На канікулах. 21.by

На канікулах

31.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

300518d

«ЧАЙКАЎЦЫ» РЫХТУЮЦЬ СЮРПРЫЗ

Аздараўленчы лагер імя Я. М. Чайкі ўжо падрыхтаваны да летняй аздараўленчай кампаніі і фактычна гатовы прыняць дзяцей.

У гэтым можна было пераканацца на свае вочы, а менавіта падчас ІІ абласнога велапрабегу работнікаў УП «Мінскаблгаз», для якіх на базе ведамаснага лагера былі арганізаваны спартыўныя і творчыя конкурсы. Тэрыторыя лагера, і без таго маляўнічая, сустрэла гасцей чысцінёй і новымі малымі архітэктурнымі формамі, казачнымі сюжэтамі-імправізацыямі, дзякуючы якім прыемна акунуцца ў дзяцінства. Па-гаспадарску выглядаюць акуратна падстрыжаныя зялёныя зоны. Вазы і кветкі ўпрыгожваюць памятны камень, устаноўлены ў гонар былога старшыні Дзяржкамгаза БССР Я. М. Чайкі, па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле якога лагер калісьці быў пабудаваны…

Сёлета лагеру, які носіць імя гэтага чалавека, спаўняецца акурат 40 гадоў. З улікам «узросту» распачата паэтапная рэканструкцыя спальных карпусоў. Рэканструюецца і басейн. Пакуль у ім будуць працягвацца рамонтныя работы, дзеці не застануцца без плавання – з лагера іх будуць вазіць у Стоўбцы, у басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу.  

– У лагера добрая матэрыяльная база. За сезон тут аздараўліваецца каля 600 дзяцей. Прыкладна 30 працэнтаў – гэта дзеці работнікаў УП «Мінскаблгаз». Водгукі аб рабоце лагера паступаюць добрыя, – адзначыла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі УП «Мінскаблгаз» Наталля Акініна. Наталля Віктараўна падзялілася планамі: – Сёлета, у год 40-годдзя лагера, мы хацелі б зрабіць для кожнай з трох змен сюрпрыз. Напрыклад, запамінальную экскурсійную паездку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РАЗМОВЫ ПРА БЯСПЕКУ

«Не пакідайце дзяцей адных!» – гэты заклік гучыць актуальна напярэдадні летніх канікул, калі ў хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляецца вольны час, а бацькі працягваюць працаваць. Таму і неабходна дарослым з поўнай адказнасцю падысці да пытання занятасці дзяцей у летнія месяцы. Зрабіць адпачынак дзяцей не толькі цікавым, але і бяспечным – з гэтай мэтай праходзіць акцыя «Не пакідайце дзяцей адных!». У рамках першага этапу выратавальнікі «пайшлі ў народ» – у месцы, дзе людскі паток найбольш актыўны. Быў выбраны гандлёвы дом «Арманда». Улічваючы цёплае надвор’е, сустрэчы з бацькамі было вырашана правесці на вуліцы. Кожны з удзельнікаў акцыі гарантаваў, што ў іх сям’і дзеці без нагляду не застаюцца, аднак лішнімі «размовы бяспекі» не былі.

Акрамя таго, у рамках першага этапу, выратавальнікі правялі пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства «Адзін дзень з выратавальнікамі» ў аграгарадку Заямнае. Арганізатары падрыхтавалі   конкурсную праграму для ўсіх удзельнікаў акцыі, дзе разам з конкурсамі, віктарынамі і «бяспечнымі» загадкамі ішло аднаўленне ў памяці алгарытму дзеянняў у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі.

Пр

 

ЛАГЕРЫ ЧАКАЮЦЬ ДЗЯЦЕЙ

У гэтым годзе летняя аздараўленчая кампанія праходзіць пад дэвізам «Малая радзіма: ад вывучэння да дзеяння».

Згодна з Палажэннем аб арганізацыі аздараўлення дзяцей, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, пуцёўкі ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем выдаюцца па месцы работы, службы аднаго з бацькоў на падставе камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Права на атрыманне пуцёўкі ў лагер з кругласутачным знаходжаннем, кошт якой таннейшы дзякуючы дзяржаўнай датацыі, маюць дзеці ва ўзросце 6-18 гадоў. Датацыя належыць дзяцям усіх работнікаў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, непрацуючых грамадзян, зарэгістраваных у заканадаўчым парадку ў якасці беспрацоўных у цэнтры занятасці.

