Людміла Лазарава: «Нам ёсць чым ганарыцца»
Перад тым, як пачаць пісаць свой артыкул, хачу звярнуцца да ўсяго народнага фальклорнага гурта “Вербіца”, кожны з удзельнікаў якога, безумоўна, заслугоўвае асаблівай увагі і напісання асобнай публікацыі. Таму адразу маё прабачэнне. Мабыць, абмежаваная колькасць часу, адыграла вядучую ролю, калі, літаральна, за гадзіну неабходна было здаць матэрыял да друку. Але хачу ўпэўніць творчы калектыў — усё яшчэ наперадзе…
Аб тым, што ў Хоцімскім раёне ёсць гурт, які спявае песні, што спявалі нашы бабулі, ведаюць не толькі на нашай малой радзіме, але і далёка за яе межамі. І калі вам даводзілася чуць гэтыя песні, або прысутнічаць на рэпетыцыях “Вербіцы”, то можаце з упэўненасцю сцвярджаць, што сталі сведкай багатай песеннай спадчыны нашага цудоўнага прыбеседскага края ( а яна без перабольшвання, сапраўды багатая, аўт.). Не магу не спыніцца і на тым факце, што гурт з’яўляецца пастаянным удзельнікам не толькі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных форумаў і фестываляў, але і займаецца адраджэннем мясцовых свят і абрадаў. Нямала гарадоў і мястэчак аб’ехаў калектыў, і мястэчак, і ўсюды яго выканаўцаў сустракалі як самых доўгачаканых і любімых гасцей. Не буду пералічваць узнагароды, якія “Вербіца” заслугоўвала падчас выступленняў (тым больш гэта рабілася на старонках раёнкі, аўт.), але скажу, што іх таксама назбіралася нямала.
Як жа песня з’явілася ў жыцці ўдзельнікаў калектыву, якую ролю адыгрывае песня не толькі ў іх жыцці, але і ўсяго прыбеседскага края, вырашыла запытаць Людмілу Лазараву (дарэчы, у пашпарце замест імя Людміла зусім іншае- Люся, але для маёй суразмоўцы такі зварот паспеў стаць звыклым, аўт.).
— Сама я родам з вёскі Зелянец (Чарняўскі сельскі Савет), да нашага клуба было аж тры кіламетры, але бралі вопратку з сабой, затым пераапраналіся, каб схадзіць патанчыць. Ведаеце, мне здаецца, раней песня з’яўлялася ў жыцці чалавека з самага нараджэння і ішла поруч з ім усё жыццё. Песні спявалі над калыскай дзіцяці, а таксама калі адпраўляліся на нейкую працу. Песні былі простымі, лёгка запаміналіся і расказвалі, у асноўным, пра жыццё простага чалавека ці пра каханне, таму запомніць іх было нескладана. Спяваць я любіла заўжды, і калі была маладзейшая і зараз, калі нешта раблю, напяваю сабе знаёмыя матывы. Раней часта запрашалі быць тамадой на вяселлях, — успамінае Людміла Іванаўна.
Большую частку свайго жыцця жанчына прапрацавала даяркай, але давялося пабыць і брыгадзірам і дэпутатам раённага савета. Нялёгка давялося працаваць на цукровым і цагляным заводзе, дзе рабіла і па дзве змены. Але ўсюды да Людмілы Іванаўны адносіліся з павагай, заўжды была ў перадавіках. Уся шафа ў доме жанчыны запоўнена падарункамі: прыгожы посуд, на сцяне цікаюць гадзіннікі. Жанчына дастае фотааальбомы- кожны фотаздымак нагадвае пра маладосць. І гэтыя ўспаміны парой не зусім радужныя, але для яе яны самыя цэнныя.
— Спачатку не стала бацькоў, затым прыйшлося займацца выхаваннем дзяцей, шмат працавала, старалася, як магла, каб даць дзецям самае лепшае…
Сярод усіх гэтых каштоўнасцей назбіралася нямала Грамат за добрасумленную працу, вось Ордэн працоўнай славы, бронзавы медаль за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР, нават даклад, які рыхтавала да 60-годдзя ўтварэння СССР, і які ўжо пажаўцеў ад часу, не выкінула, зберагла.
Сапраўдным багаццем для Людмілы Іванаўны з’яўляюцца дзеці, унукі і праўнукі. Дарэчы, яна можа з упэўненасцю сказаць аб тым, што яна шчаслівая бабуля- пяць унукаў і тры праўнучкі.
Яшчэ мая суразмоўца расказала, як неаднойчы развучвала і спявала песні разам з унучкамі, але яны больш з сучаснага рэпертуару. Адной з любімых стала прыгожая, і ў той жа момант сумная “Домік вокнамі ў сад”. Бабуліны рэпетыцыі, мабыць, не прайшлі дарэмна. І якраз у гэтым годзе адна з унучак, Дар’я Васілеўская, прадставіла наш раён на абласным этапе песні да юбілею вобласці. Не адстаюць ад Дашы і іншыя- таксама ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах, а бабуля імі вельмі ганарыцца.
— Безумоўна, радасна, калі моладзь цікавіцца сваёй спадчынай і захоўвае свае традыцыі, бо так хочацца, каб гэта не забывалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне,- канстатуе мая суразмоўца, і раптам на хвіліну задумваецца. -Зараз дзеці, на жаль, больш сканцэнтраваны на гульнях у кампутары, многія не ведаюць ніводнай песні, што спявалі іх бабулі. А так хочацца, каб маладое пакаленне гэтыя песні не толькі ведала, але і спявала.
На пытанне, якое месца для жанчыны самае дарагое і любімае, яна крыху задумваецца. А потым пачынае ўспамінаць вёску, дзе нарадзілася з найпрыгажэйшымі пейзажамі, дзе вясной так прыгожа спявалі салаўі, арэшнік, у які часта хадзіў бацька, каб набраць для малых пачастунак… Ды і мары ў Людмілы Іванаўны простыя, але вельмі важныя: каб усе былі здаровыя, каб было мірна, і каб людзі не забывалі пра сваю спадчыну.
Вольга Зайцава