Пачатак чэрвеня – гарачы час для сельскага працаўніка. Нядаўна закончылася сяўба, на днях фінішуе хімпраполка, пачалася нарыхтоўка кармоў, у сувязі з чым варта тэрмінова фарсіраваць работы па дэзынфекцыі сянажных траншэй. Разам з тым не трэба забываць пра падрыхтоўку фермаў да зімова-стойлавага перыяду – прыбіраць, рамантаваць, фарбаваць. Гэтыя і іншыя пытанні разглядаліся на выязной сельскагаспадарчай калегіі, якая адбылася на мінулым тыдні і на якую былі запрошаны спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты сельгасарганізацый, вет- і племстанцыі. Удзел у нарадзе прыняў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў.
Калегія пачалася з наведвання фермаў ААТ “Ляжні”. Цяляты-малочнікі і на дарошчванні тут утрымліваюцца ў годных умовах. Прысутныя ўбачылі, што на ляжнёўскіх фермах пачалася падрыхтоўка да зімы: памяшканні вычышчаны, рамантуецца стойлавае абсталяванне. Абмяркоўваліся надзённыя пытанні ўтрымання, даення і догляду кароў на пашы. А з гэтым, на жаль, у многіх сельгасарганізацыях ёсць праблемы. І доказ гэтаму – надоі малака. Калі папярэднія паўтара месяца раён плюсаваў па надоях, то цяпер доім 9,15 кг на карову, што на 0,17 кг менш, чым у мінулым годзе. Праўда, некаторыя гаспадаркі плюсуюць (“Ляжні”, “Прыдзвінскі”, “Сіроцінскі”, “Шумілінскі райаграсэрвіс”, “Мішневічы”), але ж гэты плюс настолькі мізэрны, што хваліцца не прыходзіцца.
Спецыялісты райсельгасхарчу рэкамендавалі кіраўнікам гаспадарак трымаць строгі кантроль за тэхналогіяй выпасу статкаў. У прыватнасці, на полі, дзе выпасаўся ляжнёўскі гурт кароў, вялася гаворка пра франтальны метад пасьбы. Не ўсе і не ва ўсіх гаспадарках яго строга прытрымліваюцца, ёсць месца выпадкам, калі трымаюць кароў па некалькі гадзін на адным і тым жа ўчастку. На выбітай траве, як вядома, малака не знойдзеш. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Кузняцоў рэкамендаваў пры сярэднім травастоі і статку на дзвесце галоў рабіць па пяць-шэсць загонаў (10-12 метраў па шырыні) паміж ранішняй і абедзеннай дойкамі і столькі ж – паміж абедзеннай і вячэрняй, ноччу – яшчэ па два загоны. Толькі на свежай траве можна разлічваць на прыбаўку малака. Немалаважнае значэнне мае і падвоз вады. У летнія дні карова выпівае за суткі да 120 літраў вады. І тых трохтонных бочак, якія знаходзяцца ля многіх статкаў, недастаткова. Механізатару трэба вазіць ваду па сем разоў за дзень – а гэта лішнія выдаткі для гаспадаркі. Таму было рэкамендавана ўсе трохтонныя бочкі замяніць на дзесяцітонныя.
Пра ўмовы работы ў час касавіцы, пра бяспеку працы ішла размова на мехдвары ААТ “Ляжні”. Спецыялісты райсельгасхарчу звярнулі ўвагу на тое, што на ўсіх кормаўборачных камбайнах павінны быць вогнетушыцелі, аптэчкі, каністры з вадой, скрыні з пяском. Акцэнтавалася ўвага на кругласутачнай трамбоўцы і прысутнасці на ёй адказнага спецыяліста, на строгім выкарыстанні кансервантаў і ўліку паліва.
У ААТ “Прыдзвінскі” ўдзельнікі калегіі наведалі ферму Крывое Сяло-1. Тут было што паказаць: падрыхтаваная бетаніраваная траншэя, побач з фермай пабудаваны новы прафілакторый для цялят-малочнікаў. Вялася гаворка пра захаванасць маладняку, пра асемяненне кароў і цёлак – гэтыя работы ў сельгасарганізацыях жадаюць быць лепшымі.
Вынікі калегіі падвёў кіраўнік раёна. Аляксандр Снараў заклікаў дырэктараў і спецыялістаў сельгасарганізацый да сур’ёзнай і плённай работы, адзначыў, што важна трымацца на плыву і па надоях, і па ўзнаўленні статку, і па тэмпах касавіцы. Зараз прыпар і расслабляцца няма калі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.
Пра надоі, фермы і кармы Пачатак чэрвеня – гарачы час для сельскага працаўніка. Нядаўна закончылася сяўба, на днях фінішуе хімпраполка, пачалася нарыхтоўка...