У новым фармаце
23.05.2018
—
Разное
|
Івацэвіцкія выратавальнікі зноў сабралі вяскоўцаў для абмеркавання разам злабадзённых пытанняў бяспекі. На гэты раз яны прыехалі да жыхароў вёскі Дабромысль, дзе 18 мая адбыўся сход. Праводзілася мерапрыемства ў новым фармаце. Ды не звычайны, традыцыйны з павучальнымі прамовамі-тырадамі, а па-новаму, па-сучаснаму. За дзве гадзіны да пачатку сходу мясцовыя жыхары мелі магчымасць стаць гледачамі і ўдзельнікамі розных сітуацый, падчас якіх выратавальнікі не толькі нагадалі алгарытм правільных дзеянняў, а і прапанавалі грамадзянам праверыць свае веды і навыкі па тэме бяспекі. На гэты раз у вёсцы з’явіўся і механічны пад’ёмнік, і пажарны аўтамабіль хуткага рэагавання… Супрацоўнікі МНС прадэманстравалі шматлікае і шматфункцыянальнае спецыяльнае пажарна-тэхнічнае ўзбраенне. Вяскоўцам паказалі і работу выратавальнікаў ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння, калі даводзіцца літаральна рэзаць на кавалкі пакарожаны ў ДТЗ аўтамабіль, было і “ратаванне пацярпелага на вадзе”… Адным словам, выратавальнікі прадэманстравалі якасці, якімі павінен быць надзелены прафесійны выратавальнік. Вяскоўцы розных узростаў з цікавасцю сачылі за работай выратавальнікаў. А вось квэст “Сам сабе МНС!” прыцягнуў увагу ў значнай большасці дзяцей і падлеткаў. Варта адзначыць, што менавіта вучні мясцовай установы адукацыі і іх педагогі аказаліся самымі актыўнымі ўдзельнікамі квэст-заданняў. Тут жа трэба было з дапамогай маленькага пензля і кавалачка скотча сабраць у баначку бісерынкі, якія імітавалі шарыкі ртуці з толькі што разбітага тэрмометра. На другой пляцоўцы з дапамогай дроцікаў-магнітаў трэба было патрапіць у каляровы канверт, раскрыць яго і даць падрабязны, грунтоўны адказ на зададзенае пытанне. На пляцоўцы “патушы пажар”, не ўсе адважыліся патушыць з дапамогай кавалка брызенту палаючы тэлевізар, што даволі эфектыўна прарабілі некалькі школьнікаў пачаргова. А вось палаючы касцёр трэба было патушыць пры дапамозе парашковага вогнетушыцеля. Былі як практычныя, так і тэарэтычныя заданні для вяскоўцаў. Кожны, хто хоць нейкім чынам здолеў прадэманстраваць свае веды ў вобласці бяспечнасці жыццядзейнасці, тут жа быў заахвочаны прызам. Сярод прызоў быў і аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Каб атрымаць яго, варта было назваць яго прызначэнне, прынцып дзеяння, правілы ўстаноўкі і далейшага абслугоўвання. Дастаўся АПА сям’і настаўніцы мясцовага дзіцячага саду-сярэдняй школы Наталлі Мікалаеўне Касянік і яе мужу Алегу Міхайлавічу, які актыўна дапамагаў жонцы, даючы даволі правільныя, грунтоўныя тлумачэнні. Хочацца падзякаваць за актыўнасць педагогам і тэхнічным работнікам Дабромысленскага дзічачага сада-СШ на чале з дырэктарам установы Міхаілам Казлоўскім, а таксама школьнікам. Затым начальнік Івацэвіцкага РАНС Васілій Бацкалевіч запрасіў вяскоўцаў у памяшканне сельскага клуба. На ўваходзе актывісты РА БМГАВП старшакласнікі ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-СШ” Антон Брашчук і Ульяна Канявега ўручалі мясцовым жыхарам тэматычныя буклеты. Тут, у клубе і прайшло сумеснае абмеркаванне найбольш злабадзённых пытанняў. Увазе прысутных былі прадэманстраваны фотаздымкі парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога і электрычнага абсталявання, факты неахайнага абыходжання з агнём і яго крыніцамі. Дарэчы, як зазначыў Васілій Бацкалевіч, аналізуючы вынікі праведзенай напярэдадні сходу праверкі (на працягу тыдня маніторынг жылля ў Дабромыслі праводзілі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС) супрацьпажарнага стану жылля жыхароў Дабромысля ў 25 жылых дамах выяўлены няспраўнасці пячнога абсталявання, якія могуць паслужыць асновай да ўзнікнення пажару. Маецца шэраг парушэнняў і пры эксплуатацыі электраабсталявання: у электрашчытках трапляюцца не тое, што “жучкі” замест засцерагальнікаў, а нават адвёрткі, балты. Часам падставы для непакою ўяўляе і стан электраправодкі. Далей кіраўнік раённай службы МНС расказаў аб няпростай, нават складанай абстаноўцы з пажарамі і гібеллю на іх людзей, якая склалася ў раёне з пачатку года, аб неабходных мерах засцярогі, якія павінен выконваць кожны грамадзянін, каб пазбегнуць пажару ці якога іншага надзвычайнага здарэння. У рабоце сходу браў удзел намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС Ігар Пастушын, які завастрыў увагу прысутных на даволі шырокім размаху самагонаварэння як у самім Дабромыслі, так і ў іншых населеных пунктах сельсавета. Як вядома, менавіта п’янства часта з’яўляецца першапрычынай злачынстваў і розных трагедый, у тым ліку і вогненных. Фіналам сустрэчы выратавальнікаў з жыхарамі вёскі была дэманстрацыя павучальных відэафільмаў з цыкла “Азбука бяспекі”. Валерый Молаш, старшы інспектар ГПіУГ райаддзела па НС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прайшоў сход грамадзян у Дабромыслі |
|