Не больш чым два разы на год з выкарыстаннем ільгот могуць быць накіраваны ў лагер з кругласутачным знаходжаннем наступныя катэгорыі дзяцей: дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі; дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў; дзеці непрацуючых пенсіянераў.

Памеры сродкаў рэспубліканскага бюджэту на патанненне кошту адной пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры ў летні перыяд бягучага года ўстаноўлены наступныя: у аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён – 76 рублёў; у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем тэрмінам 18 дзён – 84 рублі; у аздараўленчы лагер працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш за 9 дзён – 79 рублёў; у аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей тэрмінам 18 дзён – 185 рублёў; у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам не менш за 9 дзён – 90 рублёў; у спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам 18 дзён – 205 рублёў.

У дзіцячым аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі запланавана аздаравіць 500 дзяцей.

Столькі ж дзяцей запланавана аздаравіць у аздараўленчым лагеры «Нёман», у тым ліку ў лагерах па профілях – 100 дзяцей.

925 дзяцей атрымаюць пуцёўкі ў лагеры з дзённым знаходжаннем, у тым ліку ў лагеры працы і адпачынку – 30 вучняў, у спартыўна-аздараўленчыя – 160 дзяцей.

З 1 чэрвеня пачынае работу неперасоўны турысцка-краязнаўчы палатачны лагер «Непаседы» на базе Горкаўскай СШ для 20 вучняў.

Профільныя лагеры на базе «Нёмана» будуць працаваць у наступныя тэрміны: «Лідар» для актывістаў грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» – з 1 па 9 чэрвеня; лінгвістычны лагер «Эўрыка» – з 10 па 18 чэрвеня, грамадска-гуманітарны лагер па прафарыентацыі «Прафадысея» – з 3 па11 жніўня, патрыятычны лагер «Абаронца Айчыны» – з 12 па 20 жніўня.

Працягласцю змены 18 дзён на базе Горкаўскай СШ будзе працаваць палатачны лагер, на базе Заямнаўскай СШ, Старасвержанскай СШ, Коласаўскай СШ – спартыўна-аздараўленчыя лагеры, у якіх аздаровяцца 160 дзяцей. У ліпені-жніўні ў Вішнявецкай СШ, Залужскім, Цясноўскім вучэбна-педагагічных комплексах будуць адкрыты лагеры працы і адпачынку працягласцю 18 дзён. Старшакласнікі будуць заняты сушкай збожжа на таках і пляцоўках, уборкай тэрыторыі. Працоўную занятасць вучняў будуць забяспечваць ААТ «Агранёманскі», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Вішнявецкі-агра».

Прыярытэтам летняга аздараўлення з’яўляецца арганізацыя адпачынку дзяцей-сірот. У раённым бюджэце прадугледжана 8393 рублі на даплату да поўнага кошту пуцёвак 40 дзецям-сіротам, 17 дзецям-інвалідам, 50 дзецям са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Праграма летняга адпачынку накіравана на фізічнае аздараўленне дзяцей, развіццё іх інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК,галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

ДЗЕ АЖЫЦЦЯЎЛЯЮЦЦА ДЗІЦЯЧЫЯ МАРЫ

На тэрыторыі нашага раёна размешчаны стацыянарныя кругласутачныя лагеры «Нёман», імя Я. М. Чайкі, «Церамок», якія прымаюць на аздараўленне дзяцей падчас летніх канікулаў.

Большасць дзяцей аздаровіцца ў лагеры «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, работа якога арганізавана ў чатыры змены. Дзіцячы аздараўленчы лагер імя Я. М. Чайкі будзе працаваь у тры змены: першая – з 5 па 25 чэрвеня, другая – з 29 чэрвеня па 19 ліпеня, трэцяя – з 24 ліпеня па 13 жніўня. Сярэдняя цана пуцёўкі ў лагер складае 514,49 рубля. Частковая даплата за пуцёўку – ад 318,15 да 339,37 рубля. Працягласць змены – 21 дзень.

Дзіцячы аздараўленчы лагер «Церамок» будзе прымаць дзяцей у тры змены: першая – з 5 па 25 чэрвеня, другая – з 29 чэрвеня па 19 ліпеня, трэцяя – з 24 ліпеня па 13 жніўня. Працягласць змены – 21 дзень. У чацвёртую змену – з 17 па 25 жніўня – будзе працаваць профільны дзявяцідзённы лагер. Сярэдні кошт пуцёўкі – 542,01 рубля. Частковая даплата за пуцёўку складае ад 345,67 да 366,88 рубля.

