«Сацыяльны экспрэс» прывозіць радасць. 21.by

«Сацыяльны экспрэс» прывозіць радасць

04.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Ядвігу Іосіфаўну Якубовіч, Мяланню Бенядзіктаўну Пяткевіч і Юзэфу Аляксандраўну Пяткевіч з Кавалёў запрасілі ў Рагонішкі работнікі сацыяльнай службы. Сабраліся ў прасторным, гасцінным доме Алены Мікалаеўны і Анатолія Мікалаевіча Мудрых. Гаспадары некалі жылі ў Мінску. Аблюбавалі рагонішскую зямлю, пусцілі ў яе карані, паладзілі з мясцовымі жыхарамі. Вяскоўцы таксама хутка прынялі шчырых і адкрытых мінчан. Прыйшла на сустрэчу і суседка Ядвіга Рамуальдаўна Якубовіч.

Гасцей чакаў сюрпрыз — прыезд «Сацыяльнага экспрэса». Гэта новая форма работы лынтупскага філіяла тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу­гоўвання насельніцтва. «Экспрэс» — мабільная брыгада на колах. Яна ўключае сацыяльных работнікаў надомнага абслугоўвання і аддзялення тэрміновага сацабслугоўвання, урача агульнай практыкі і членаў клуба «Актыўнае пакаленне», у склад якога ўвайшлі наведвальнікі дзённага аддзялення для пажылых. Брыгада створана для таго, каб маламабільныя грамадзяне, якія пражываюць у аддаленых населеных пунктах, маглі ў поўным аб’ёме атрымаць сацыяльную падтрымку і паслугі. 

— Псіхолагі, урачы адзначаюць, што пажылыя людзі, асабліва адзінокія, часта пакутуюць ад дэпрэсій, хутчэй старэюць, — гаварыла загадчыца філіяла ТЦСАН Алена Аляксандраўна Валасевіч. — Сельскія жыхары, асабліва аддаленых ад цэнтраў населеных пунктаў, рэдка могуць куды выбрацца. Каб разнастаіць іх жыццё, мы і стварылі «Сацыяльны экспрэс». Яго інавацыйная тэхналогія прапануе традыцыйныя формы рэкрэацыі (адпачынак, аднаўленне сіл пасля працы). Прынцып работы «экспрэса» наступны: людзі збіраюцца ў адной хаце, а мы арганізуем для іх змястоўны адпачынак. Сацыяльныя работнікі гэтым часам могуць аказваць дапамогу па гаспадарцы, у рамонтных работах, урач — кансультаваць, а актыўныя наведвальнікі аддзялення — весяліць.

Выезд ў Рагонішкі быў першым. Жанчыны з задавальненнем успаміналі сваю маладосць, традыцыі і абрады таго часу, спявалі жніўныя, вясельныя і іншыя песні, прыпеўкі. А як дзякавалі ўдзельнікам «Сацыяльнага экспрэса» за падораную радасць, сям’і Мудрых — за духмяную гарбату на зёлках, лячэбны мёд, розныя прысмакі, якіх напякла Алена Мікалаеўна. Выезды запланаваны не толькі ў населеныя пункты Лынтупскага сельсавета, але і іншыя.

Яшчэ адным ноу-хау лынтупскага філіяла ТЦСАН з’яўляецца «Унучка на гадзіну». Гэтай паслугай могуць скарыстацца грама­дзяне, якіх не абслугоўваюць сацыяльныя работнікі і працуючыя пенсіянеры. Калі пажылому чалавеку цяжка прыбраць у кватэры, памыць вокны, схадзіць па прадукты або лякарствы, аплаціць камунальныя паслугі або ён проста хоча пагутарыць, падзяліцца набалелым, штосьці расказаць — можна паклікаць «унучку».

— Чаму «ўнучку»? — удакладняю ў А. А. Валасевіч.

— Таму што гэта слова асацыіруецца з добразычлівасцю, клопатам, — тлумачыць. — Калі патэлефануеце на нумар 2-40-72, «унучка» заспяшаецца да вас у вызначаны час.

Ёсць попыт і на паслугу «Санаторый дома», калі медыцынская дапамога маламабільным грамадзянам пажылога ўзросту аказваецца ў дамашніх умовах. Гэтым займаецца ўрач агульнай практыкі Лынтупскай бальніцы Аляксандр Уладзіміравіч Кабайла.

— Каб старасць не была абузай, ёсць толькі адзін сродак — надаць сэнс жыццю, — гаварыла Алена Аляксандраўна. — Быць актыўнымі можна ў любым узросце, а работнікі нашага філіяла дапамогуць. Удзячная сваім калегам за добрасумленнае і якаснае выкананне абавязкаў, укараненне новых методык і навацый.

У Рагонішках «Сацыяльны экспрэс» затрымаўся надоўга. Разыходзіліся ўсе з пасвятлелымі тварамі, станоўчымі эмоцыямі. І запрашалі прыязджаць яшчэ.

Анна АНІШКЕВІЧ
Фота Вячаслава МУРАЎЁВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Ядвігу Іосіфаўну Якубовіч, Мяланню Бенядзіктаўну Пяткевіч і Юзэфу Аляксандраўну Пяткевіч з Кавалёў запрасілі ў Рагонішкі работнікі сацыяльнай службы....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика