Чалавек года Шаркаўшчыны: трактарыст-машыніст раёна электрасетак Раман Ермаловіч
27.04.2018
—
Разное
|
Амаль чвэрць стагоддзя ў Шаркаўшчынскім раёне электрасетак працуе трактарыстам бурыльна-кранавай машыны, створанай на базе МТЗ-82, Раман Віктаравіч Ермаловіч. А ўсяго вадзіцельскі стаж мужчыны налічвае 37 год. Нарадзіўся Раман Віктаравіч у вёсцы Стральцова, што ў Лужкаўскім сельсавеце. Закончыў восем класаў мясцовай школы і, як многія юнакі-равеснікі, вучыўся ў Глыбоцкім СПТВ, набыў там кваліфікацыю трактарыста-машыніста шырокага профілю. Адслужыўшы ў войску, перабраўся на сталае месца жыхарства ў Шаркаўшчыну. Непрацяглы тэрмін працаваў у раённым спажывецкім таварыстве. Затым быў трактарыстам на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. — У 1995 годзе былы начальнік раёна электрычных сетак Віталій Анісімавіч Шарыпа прапанаваў мне перайсці на працу ў РЭС, — успамінае Раман Віктаравіч. — Прапанову я прыняў, бо ведаў кіраўніка гэтай арганізацыі як добрага чалавека і прафесіянала сваёй справы. Вось з той пары я і працую тут. Да справы сваёй адношуся вельмі адказна, бо ад правільнага і дакладнага выканання службовых абавязкаў залежаць вынікі агульнай работы, якую мы выконваем разам з брыгадамі электраманцёраў: устанаўліваем слупы ліній электраперадач, мяняем аварыйныя апоры, выконваем іншыя віды работ, накіраваныя на бесперабойнае электразабеспячэнне. — Наш Раман Віктаравіч з’яўляецца прыкладам для іншых работнікаў РЭСа, — далучыўся да размовы начальнік арганізацыі Уладзімір Арсеньевіч Фёдараў. — Справу сваю ведае дасканала і працуе бездакорна. Яго трактар 1989 года выпуску. Але, як самі бачыце, выгляд мае такі, быццам зусім нядаўна сышоў з завадскога канвеера. Шануе Раман Віктаравіч замацаваную за ім тэхніку, беражліва яе эксплуатуе. Шмат падзяк, грамат мае за сваю станоўчую работу гэты мужчына. Чарговай узнагародай для Рамана Віктаравіча стала прысваенне яму ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” ў сакавіку сёлетняга года. Сціпласць, працавітасць і спагадлівасць — вось толькі некаторыя станоўчыя рысы характару Рамана Віктаравіча Ермаловіча, якія вылучаюць яго ў калектыве і дапамагаюць у жыцці. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|