Два юбілеі, знітаваныя ў адзін. 21.by

Два юбілеі, знітаваныя ў адзін

02.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_6510 (Копировать)

Ёсць у нашым жыцці цудоўная традыцыя — адзначаць юбілеі. А яны бываюць самыя розныя — маленькія і вялікія, вясёлыя і сумныя. Але гэта заўсёды вынік пражытага адрэзка часу, які стаў гісторыяй. Паслязаўтра, 4 мая, двайны юбілей будзе адзначаць Лужкаўская сярэдняя школа. Чаму двайны? Па-першае, таму, што гісторыя станаўлення адукацыі ў Лужках бярэ свой пачатак з 1748 года. Па-другое, 1 сакавіка 1978 года гасцінна расчыніў свае дзверы новы будынак навучальнай установы, заняткі ў якім праходзяць і цяпер.

Перыяд станаўлення

Вытрымка з завяшчання Полацкага каштальяна Валерыяна Жабы: “…задумал и постановил не с легкомысленности или по чьей-либо воле, но для увеличения хвалы Божьей часть добра моего между Лужками и Городцом отдать под строительство костела и школы пиарской, чтобы молодежь шляхетскую учить не только наукам светским, христианским, но чтобы они несли в этот простой край информацию и науку…”.

Школа ксяндзоў-піяраў існавала ў Лужках з 1748 па 1832 гады. Колькасць вучняў у ёй вагалася ад 100 да 200. Навучальны год працягваўся 10 месяцаў. Канікулы былі вельмі кароткімі: на Каляды з 24 па 27 снежня і на Вялікдзень. У школе заўсёды існавалі непаразуменні паміж настаўнікамі і бацькамі вучняў па пытаннях ад’езду апошніх у час вакацый дадому. Школа старалася ізаляваць навучэнцаў на ўсе 10 месяцаў, спасылаючыся на тое, што частыя візіты дамоў перашкаджаюць працэсу навучання. Вывучалі ў тагачаснай школе латынь і польскую мову, арыфметыку, геаграфію і гісторыю Польшчы, навукі пра жывёл. У маі 1832 года навучальная ўстанова ў Лужках была закрыта па прычыне ўдзелу вучняў і настаўнікаў у паўстанні 1831 года супраць расійскіх улад.

Ад царкоўна-прыходскай — да агульнаадукацыйнай

Маюцца звесткі, што ў 1902 годзе ў Лужках адкрылася царкоўна-прыходская школа, а ўсяго на тэрыторыі Лужэцкай воласці існавала шэсць народных вучылішч, у якіх дзеці навучаліся грамаце. У 1937 годзе школа стала сямігадовай. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч некаторы час працаваў тут настаўнікам батанікі і чарчэння. У 1947 годзе Лужкаўская школа ўпершыню выпусціла 14 вучняў, якія атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі. А яшчэ праз дзевяць год на базе навучальнай установы стварылі школьную вытворчую брыгаду пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Тархова. За поспехі ў вырошчванні кукурузы ў 1958 годзе школа ўзнагароджана Пахвальнай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Плённа працавалі арганізаваныя пры навучальнай установе лялечны тэатр і хор, якімі кіравалі Пётр Пятровіч Жугер і Уладзімір Ігнацьевіч Мяцеліца.

Вясна 1978 года застанецца назаўсёды ў памяці настаўнікаў, вучняў іх бацькоў і работнікаў Лужкаўскай СШ. 1 сакавіка быў здадзены ў эксплуатацыю будынак новай сучаснай школы. А будаўніцтва яе пачалося 10 чэрвеня 1976 года. Па папярэдняй дамоўленасці з бацькамі вучняў кожныя маці і бацька працавалі на ўзвядзенні школы па пяць дзён. Штодзённа пасля заняткаў дзяжурныя класы выконвалі падсобныя работы: прыбіралі будаўнічае смецце, складзіравалі будматэрыялы, выконвалі земляныя работы.

Восенню 1977 года адміністрацыя саўгаса “Гарадзец” выдзеліла два бульдозеры для планіроўкі пляцоўкі пад будучы стадыён, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі. Паступова, год за годам, мяняла сваё аблічча прышкольная тэрыторыя: узводзіліся цяпліцы і парнікі, зелянелі газоны, высаджваліся пладовыя дрэвы і кустарнікі. І ўся гэта працаёмкая работа выконвалася дзякуючы настаўнікам, вучням і работнікам школы.

У 1987 годзе створаны музей прыроды, які мае найменне “народны”. У 2003 годзе закладзены дэндрарый, у якім расце каля 25 відаў дэкаратыўных раслін і кустарнікаў. Тут праводзяцца феналагічныя назіранні, дзеці вучацца правільна складаць пашпарты раслін. Створана экалагічная сцежка, “Водны сад”, “Зімні сад”. Школа цесна супрацоўнічае з Цэнтральным батанічным садам.

На працягу апошніх год Лужкаўская СШ неаднаразова станавілася пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У 2003 годзе школа заваявала першае месца сярод навучальных устаноў Віцебшчыны ў конкурсе на лепшую сельскую школу і ўзнагароджана пасажырскім аўтобусам. У 2002 годзе як адна з лепшых навучальных устаноў па добраўпарадкаванні прэміравана трактарам МТЗ-82.

Пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза школа ўдзельнічала ў праектах “Малыя рэкі — вялікія праблемы: працуем разам над аховай і будучым малых рэк басейна ракі Дзісна”, “Зялёныя школы” і ў іншых экалагічных праектах.

Знакамітыя выпускнікі і мудрыя кіраўнікі

Шмат знакамітых людзей з’яўляюцца выпускнікамі Лужкаўскай сярэдняй школы. Сярод іх генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Грыдзюшка, Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Іван Аляксандравіч Краснадубскі, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя М. Танка Вера Васільеўна Мартынава, дацэнт кафедры педагогікі ВДУ імя Машэрава Рэгіна Уладзіміраўна Загарулька, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Мечыслаў Віктаравіч Морхат, старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Віктаравіч Морхат і шэраг іншых.

Выдатнік адукацыі СССР і БССР, Заслужаны работнік адукацыі Беларускай ССР, стыпендыят Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — вось толькі некаторыя званні былога дырэктара Лужкаўскай СШ Міледзія Антонавіча Андзілеўкі, які працаваў і ўзначальваў з 1993 па 2006 гады навучальную ўстанову. Настаўнік вышэйшай катэгорыі пачаў свой працоўны шлях у 1956 годзе. Усё жыццё ён прысвяціў педагагічнай справе. Нават газетнага аркуша не хопіць, каб пералічыць яго заслугі, дзякуючы якім Лужкаўская сярэдняя школа праславілася не толькі ў раёне, вобласці, краіне, але і на прасторах былога Савецкага Саюза. Яшчэ ў 1981 годзе Міледзій Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” за поспехі школьнай вытворчай брыгады. Яму першаму ў Беларусі прысуджана званне настаўнік-метадыст і ўручаны медаль Францыска Скарыны. Вялікую ўвагу Міледзій Антонавіч надаваў экалагічнаму выхаванню вучняў, прывіваў дзецям любоў да працы. Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб навучальная ўстанова стала адной з перадавых школ Беларусі. Пацверджанне таму — шэраг узнагарод, пяць з якіх яму асабіста ўручыў лідар нашай краіны А. Р. Лукашэнка.

Слаўныя традыцыі, закладзеныя Міледзіем Антонавічам Андзілеўкам, беражліва захоўваюцца і пашыраюцца пры цяперашнім кіраўніку школы Ларысе Віктараўне Гаранінай. Навучальная ўстанова працуе ў валеалагічным накірунку. У працэс навучання і выхавання ўкараняюцца сучасныя метады і формы работы. Дванаццаць год Ларыса Віктараўна Гараніна вядзе свой згуртаваны, сяброўскі калектыў настаўнікаў і вучняў да новых вяршынь, перамог і дасягненняў. За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей дырэктар школы ўзнагароджана Падзякай старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна — лаўрэат звання “Чалавек года Шаркаўшчыны-2012”. А ў мінулым годзе Ларыса Віктараўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь”.

Напэўна, самае галоўнае ў школе — яе душа. Той дух, які фарміруецца калектывам настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Няўмольна бяжыць час, а школа ўсё роўна будзе заставацца маладой, таму што яна не мае ўзросту. Ёй заўсёды будзе столькі, колькі ад першага да апошняга школьнага званка праходзяць свой шлях вучні.

Па матэрыялах, прадастаўленых адміністрацыяй Лужкаўскай СШ, падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика