Здаецца, толькі ўчора яны нясмела пераступалі парог школы, баючыся адарвацца ад бацькоўскай рукі, а сёння ўжо не могуць стрымаць сваіх хваляванняў ад тых эмоцый, што выклікалі шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў, выказаныя настаўнікамі і бацькамі з нагоды заканчэння школы, ад рэха развітальнага званка, што быццам ставіць апошнюю кропку ў бесклапотным дзяцінстве выпускнікоў 2018 года.
У сераду, 30 мая, развітальны званок сабраў на апошнюю лінейку 638 юнакоў і дзяўчат 11 класаў, сярод якіх 26 прэтэндэнтаў на залаты і трое на сярэбраны медаль, а таксама 964 выпускнікі 9-х класаў Кобрыншчыны.
Павіншаваць з пераадоленнем першай важнай прыступкі ў сваім жыцці дзесяцярых выпускнікоў Стрыгаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы ў гэты ганаровы дзень акрамя адміністрацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Кавальчуком, настаўнікаў, бацькоў, прыехалі начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Галіна Радковіч, дырэктар ААТ “Стрыгава “ Ігар Масько, старшыня Тэвельскага сельвыканкама Іна Кузняцова.
Дабівацца пастаўленых мэт, пакараць новыя вяршыні, не спыняцца на дасягнутым, стаць годнымі грамадзянамі, здольнымі сваёй сумленнай працай праслаўляць краіну, але ніколі не забываць і не цурацца таго месца, дзе бяруць вытокі іх карані, дзе зроблены першыя крокі і пакладзены пачатак вялікага шляху, – сваю малую радзіму — куточка, сапраўдную любоў да якога пачынаеш разумець толькі з цягам часу, і безумоўна, тых, хто на працягу школьных гадоў быў заўсёды побач, выхоўваў у іх найлепшыя якасці, дзяліўся сваімі ведамі і жыццёвым вопытам, – пажадала юнакам і дзяўчатам Галіна Уладзіміраўна. Яна таксама перадала прывітальныя віншаванні ад старшыні Кобрынскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, які хацеў уласна пазнаёміцца з вясковымі выпускнікамі, але, на жаль, па аб’ектыўных прычынах не змог гэтага зрабіць.
Перададзены ў надзейныя рукі сімвалічны ключ ведаў, прыняты да ведама парады, выказаныя ў самастойную дарогу бацькамі і першакласнікамі, выпушчаны ў вялікую прастору паветраныя шары з бязмежнымі марамі ўчарашніх школьнікаў. І заўтра ўжо ім вытрымліваць іспыты, каб даказаць сабе і грамадству, што тыя веды, якія яны атрымалі ў сценах роднай установы, трывалыя і годныя для маладога грамадзяніна, у руках якога будучыня Радзімы.
Алена БАКУН.
НА ЗДЫМКУ аўтара: школьныя імгненні.