наш горад у чарговы раз на Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» завітае шмат гасцей, — гаварылі работнікі ўстановы. — Яны ніколі не абмінаюць нас. Таму і стараемся, каб тут было прыгожа. Справа кожнаму знайшлася Навядзеннем парадку на прылеглых тэрыторыях калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада займаюцца пастаянна. Многія, не чакаючы суботніка, адразу пасля таго, як сышоў снег, выграблі смецце, пабялілі дрэўцы, абнавілі клумбы. Хапіла спраў і на суботніку. Сотні рук працавалі з венікамі, граблямі, лапатамі, піламі, сякерамі. На вуліцы 17 Верасня, ля 6 гарадка, яшчэ з часоў, калі тут стаяла лётная часць, засталіся два гаражы, іншыя пабудовы. Па назначэнні яны даўно не выкарыстоўваліся: з часам пахіліліся сцены, згніў і праваліўся дах. Таму і сталі месцам звалкі. Сюды скідвалася ўсё непатрэбнае: пластыкавыя бутэлькі, шкло, папера… Членамі штаба па правядзенні суботніка было прынята рашэнне знесці пабудовы. Гэтым і заняліся мужчыны, якія працуюць у розных аддзелах райвыканкама. Працоўны дэсант з ліку работнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, аддзела адукацыі, спорту і турызму наводзіў парадак на набярэжнай ракі Мядзелкі. У гарадскім парку працавалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, у бярозавым гаі ўздоўж чыгункі — ільнозавадчане. Каласальны аб’ём работ па ўборцы прыдарожнай паласы ўздоўж дарогі Паставы—Браслаў ад мікрараёна 5 гарадка, а таксама ля гаражных кааператываў выканалі работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншых аддзелаў. У марафон па навядзенні чысціні актыўна ўключылася моладзь. Члены БРСМ у рамках рэспубліканскага суботніка правялі акцыю «Труд — крут». Колькі смецця было сабрана з несанкцыянаваных звалак, падлічыць цяжка. Але, каб яго вывезці, аднаго трактарнага прычэпа аказалася мала. На жаль, тыя, хто мае тут гаражы, ніколі не далучаюцца да навядзення парадку, не ўносяць прапаноў па няпланавым правядзенні суботніка. УП ЖКГ заўсёды гатова забяспечыць транспартам, неабходным інвентаром. Толькі калі людзі ўсвядомяць важнасць падтрымання чысціні — будзе толк. Не выключана, што прыбраная тэрыторыя неўзабаве зноў зарасце смеццем. Навядзенне парадку заўсёды патрабуе дадатковых рабочых рук і сіл. Зладжана працавалі на суботніку калектывы раёна газазабеспячэння, дзяржаўнага каледжа, вузла электрасувязі. Свой уклад у добраўпарадкаванне ўнеслі ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра, пагранічнай камендатуры, работнікі раённага Дома культуры, раёна электрасетак і многіх іншых арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў горада. Людзі розных узростаў і прафесій выконвалі важную і карысную справу. Толькі за адзін дзень горад змяніўся ў лепшы бок. Здаецца, не было той вуліцы, якая засталася б непрыбранай. Безумоўна, зрабіць усё за адзін ці нават некалькі дзён немагчыма. Стварэнне прыгажосці — справа працаёмкая. Каб было чыста, пра гэта трэба дбаць пастаянна. Добраўпарадкаванне працягваецца. І надалей кожны чацвер будуць прыбірацца вуліцы. Больш актыўна да навядзення парадку трэба падключыцца жыхарам вуліцы Юбілейнай, мікрараёна будаўнікоў, уладальнікам прыватных прысядзібных участкаў. Асаблівай увагі патрабуюць прыдамавыя тэрыторыі ля шматкватэрных дамоў. Толькі разам магчыма зрабіць наш горад чыстым, прыгожым, каб яго з задавальненнем наведвалі госці, а галоўнае — каб нам самім было прыемна і ўтульна жыць. З фотаапаратам працавала Анна АНІШКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> За работай дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Р. Зямчонак, старшыня райвыканкама С. В. Чэпік і яго намеснік І. І. Несцяронак... |
|