На спартыўных арэнах. 21.by

На спартыўных арэнах

27.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

250418

З ПЕРАХОДАМ У ДРУГІ КЛАС

У мінулую нядзелю стартаваў Чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе. У прыхільнікаў нашай каманды «Нёман-Агра» ёсць зноў прыемная магчымасць паспяшацца на трыбуны стадыёна «Юнацтва», каб назіраць за гульнёй, падтрымаць футбалістаў у іх імкненні да перамогі.

Заклапочаны трэнер каманды Арцём Сукала. Дванаццаты сезон выступленняў гэтага майстравітага, вопытнага абаронцы ў калектыве нёманцаў стаў для яго і часам трэнерскага дэбюту. Хлопцы свае ў асноўным, вядомае іх уменне, галоўнае, каб калектыў быў згуртаваным, дзейнічалі па класічным прынцыпе: «Адзін за ўсіх, усе за аднаго». Сапраўды, касцяк каманды складаюць мясцовыя, стаўбчане, якіх добра ведаюць балельшчыкі. Гэта варатары Уладзіслаў Карніцкі, Вадзім Уставіч, Павел Нятрэба, абаронцы Аляксандр Крамко, Аляксей Дзягель, Алег Каракін, Ягор Макарэвіч, паўабаронцы Аляксандр Паляшчук, Валерый Карніцкі, Уладзіслаў Рубін, нападаючыя Дзмітрый Даўбейка, Максім Шкураценка. Саліднае папаўненне з Дзяржынска: Дзмітрый Стомаль, Аляксандр Марчук, Раман Беланожка, Іраклій Маградзэ, Андрэй Волчак, Ігар Пастухоў, Багдан Дубовік. Большасць з гэтых хлопцаў маюць вопыт выступленняў за дзяржынскую «Лівадзію» і гатовы праявіць сябе ў калектыве суседняга горада. Надзея і на маладых, выхаванцаў нашай ДЮСШ Паўла Туміловіча, Дзмітрыя Ілюшына, Дзмітрыя Петуха, Мікіты Калодзінскага, Паўла Бычынскага, Станіслава Ліхадзіеўскага. У саставе «Нёмана-Агра» і васямнаццацігадовы Ігар Рудзянок. Пэўна, ён пастараецца падтрымаць імідж свайго старэйшага брата. Аляксей Рудзянок, які летась радаваў стаўбчан тэхнічнымі дзеяннямі і выніковымі ўдарамі, выступае цяпер за «Іслач» з Мінскага раёна, калектыў вышэйшай лігі нацыянальнага першынства.

Самааддана адстойваць гонар свайго калектыву, а значыць, горада і раёна – задача выразная. Самыя здольныя і настойлівыя могуць марыць і дабівацца, каб пра іх ведалі і ў рэспубліцы, і за яе межамі. Як, скажам, Аляксандр Карніцкі, былы нёманец, а цяпер член зборнай каманды Беларусі, ігрок каманды вышэйшай лігі першынства Расіі «Тосна».

Нам жа хварэць за стаўбцоўскі «Нёман-Агра». Канкрэтная задача перад калектывам не ставіцца. Вядома, выдатна было б трапіць на прызавую прыступку. Надзея на гэта ёсць, нездарма ж «Нёман-Агра» прайшоў, можна сказаць, стажыроўку ў першай лізе нацыянальнага чэмпіянату. Аднак жа і сапернікі моцныя і амбіцыёзныя.

Асабліва на слыху з усяго саставу сёлетняй другой лігі НФК «Крумкачы». Нават саму абрэвіятуру спартыўныя журналісты расшыфроўваюць як «народны» ці нават «наш» футбольны клуб. Сталічная каманда, не маючы за сабой падтрымкі ад спонсараў – салідных прадпрыемстваў, даволі ярка ўспыхнула, заваявала права выступаць у вышэйшай лізе. Аднак палёт «Крумкачоў» абарваўся па банальнай прычыне пустога кашалька. І не па спартыўным прынцыпе, а выключна за непрадастаўленне ўсіх гарантый клуб быў выключаны з наймацнейшага дывізіёна. Цяпер жа паспрабуе зноў дабрацца да вяршыні, абапіраючыся на вопыт, энтузіязм ігракоў і пэўную дапамогу прыватных структур. Такая вось павучальная гісторыя. Прыгадаем таксама, што каманды з Клецка і Узды ў свой час адмовіліся ад заваяванага права пераходу ў першую лігу і цяпер будуць кампаньёнамі стаўбчан па другой лізе. Вопыт маюць, а без амбіцый няма чаго рабіць у спорце. Пэўна, будзе імкнуцца да вяртання ў першую лігу і ФК «Асіповічы», які разам са стаўбчанамі летась яе пакінуў.

Знаёмыя нёманцам па сумесным удзеле ў турнірах рэспубліканскага і абласнога маштабу каманды «Маладзечна-ДЮСШ-4″, «Вікторыя» (Мар’іна Горка), «Ашмяны-БГУФК», мінскі «Энергетык-БГАТУ», «СМІ-Аўтатранс» (Смалявіцкі раён), «Спадарожнік» (Рэчыца). Іншыя ўдзельнікі турніру таксама даволі спрактыкаваныя: ФК «Івацэвічы», «Горкі», «Бумпрам» (Гомель), «Рух» (Брэст). Вядома, што брэстаўчане з’яўляюцца фарм-клубам адной з мацнейшых камандаў Беларусі – брэсцкага «Дынама». І ўвогуле сёлетні склад удзельнікаў чэмпіянату ў другой лізе ацэньваюць як самы моцны за апошнія гады.

Што ж, тым больш упартай і цікавай стане барацьба, дзе, спадзяёмся, стаўбчане будуць не на апошніх ролях. Вопыт у хлопцаў ёсць, майстэрства, пэўна ж, на ўзроўні. Важна, што і трэнер, як гаворыцца, не прывазны, значыць, не абыякавы да лёсу каманды. Умовы спаборніцтваў у другой лізе, у адрозненне ад першай і вышэйшай, дазваляюць настаўніцтва і без ліцэнзіі. А як гаворыць сам Арцём Сукала, у яго ёсць жаданне прайсці і трэнерскую вучобу. Мае ён і практыку працы з юнымі футбалістамі ў ДЮСШ.

На пытанне аб падрыхтоўцы калектыву да чэмпіянату Арцём Аляксандравіч прывёў канкрэтны факт. Напярэдадні правялі таварыскія сустрэчы з ФК «Клецк». Адну прайгралі – 0:2, у другой зафіксавана нічыя – 2:2, ёсць і важная перамога – 6:2.

Менавіта апошні вынік абнадзейвае. Нашы балельшчыкі і патрабавальныя, і ўдзячныя. Няхай жа радуе «Нёман-Агра» якасным, выніковым футболам і на стадыёне «Юнацтва», і на арэнах іншых гарадоў рэспублікі.

 

ПАЧАЛІ З ПЕРАМОГІ

Сонечнае надвор’е, запоўненыя трыбуны стадыёна «Юнацтва». Сапраўдная атмасфера спартыўнага свята, тым больш што гэта першы матч футбольнага першынства рэспублікі 2018 года ў другой лізе.

І надзеі стаўбцоўскіх аматараў футбола на пераможны пачатак спраўдзіліся. Але ўсё было не так проста. Каманда «Маладзечна» – сапернік «Нёмана-Агра», можна сказаць, добра знаёмая нашым футбалістам, хоць, вядома, саставы калектываў мяняюцца. Стаўбчане з маладзечанцамі вялі барацьбу за прызавыя прыступкі ў вобласці, затым – у другой лізе нацыянальнага чэмпіянату. І вось зноў сустрэча ў знаёмым турніры.

Нёманцы пачалі актыўна і на 25-й мінуце матча Багдан Дубовік адкрывае лік. Але ўжо праз пяць хвілін на табло значылася 1:1. І далей ішла цікавая барацьба, ды раўнавага не парушалася. Калі пайшлі дабаўленыя суддзёй сустрэчы да асноўнага часу гульні мінуты, трапны ўдар удаецца Максіму Шкураценку. У адзіным парыве балельшчыкі вітаюць пераможны вынік – 2:1.

«Нёман-Агра» цяпер у абойме лідараў разам з камандамі «Рух», «Вікторыя», «Спадарожнік», ФК «Ашмяны» і «Узда». Асабліва ўражальны старт у каманды «Рух» з Брэста, якая літаральна разграміла з лікам 9:0 сапернікаў са Смалявіч. А вось знакамітыя «Крумкачы» ў першым туры ўступілі сапернікам з Ашмян – 1:2.

Наступная сустрэча «Нёмана-Агра» з камандай «Бумпрам».

 

ПАМЯЦІ ПАНАМАРОВА

Аркадзій Панамароў. Гэтае імя асабліва шмат гаворыць жыхарам Дзераўной. Адважны камандзір партызанскай брыгады «Спартак» у пасляваенны час прысвяціў сябе справе педагога. Ён узначальваў Дзераўнянскую сярэднюю школу, якая вызначалася ў раёне творчымі дасягненнямі, а таксама і здабыткамі ў спорце.

Традыцыйныя турніры па валейболе, якія праводзяцца на базе Дзераўнянскага ФАКа, прысвячаюцца памяці Аркадзія Панамарова. Цікавая спартыўная барацьба разгарнулася і сёлета. У выніку перамогу атрымала каманда ААТ «Дзераўное», якая заваявала пераходны спартыўны кубак. За каманду выступалі выхаванцы трэнера Віктара Гаптара: Канстанцін Шуцько, Яўген Босы, Павел Снітко, Яўген Салацкі, Дзмітрый Салацкі, Міхаіл Чэмка, Андрэй Навіцкі.

На другім месцы валейбалісты вайсковай часці з Наваколасава, на трэцім – госці з Івянца. Удзел у турніры прынялі таксама каманды ВУ «Стоўбцыгаз», філіяла Мінскага маторнага завода, ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Дзераўнянскай ДЮСШ.

Лепшымі ігракамі турніру прызнаны Мікалай Латышаў, Арсеній Гаптар, Канстанцін Шуцько, Яўгеній Абрамовіч.

Усе каманды-прызёры і лепшыя ігракі адзначаны спартыўнымі кубкамі, граматамі, якія зацвердзіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЛЕПШАЯ – «ВІКТОРЫЯ»

У Магілёве на базе абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту «Алімпіец» адбыўся рэспубліканскі спартыўна-патрыятычны марафон «Будзь здароў!».

Ён быў прыўрочаны да Сусветнага дня здароўя, праводзіўся з мэтай выхавання ў падрастаючага пакалення культуры здаровага ладу жыцця.

У марафоне прымалі ўдзел члены БРПА ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў у складзе камандаў піянерскіх груп падтрымкі, па піянерболе, гульні «Гарадкі».

У піянерболе лепшай стала каманда «Вікторыя» піянерскай дружыны імя В. І. Аўчыннікава Любкаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Трэнер М. А. Мамайка навучыў школьнікаў не толькі дастойна прадстаўляць сваю каманду, але і не здаваць пазіцый.

Вольга СТРАШКО,намеснік дырэктара раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З ПЕРАХОДАМ У ДРУГІ КЛАС У мінулую нядзелю стартаваў Чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе. У прыхільнікаў нашай каманды «Нёман-Агра» ёсць зноў прыемная...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика