Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з забеспячэннем пагранічнай бяспекі Беларусі. У Кобрынскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў пагранічную заставу «Дзівін» Пінскага пагранічнага атрада. Прэзідэнту далажылі аб прымаемых мерах па забеспячэнні пагранбяспекі краіны ў цэлым, а таксама аб мерапрыемствах па ахове дзяржграніцы на ўчастку Пінскага пагранічнага атрада. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з узорамі спецыяльнай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў органах пагранічнай службы, элементамі інтэграванай сістэмы аховы дзяржаўнай граніцы, а таксама арганізацыяй нясення пагранічнай службы і ўмовамі побыту пагранічнікаў, пагутарыў з ваеннаслужачымі і іх сем’ямі. 2 чэрвеня кіраўнік дзяржавы выступіў на ўрачыстым пастраенні асабовага складу Брэсцкай пагранічнай групы і курсантаў Інстытута пагранічнай службы, адказаў на пытанні журналістаў.
Лукашэнка: беларускія пагранічнікі стаяць на варце рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым пастраенні асабовага складу Брэсцкай пагранічнай групы і курсантаў Інстытута пагранічнай службы.
«Важна, што сёння беларускія пагранічнікі фактычна стаяць на варце не толькі нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, але і рэгіянальнай, а таксама міжнароднай бяспекі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, знаходзячыся на ключавых транзітных шляхах, якія злучаюць Поўнач і Поўдзень, Еўропу і Азію, Беларусь з’яўляецца надзейным партнёрам многіх дзяржаў у папярэджанні і спыненні трансгранічнай злачыннасці, нелегальнага бізнесу і іншых негатыўных працэсаў.
«Нашым ваеннаслужачым удалося значна знізіць наплыў нелегальных мігрантаў у дзяржавы Еўрасаюза. Сістэматычна на граніцы выяўляюцца асобы, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Сумесна з іншымі праваахоўнымі органамі рэгулярна выяўляюцца каналы наркатрафіка», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёння ў свеце па-ранейшаму трывожна і непрадказальна, ваеннае проціборства адбываецца практычна на ўсіх кантынентах. Нагнятаецца сілавое процістаянне, у тым ліку непасрэдна ля меж Беларусі.
«Прычым вы, як ніхто іншы, ведаеце, што ўзброеныя сутыкненні пачынаюцца менавіта на граніцы. Няпростая мiжнародная абстаноўка і небяспека тэрарыстычных актаў прымушаюць бесперапынна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці пагранічных органаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Для павышэння баяздольнасці і мабільнасці пагранічныя войскі аснашчаюцца найноўшымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення. Абсталёўваюцца рубяжы, будуюцца сучасныя комплексы застаў, паляпшаюцца бытавыя ўмовы для асабовага складу.
«Вы — носьбіты слаўных баявых традыцый, і павінны заўсёды памятаць пра гэта. Вам не трэба гаварыць, што порах трэба трымаць сухім. Вы яго кожны дзень, кожную гадзіну, суткамі трымаеце сухім. Менавіта пагранічныя войскі — адны з нямногіх, а можа, і адзіныя, якія пастаянна знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці. Гэту гатоўнасць неабходна падтрымліваць на належным узроўні і ўсебакова павышаць сваё майстэрства», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт заўважыў, што сёння, як і сто гадоў таму, забяспечыць надзейную бяспеку на граніцы без падтрымкі мясцовага насельніцтва немагчыма. Таму неабходна ўвесь час удасканальваць узаемадзеянне з жыхарамі прыгранічча.
«У нас нармальныя людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка бачыць галоўную пагрозу свету ў сутыкненні вялікіх дзяржаў
Аб гэтым ён заявіў, размаўляючы з пагранічнікамі і іх сем’ямі пры наведванні пагранзаставы «Дзівін» у Кобрынскім раёне.
«Асноўная пагроза, як я яе бачу, — сутыкненні інтарэсаў вялікіх дзяржаў. Паглядзіце, што адбываецца. Галоўнае сутыкненне — гэта ЗША з Кітаем. Кітайцы падняліся, яны выйшлі ў лідары па многіх напрамках. Зразумела, амерыканцы не хочуць страчваць лідзіруючае становішча і свой манапалізм у свеце. Па гэтай лініі адбываецца галоўнае сутыкненне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сутыкненне паміж Расіяй і Захадам, Расіяй і ЗША. Ёсць рознагалоссі паміж Індыяй і Кітаем, вельмі шмат праблем паміж Кітаем і В’етнамам па астравах Спратлі».
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя сутыкненні ў нечым праяўляюцца. Напрыклад, у сітуацыі ў Данбасе і Сірыі. «Гэта ўжо адкрытае процістаянне», — заўважыў ён.
Што датычыцца Сірыі, Аляксандр Лукашэнка дадаў, што там сутыкнуліся інтарэсы буйных дзяржаў. «Лоб у лоб стаяць на пазіцыях часам Расія, асабліва Іран і ЗША», — заявіў беларускі лідар.
«Гэтак жа і ва Украіне. Мне здаецца, што там, магчыма, і быў бы мір, калі б у гэтым процістаянні не былі зацікаўлены іншыя. Вы ведаеце хто», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў спрэчкі паміж ЗША і Еўрасаюзам адносна паставак сталі і алюмінію, адзначыў выкарыстанне санкцыйнай палітыкі ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. «А што такое санкцыя? Гэта страта грошай, напружанне ў грамадстве. Кожны абараняе свае эканамічныя інтарэсы. Я баюся, каб вось гэтыя гандлёвыя і інфармацыйныя войны не перараслі недзе ў гарачае сутыкненне, асабліва вялікіх дзяржаў, якія маюць пэўныя ядзерныя патэнцыялы. Вось тады будзе горача ўсім», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што малыя і сярэднія дзяржавы, якіх большасць, не павінны, як флюгеры, рухацца ў рэчышчы палітыкі буйных сусветных ігракоў. «Мы павінны праводзіць жорсткую палітыку і разам выступаць за свае інтарэсы», — лічыць беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў і аб сітуацыі ва Украіне ў плане перспектыў развіцця геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. Паводле яго слоў, у гэтым пытанні ёсць некаторая нявызначанасць. «Калі Украіна будзе ў НАТА — іншая сітуацыя, калі не будзе ў НАТА, але там атрымаюць перавагу вельмі нацыяналістычныя тэндэнцыі з арыентацыяй «ваяваць з усімі», то гэта трэцяя сітуацыя — яшчэ больш складаная, — заўважыў ён. — Я часта расіянам гавару, якія баяцца, што Украіна стане натаўскай, што, можа, надыдзе час, калі мы будзем радавацца, што Украіна ў НАТА, а не стала нейкай бандыцкай дзяржавай, дзе будуць асобныя бандфарміраванні і групоўкі, — вось там нам мала не падасца: і Расіі, і Беларусі, і ўсім астатнім».
Лукашэнка прапануе Расіі вызначыцца з фарматам прысутнасці пагранічнікаў на беларуска-расійскай граніцы
Прэзідэнту далажылі аб абстаноўцы на дзяржаўнай граніцы Беларусі, мерах, якія прымаюцца па яе ахове, выкарыстанні сіл і сродкаў для выканання задач, што стаяць перад органамі пагранічнай службы. Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю на ўсходнім напрамку.
Як растлумачылі карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта, на гэтым напрамку няма падраздзяленняў органаў пагранслужбы, якія пастаянна дыслацыруюцца. Аднак пагранічнікі пры паступленні інфармацыі аб проціпраўнай дзейнасці могуць выходзіць на мясцовасць, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў дзяржбяспекі. З расійскага ж боку прысутнічаюць штатныя падраздзяленні пагранічнай службы ФСБ Расіі, якія фактычна нясуць ахову дзяржграніцы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, каб у дзеянні беларускіх службаў не было фармалізму. «Калі вырашылі такім кампанентам кантраляваць гэты напрамак, значыць, ён павінен як мінімум прыносіць карысць. Але лепш, каб ён быў эфектыўны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Але нам нельга прыпадабняцца да расіян. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Няхай вызначаюцца. Вызначацца — нам не праблема адказаць. Мы гатовы ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць граніцу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Гатовы з намі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі ўзаемадзейнічаць… А граніцы — гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для стасункаў людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі. Але гэта іх (расійскага боку. — Заўвага БЕЛТА) права, гэта іх справа».
«Таму нам не трэба спяшацца. Мы павінны бачыць, што яны хочуць. Мы ведаем, дзе яны навыводзілі свае войскі, стварылі камендатуры і іншую інфраструктуру», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта пытанне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца ў час маючага адбыцца ў чэрвені Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. «Мы павінны дакладна дамовіцца аб адносінах паміж пагранічнікамі, — сказаў ён. — Не пагранічнікі ж гэта пытанне вырашаюць. Там хапае цэнтраў уплыву і ўздзеяння. Мы цяпер у працэсе вызначэння нашых сумесных паводзін на беларуска-расійскай граніцы. І спяшацца нам тут не трэба. Але тое, што адбываецца, мы павінны бачыць».
Лукашэнка заяўляе аб неабходнасці значнага ўзмацнення падтрымкі сем’яў з дзецьмі
Пры наведванні пагранзаставы «Дзівін», адказваючы на адно з пытанняў, кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб захоўваць і нарошчваць спектр аказваемай падтрымкі і льгот для сем’яў з дзецьмі. У прыватнасці, ён заявіў, што ў Беларусі не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў, хоць нават у многіх развітых краінах свету на такі працяглы тэрмін ён не прадастаўляецца. «Пакуль мы гэта цягнем. Але астатнія льготы, а думаю, трэба прадастаўляць большыя, калі нараджаецца трэцяе дзіця. Вельмі вялікія. Кватэра… Чацвёртае — яшчэ большыя льготы. Пятае — беспрэцэдэнтная льгота. Я памаленьку гэта пачынаю ўжо рабіць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што ў беларускіх сем’ях нараджаецца адно або два дзіцяці, а таму асноўны аб’ём падтрымкі неабходна накіраваць на тое, каб у сем’ях з’яўлялася больш дзяцей. «Таму мы будзем вельмі зацікаўліваць», — сказаў ён.
Прэзідэнт разам з гэтым заўважыў, што ў Беларусі і так існуюць вялікія льготы для сем’яў з дзецьмі ў параўнанні з замежнымі краінамі.
Разам з тым ён канстатаваў наяўнасць дэмаграфічнай праблемы ў краіне, а адпаведна неабходнасці захавання і развіцця практыкі прадастаўлення падтрымкі.
Лукашэнка пра БРСМ: патрэбна жывая работа з моладдзю, без ашуканства і фармалізму
Аб гэтым 2 чэрвеня заявіў журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Патрэбна жывая работа з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, якая была ўласціва таму камсамолу, у якім я быў. Трэба больш жывой справы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мне хацелася б, каб наш «камсамол» — БРСМ — быў больш актыўным, каб усё грамадства бачыла не проста нейкія перыядычныя акцыі, але кожнага чалавека на справе».
БРСМ і іншыя грамадскія арганізацыі даюць магчымасць вылучыць здольных людзей, з якіх можна сфарміраваць кадравы рэзерв, звярнуў увагу Прэзідэнт.
«Цяпер такі рэзерв кадраў створаны, у тым ліку з моладдзю. Мы за імі назіраем, вядзём іх па жыцці, каб яны выраслі ў сапраўдную эліту нашага грамадства», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што некаторыя могуць спытаць, навошта сёння маладзёжныя арганізацыі, час жа ўжо іншы. «Гэта структура, якую мы можам задзейнічаць у любы час, асабліва ў цяжкі перыяд», — растлумачыў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, камсамольцы ўнеслі вялікі ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. «Як бы там ні было, калі чалавек ведаў, што ён камуніст або камсамолец, ён першы ішоў у бой. Гэта што, дрэнна? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяжка сказаць, што было б, калі б не было тады гэтых арганізацый».
Аднак характэрныя для камсамолу недахопы не павінны быць уласцівы БРСМ, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Я асабліва не фарсірую тут падзеі, і не трэба. Цяпер жыццё такое, што трэба паступова, спакойна расціць гэту арганізацыю, загартоўваць яе. І, самае галоўнае, патрэбны жывыя справы. Трэба вызначыцца, дзе моладзь у сучасным грамадстве павінна прыкласціся, па якіх напрамках, каб бачылі, што яна чагосьці вартая», — лічыць ён.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад студэнцкую моладзь. На яго думку, яна разам з рэктарам і прафсаюзам павінна кіраваць працэсамі ў ВНУ. «Але кіраваць так, каб да іх ішлі нават не камсамольцы, нават не члены прафсаюза. І мы гэту ролю маладзёжнай арганізацыі будзем павышаць», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на паспяховыя ініцыятывы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у прыватнасці на дзейнасць будаўнічых атрадаў. Так, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат была задзейнічана пры рэканструкцыі мінскага стадыёна «Дынама», на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі. «Што ў гэтым дрэннага? Сёння ж моладзь не тое, што ў мае гады. Яны што, ведаюць, што такое фізічная, сапраўдная праца? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — І вось такія напрамкі яны павінны выпрацаваць: ад практычных спраў да ідэалагічных пытанняў».
Адміністрацыі Прэзідэнта даручана пачаць цесную работу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб’яднання, вызначыць асноўныя напрамкі яго работы. «Калі мы іх не прымаем, нехта там іх крытыкуе, яны будуць адчуваць сваю непатрэбнасць у грамадстве і самі не паднімуцца. Мы іх павінны паднімаць. Вось гэта галоўнае для сённяшняй моладзі», — перакананы кіраўнік дзяржавы.
У бліжэйшы час Прэзідэнт сустрэнецца з кіраўніцтвам і найбольш актыўнымі членамі маладзёжных аб’яднанняў і іншых грамадскіх арганізацый. «Каб вызначыцца, дзе мы будзем разам працаваць, дзе яны будуць працаваць, а дзе будуць персанальна кожнага напрамку», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: камусьці карціць прыватызаваць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне
Аб гэтым ён заявіў журналістам на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, каменціруючы матэрыялы, якія з’яўляюцца ў прэсе саюзнікаў аб тым, што Беларусь нібыта займаецца гістарычным сепаратызмам.
«Апошнім часам я адсочваю гэту тэндэнцыю, назіраю. З’яўляецца ўсё больш інфармацыі менавіта на гэту тэму. Камусьці карціць, што дзіўна — у Расіі, прыватызаваць гэту Перамогу. Як быццам не было на вайне іншых — беларусаў, украінцаў, грузін, армян, таджыкаў, турменаў… Увесь Савецкі Саюз ваяваў. Загінулі нават не сотні і не тысячы, а сотні тысяч. Мы кожнага трэцяга скалечылі і страцілі. Уся Беларусь — гэта помнік. Тысячы спаленых вёсак, ні ў чым не вінаватых людзей, старых, дзяцей», — сказаў Прэзідэнт.
