Заручыцца падтрымкай прафсаюзаў. 21.by

Заручыцца падтрымкай прафсаюзаў

06.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Свята працы для прафсаюзаў лічыцца прафесіянальным. Як правіла, гэта і той час, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год. З гэтага мы пачынаем гутарку са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрыем Ларычэвым.

–             Стаўбцоўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, – расказвае Юрый Іванавіч, – самая шматлікая арганізацыя, якая аб’ядноўвае больш за 12 800 чалавек. У яе складзе 121 пярвічная і чатыры раённыя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 14 галіновых прафсаюзаў. Напрамкі нашай работы шматгранныя: выкананне Пагаднення з раённым выканаўчым камітэтам і наймальнікамі раёна, развіццё і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства, максімальны ахоп работнікаў калектыўна-дагаворнымі рэгуляваннямі працоўных і сацыяльна-эканамічных адносін у арганізацыях, маніторынг праблемных пытанняў у галіне аплаты працы, занятасці, сацыяльных гарантый, цэн, аховы працы. У 113 арганізацыях працуюць лакальныя нарматыўныя дакументы – калектыўныя дагаворы. У васьмі працоўных калектывах праводзіцца работа па іх заключэнні.

–             Юрый Іванавіч, наколькі эфектыўна працуюць прафсаюзы ў пытаннях аховы працы?

–             Толькі ў 2017 годзе тэхнічныя інспектары працы правялі звыш 8 тысяч праверак, выявілі больш за 64 тысячы парушэнняў патрабаванняў заканадаўства. Летась праведзена 398 даследаванняў няшчасных выпадкаў на вытворчасці з удзелам тэхнічных інспектараў працы Федэрацыі прафсаюзаў. Праведзены месячнік грамадскага кантролю ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Усяго маніторынгам было закранута больш за 300 сельгасарганізацый краіны. У нашым раёне з пачатку года раённым аб’яднаннем прафсаюзаў праведзены маніторынг 70 арганізацый і прадпрыемстваў, выпісаны 22 рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў.

–             На працягу мінулага года прафсаюзы не раз заяўлялі аб сабе як добрыя памочнікі працоўным у прававых пытаннях, арганізоўваючы прыёмы прафсаюзнымі юрыстамі. Наколькі эфектыўна яны праходзілі?

–             Прававая абарона – адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці прафсаюзаў. Штомесячна ў апошні чацвер у раёне праводзіць бясплатны прыём грамадзян прававы інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў. У першую і трэцюю серады месяца прыём грамадзян праводзіцца старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў. У мінулым годзе на прыёмы звярнуліся 33 чалавекі, за чатыры месяцы бягучага года – 14. Пераважная большасць зваротаў датычыла прадаўжэння працоўных кантрактаў, прадастаўлення водпускаў, дадатковых гарантый па калектыўных дагаворах, працаўладкаванні, выплаты заработнай платы. У мінулым годзе прафсаюзныя юрысты праз суды аднавілі на рабочых месцах 86 незаконна звольненых працаўнікоў і вярнулі незаконна нявыплачаныя грашовыя сродкі ў суме больш за 1,5 мільёна долараў у эквіваленце.

–             Ёсць у прафсаюзаў і такія прыемныя функцыі, як арганізацыя адпачынку працаўнікоў. Чым адметная гэтая сфера дзейнасці?

– Прафсаюзныя арганізацыі Стаўбцоўшчыны актыўна працуюць па развіцці ўнутранага экскурсійнага турызму, зацікаўлена займаюцца арганізацыяй паездак. У мінулым годзе была арганізавана 41 экскурсія, паслугі турысцка-экскурсійнага прадпрыемства «Беларустурызм» скарысталі 1414 чалавек. Перад прафсаюзнымі арганізацыямі нашага раёна стаіць задача павышэння эфектыўнасці аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння членаў прафсаюза і іх сем’яў на базе санаторыяў УП «Белпрафсаюзкурорт». Вялікая ўвага надаецца арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, наймальнікаў працаўнікі нашага раёна могуць наведваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс за кошт наймальнікаў і прафсаюзных арганізацый. Варта адзначыць, што для работнікаў сельскай мясцовасці арганізаваны цэнтралізаваны падвоз. Штогод праводзяцца рэгіянальныя, галіновыя і міжгаліновыя спартакіяды, турыстычныя злёты.

– Нельга не закрануць і такое пытанне, як прафсаюзныя ініцыятывы ў правядзенні дабрачынных акцый.

–             Пастаянна праводзяцца акцыі «Прафсаюзы – дзецям». Прафсаюзнымі арганізацыямі аказваецца дапамога дзецям у падрыхтоўцы да новага навучальнага года, падчас навагодніх свят, у летні перыяд на аздараўленне. У многіх прафсаюзных арганізацыях, як на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, праводзяцца дабрачынныя акцыі, што падымае аўтарытэт пярвічных прафсаюзных арганізацый і давер да іх.

–             Жыхарам нашага раёна цікава даведацца аб ініцыятывах Федэрацыі прафсаюзаў па ўдасканаленні заканадаўчых актаў у пытаннях абароны правоў працаўнікоў.

–             Прафсаюзы распрацавалі і вынеслі на разгляд урада больш за 40 прапаноў у праект закона па змяненні Працоўнага кодэкса. Напрыклад, ФПБ прапаноўвае, каб пры змяненні існуючых умоў працы ўстанаўліваўся няпоўны рабочы дзень не менш за палову часу яго звычайнай працягласці. Гэтая прапанова абумоўлена праблемай скрытага скарачэння, калі наймальнікі, каб зменшыць выплаты пры аптымізацыі штату, прымяняюць працэдуру істотнага змянення ўмоў працы. У выніку чалавек атрымлівае выхадную дапамогу ў памеры двухдзённага сярэдняга заработку, а не трохразовага сярэднямесячнага. Яшчэ адна прапанова – прадаўжаць ці заключаць кантракты з добрасумленнымі працаўнікамі на максімальны тэрмін або пераводзіць іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх гарантый.

Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць удзячнасць райвыканкаму, прадпрыемствам, установам нашага раёна, лідарам грамадскіх арганізацый, старшыням прафсаюзных арганізацый і райкамаў прафсаюзаў за супрацоўніцтва і дапамогу ў правядзенні ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, накіраванай на абарону правоў і інтарэсаў працаўнікоў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята працы для прафсаюзаў лічыцца прафесіянальным. Як правіла, гэта і той час, калі падводзяцца вынікі зробленага за працоўны год. З гэтага мы пачынаем гутарку са...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика