Дзень 1 мая па праве лічыцца «прафесійным» святам прафсаюзаў. З якімі здабыткамі сустракаюць яго прафсаюзныя арганізацыі Ганцаўшчыны? Аб гэтым расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля КАНДРАТОВІЧ:
– Галоўную ўвагу мы ўдзяляем людзям працы. Усе нашы намаганні скіраваны на тое, каб іх рабочыя месцы былі бяспечнымі, санітарна-бытавое і лячэбна-прафілактычнае абслугоўванне – якасным, працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы – надзейна абароненымі.
Так, напрыклад, грамадскай камісіяй па ахове працы за мінулы год праведзена 26 маніторынгаў яе стану на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у выніку выдадзена 18 рэкамендацый на ліквідацыю 83 выяўленых парушэнняў. У маі 2017 года мы ўдзельнічалі ў рабоце рэйдавай групы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у час якой у 14 правераных арганізацыях выяўлены 135 парушэнняў. Вынікі гэтай праверкі былі разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама 23 чэрвеня 2017 года, на якім прыняты неабходныя меры. Акрамя таго, 198 грамадскіх інспектараў у пярвічных прафсаюзных арганізацыях ажыццяўляюць штодзённы кантроль стану аховы працы на месцах, у вытворчых калектывах.
Шмат робіцца ў раёне прафсаюзнымі арганізацыямі па разглядзе зваротаў грамадзян і аказанні ім практычнай дапамогі ў вырашэнні той ці іншай праблемы. Вось канкрэтны прыклад. У раённае аб’яднанне прафсаюзаў звярнуўся вартаўнік рыбгаса «Лактышы» інвалід ІІІ групы Аляксандр Сукач. Ён паскардзіўся на тое, што на прадпрыемстве яму не даплачваюць да афіцыйна ўстаноўленага ў краіне мінімальнага заробку. Мы звярнуліся ў рыбгас з адпаведнымі рэкамендацыямі: там абавязаны былі зрабіць пераразлік. Адміністрацыя прадпрыемства прыслухалася да гэтых рэкамендацый, і Аляксандру Сукачу было дадаткова налічана 376,13 рубля.
Выкарыстоўваем і іншыя формы работы. У апошні чацвер кожнага месяца праводзяцца бясплатныя прафсаюзныя прававыя прыёмы. З кастрычніка мінулага года да іх падключыліся і супрацоўнікі раённай пракуратуры. За мінулы год прававыя інспектары ФПБ аказалі канкрэтную дапамогу 36 жыхарам раёна па самых разнастайных пытаннях: пенсійнага забеспячэння, перыядычнасці і тэрмінаў выплаты зарплаты, прымянення кантрактнай формы найму, аздараўлення, кампенсацыйных выплат за работу ў выхадны дзень і іншых.
Так што члены прафсаюза знаходзяцца пад надзейнай абаронай і могуць быць упэўненымі, што мы заўсёды ім дапаможам адстаяць законныя правы.
Вячаслаў БУРДЫКА.