І Брэсцкая крэпасць з’яўляецца агульнай святыняй для многіх народаў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Нам дзяліць Перамогу — гэта ліць ваду на млын нашых сапернікаў і праціўнікаў. Яны рады, што мы пачалі гэту дзяльбу. І вы ведаеце, адкуль гэта дзяльба пайшла. Таму я вельмі негатыўна ўспрымаю такія заявы, што нехта гэту Перамогу заваяваў паасобку», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пачалі ўжо чапляцца і да праводзімых у Беларусі свят і традыцый. «Я проста хачу сказаць аб гэтым, а ў Расіі і іншых краінах няхай людзі мяркуюць: акцыя «Беларусь помніць» — я нават не магу сказаць, што я, першы Прэзідэнт, ініцыіраваў гэту акцыю. У нас у Савецкім Саюзе былі гэтыя шэсці. Праўда, мы назвалі гэта ярка і выразна — «Беларусь помніць». У савецкі час тысячы ветэранаў ішлі да помніка, як мы сёння з партрэтамі загінулых, з нашымі сімваламі (была сімволіка — чырвоны сцяг з сярпом і молатам). Усе пад ім ішлі, і я гэта помню, каб ушанаваць памяць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У час «нацыяналістычнага запалу» ў Беларусі ў пачатку 90-х усё гэта было забыта, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, аднак калі ён стаў Прэзідэнтам, то па просьбе ветэранаў аднавіў практыку правядзення шэсцяў і акцый. Кіраўнік дзяржавы сам рэгулярна прымаў удзел у гэтых шэсцях, калі людзі ў тым ліку ішлі з партрэтамі загінулых, нацыянальнымі чырвона-зялёнымі сцягамі і стужкамі. «Тады яшчэ і «Бессмяротнага палка» не было. Ён з’явіўся пазней. Дык нам што цяпер, перакрэсліць нашу традыцыю, выкінуць нашы чырвона-зялёныя стужкі і бегчы за некім?» — паставіў пытанне беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі пры гэтым падкрэсліў, што сэнс і мэта абедзвюх акцый аднолькавыя — ушанаваць памяць загінулых. «Чаго тут пакутаваць? Перш трэба разабрацца, але я не думаю, што яны не разбіраюцца. У гэтым прычына іншая — усё адмесці, вось мы — героі, пераможцы. Так нельга. Перамог савецкі народ! І прыватызацыі быць не павінна», — заявіў ён.
Беларускі лідар таксама працытаваў папрок, што прагучаў у адным з інфармацыйных рэсурсаў, што ў Беларусі нібыта ёсць свая перамога — 3 ліпеня замест 9 мая. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў Беларусі на Дзень Перамогі ў юбілейныя даты прынята праводзіць ваенныя парады. У астатнія гады парад праводзіцца 3 ліпеня — у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што сімвалізуе і вызваленне Беларусі ў цэлым. Гэта жа дата на рэферэндуме была зацверджана ў якасці Дня Незалежнасці. Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што заўсёды пры правядзенні афіцыйных святочных мерапрыемстваў на 9 Мая стараецца ўлічваць жаданне ветэранаў, іншых грамадзян мець магчымасць убачыць трансляцыю і парада на Краснай плошчы ў Маскве, каб час іх правядзення не супадаў. «Дык за што вы нас папракаеце — за тое, што мы ўсёй краінай глядзім на Краснай плошчы парад? Яны не ведаюць сітуацыі або не цікавяцца. Але, мне здаецца, знарок гэта робяць. Гэта ўсё пад выглядам прыватызаваць перамогу. Нельга гэтага рабіць. Я гэта гавару ў гэтых сценах, дзе загінулі ўсе. Гэта аб’яднальная Перамога», — заявіў Прэзідэнт.
Знаходзячыся на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да Вечнага агню.
Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК) пачынае маштабны інвестыцыйны праект "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла ...
Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі з 21 мая па 31 жніўня ўводзіць летнія абмежаванні нагрузак ...
Реклама
Специальное предложение от Беларусбанка
СУПОЛКА РАЁННАЙ ГАЗЕТЫ Ў КАНТАКЦЕ (націскай і далучайся)
КЛІЧ РАДЗІМЫ Ў АДНАКЛАСНІКАХ
Расчётно-кассовый центр №43 в г.п. Шарковщина (ул. Маяковского, 6) филиала ОАО "Белагропромбанк" — Витебское областное управление приглашает к сотрудничеству физических и юридических лиц.
НАШ ДЕВИЗ: ГЛАВНОЕ — НЕ УЛЫБКА СОТРУДНИКА ПРИ ОБЩЕНИИ С КЛИЕНТОМ, А УЛЫБКА КЛИЕНТА ПОСЛЕ ОБЩЕНИЯ С СОТРУДНИКОМ БАНКА
Сегодня мы предлагаем комплексное расчётно-кассовое обслуживание в белорусских рублях и иностранной валюте, широкий перечень услуг, активно востребованных населением республики.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з забеспячэннем пагранічнай бяспекі Беларусі. У Кобрынскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў пагранічную...