Аздараўленчыя летнія лагеры – гэта месца, дзе ажыццяўляюцца дзіцячыя мары, адпачынак – поўны эмоцый, яркіх мерапрыемстваў.

Раіса ЛАЗАР,галоўны спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні

 

ПРАЦОЎНЫ КОДЭКС І НЕПАЎНАЛЕТНІЯ

Напярэдадні летніх канікулаў актуальныя пытанні звязаны са стварэннем бяспечных умоў для моладзі, якая імкнецца папрацаваць і зарабіць уласныя грошы.  

Увага спецыялістаў і адказных асоб прадпрыемстваў і арганізацый раёна на маладзёжную катэгорыю работнікаў была звернута падчас раённага дня аховы працы. Тэма яго гучала гэтак жа, як і тэма сёлетняга Сусветнага дня аховы працы: «Ахова працы: маладыя работнікі асабліва ўразлівыя».

– У даным напрамку разгорнута шырокая інфармацыйна-растлумачальная работа, якая заклікана садзейнічаць таму, каб пераход моладзі ад вучобы да працы, з дзяцінства ў дарослае жыццё, праходзіў у максімальна бяспечных і бясшкодных умовах. З кожным годам патрабаванні да гэтых умоў становяцца больш жорсткімі. Для знаёмства з імі сумесна з раённым камітэтам БРСМ быў арганізаваны семінар-вучоба, – расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Магер.

На семінары-вучобе традыцыйна ішло абмеркаванне асаблівасцяў рэгулявання працы моладзі, у тым ліку непаўналетніх, з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых раённых службаў. Сярод запрошаных – начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела дзяржінспекцыі працы Уладзімір Савіцкі, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іна Чарняўская, начальнік Стаўбцоўскага аддзялення Мінскага абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Людміла Суднік. У выніку дыялогу былі закрануты пытанні індывідуальнага працаўладкавання і рэгулявання працы моладзі ў адпаведнасці з заканадаўствам, асаблівасці аховы працы, у тым ліку гігіенічныя аспекты ўмоў працы, заработная плата, а таксама налічэнне і аплата абавязковых страхавых узносаў удзельнікамі студэнцкіх атрадаў.

У бягучым годзе, як адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, на Стаўбцоўшчыне будуць працаваць у летні перыяд студэнцкія атрады педагагічнага, сэрвіснага і сельскагаспадарчага профіляў. Узрост іх удзельнікаў – 14 гадоў і старэй.

– Прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна ўкладваюцца значныя сродкі ў забеспячэнне занятасці моладзі. І вельмі важна, каб пры гэтым улічваліся і пытанні аховы працы, – падвяла вынік Людміла Магер. – Неабходна разумець і ўлічваць фактары рызыкі ў сферы аховы працы, з якімі сутыкаюцца маладыя работнікі.

У заканадаўчых актах і праграмных дакументах работнікі ва ўзросце маладзей за 18 гадоў прызнаюцца ўразлівай групай і забяспечваюцца асобай абаронай. Згодна з пастановамі Мінпрацы, забаронена прымяненне працы асоб, маладзейшых за 18 гадоў, на цяжкіх работах і работах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы, падземных і горных работах, а таксама пераноска і перамяшчэнне непаўналетнімі цяжару ўручную, які перавышае ўстаноўленыя для іх гранічныя нормы. У супастаўным прававым прызнанні і абароне на рабочым месцы маюць патрэбу і грамадзяне, узрост якіх ад 18 да 24-х гадоў, якія падвяргаюцца рызыцы траўміравання.

Для таго каб выхаваць пакаленне здаровых работнікаў, якія выконваюць нормы бяспекі і гігіены працы, трэба пачынаць інфармацыйна-растлумачальную работу са школы і працягваць яе ў рамках праграм прафесійнай падрыхтоўкі і вучнёўства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«ЧАЙКАЎЦЫ» РЫХТУЮЦЬ СЮРПРЫЗ Аздараўленчы лагер імя Я. М. Чайкі ўжо падрыхтаваны да летняй аздараўленчай кампаніі і фактычна гатовы прыняць дзяцей. У гэтым можна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика