Доска почёта Шумилинского района: Калина Степаненко. 21.by

Доска почёта Шумилинского района: Калина Степаненко

31.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Аўтограф меліяратара

Дагледжаныя роўныя палеткі, ні кустоўя, ні груды камення, ні быльнёгу ўскрай поля, ні вымачак – вось так выглядае аўтограф меліяратара на роднай зямлі, лічыць  мантажнік знешняга труба-правода  прадпрыемства меліярацыйных сістэм Каліна Васільевіч Сцепаненка.
Да ўсяго гэтага прыклаў руку Каліна Васільевіч, які працуе ў меліярацыі больш за сорак гадоў. Ён кажа, што аднойчы ў 70-ыя гады прыйшоў працаваць у ПМК-25 і застаўся тут назаўсёды. “Мяне, вясковага хлопца з Гарадка (была такая вёска ля Міхалова) паклікаў працаваць у меліярацыю стрыечны брат Арцём Сцепаненка. На той час я толькі што закончыў школу і мне, прызнацца, было ўсё роўна, куды ўладкавацца”. Ну, я і пайшоў, уладкаваўся рабочым. У 70-ыя гады прадпрыемства было багатым – будавала кватэры для сваіх работнікаў, на полі ў вагончыку працавала кухня, дзе нам варылі абеды. Адным словам, спадабалася мне гэта прадпрыемства. Неўзабаве атрымаў бясплатнае жыллё”.
Калі два гады служыў у Прыбалтыцы механікам па самалётных рэактыўных рухавіках, адмовіўся прамяняць прэстыжную звыштэрміновую службу на радзіму і работу ў меліярацыі.
Раней Шумілінскае ПМС славілася вялікімі аб’ёмамі работ. За сезон, напрыклад, клалі па дзевяноста кіламетраў дрэнажу. Многія гэтыя кіламетры “прайшлі” праз рукі Каліны Васільевіча.  “У савецкія часы было шмат ручной працы, – расказвае мужчына. – Клалі керамічную трубку, даўжыня якой 33 сантыметры. Кожны стык трэба было ўручную ўмацаваць шкловатай. Лічыце, на адзін кіламетр дрэнажу прыходзілася  тры тысячы стыкаў. Цяпер іншая справа – ёсць сучасная энерганасычаная ўніверсальная тэхніка, якая шмат у чым замяняе ручную працу. І пластыкавая трубка для дрэнажу доўгая, так што працаваць стала значна лягчэй”.
Аптыміст па натуры, мужчына жартуе пра сваю нялёгкую працу: “Мне што – сяджу сабе ў цені ў спякоту і працую, ад металу і зямлі прахалодай цягне. Гэта я па маладосці стамляўся за дзень, а за многа гадоў рукі прывыклі – кладу за дзень да паўкіламетра дрэнажу”.
Лета – прыпар для меліяратараў. Кожны дзень  на палетках, іншы раз працуюць і ў выхадныя. Каліна Васільевіч прызнаўся, што сорак гадоў не хадзіў у водпуск летам. Але не скардзіцца, бо заняцца любімай справай – схадзіць на рыбалку ці ў грыбы – мае магчымасць і ў нядзелю.
Вядома, зараз для прадпрыемства меліярацыйных сістэм не самы лепшы час. Але ж адданыя сваёй справе працаўнікі, такія, як Каліна Сцепаненка, ніколі не шукалі лепшай долі ні ў іншых арганізацыях, ні за межамі раёна. “Усюды трэба працаваць шчыра,  – лічыць Каліна Васільевіч. – А меліярацыя – гэта маё жыццё і маё прызванне”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 01.06.2018 г.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтограф меліяратара Дагледжаныя роўныя палеткі, ні кустоўя, ні груды камення, ні быльнёгу ўскрай поля, ні вымачак – вось так выглядае аўтограф меліяратара на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика