“Да прыроды трэба адносіцца сур’ёзна і ўдумліва, а за самавольства – адказваць”
Звярнуць увагу на экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння заклікана каляндарная дата, якую сусветная грамадскасць вось ужо 46 год адзначае
5 чэрвеня.
У гэты дзень сваё прафесійнае свята сустракаюць эколагі – абаронцы прыроды, спецыялісты па ахове навакольнага асяроддзя, грамадскія памочнікі, усе, хто перажывае і клапоціцца пра прыроднае асяроддзе нашай зямлі.
Напярэдадні “зялёнага” свята мы сустрэліся з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзем Кісялевічам і пагаварылі пра актуальныя задачы, якія вырашае сёння прыродаахоўная служба раёна.
– Генадзь Мікалаевіч, кажуць, эколагам да ўсяго ёсць справа. Ці не так? Адзін захацеў высекчы старую елку пад акном, другі прыпыніў аўто побач з возерам, трэці ўладкаваў звалку прама ў канцы агарода, чацвёрты вылавіў не тую рыбіну, якую можна было. А экалагічная служба тут як тут...
– Сапраўды, у полі зроку супрацоўнікаў інспекцыі нямала актуальных пытанняў. Гэта і ахова водных рэсурсаў, паветра, зямель, расліннага і жывёльнага свету, кантроль за адходамі вытворчасці і спажывання, многія іншыя пытанні. Усёй інспекцыйнай работай займаемся разам з калегай – галоўным спецыялістам Ірынай Блізнец.
За пяць месяцаў правялі 144 абследаванні, 21 маніторынг. Выявілі больш за тры дзясяткі парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства ў розных сферах, асабліва шмат выяўляецца парушэнняў у ходзе кантролю за выкананнем заканадаўства пры абыходжанні з адходамі. Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 25 фізічных, у тым ліку 11 службовых, і 7 юрыдычных асоб на агульную суму больш за 1200 рублёў.
– Якія ключавыя праблемы ў раёне вы бачыце ў першую чаргу?
– Не ўсе карыстальнікі водных рэсурсаў, маюцца на ўвазе найперш сельгасарганізацыі, атрымалі дазволы на спецыяльнае водакарыстанне, як таго патрабуе Водны кодэкс. Атрымала такі дазвол толькі СФГ “Раднік”, практычна гатова дакументацыя ў ААТ “Ляжні”, “АграБаравінка”, КУСГП “Мішневічы”. Слаба работа вядзецца ў “Прыазёрным міры” і “Сіроцінскім”, наогул не прыступалі да работы ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”.
Яшчэ адзін галаўны боль – наяўнасць на тэрыторыі раёна неўтылізаваных непрыдатных для выкарыстання пестыцыдаў, можна сказаць, з савецкіх часоў. У 2011 годзе іх сабралі з гаспадарак крыху больш за 12 тон, і яны захоўваюцца на тэрыторыі базы мінеральных угнаенняў “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Аб’ект уключаны ў Нацыянальны план па ліквідацыі, ён на пастаянным кантролі ў адпаведных службаў. Рэгулярна робяцца абследаванні. Забруджванняў паветра па выніках аналізаў ні разу не ўстаноўлена.
Нашы грамадзяне не зусім сумленна адносяцца да воднага заканадаўства, у прыватнасці, да такіх сур’ёзных паняццяў, як “Водаахоўная зона” і “Прыбярэжная паласа”. Ну любяць яны паставіць машыну ля берага (а дазвалаяецца не бліжэй чым за 30 метраў ад берагавой лініі), а яшчэ горш – памыць яе ў возеры. А потым скардзяцца на штрафы, якія інспекцыя выпісвае. Між іншым, заканадаўствам наогул не прадугледжана за падобныя парушэнні папярэджанне, толькі штрафы: на фізічную асобу – да 10 БВ. З пачатку года ў раёне выяўлена шэсць такіх парушальнікаў, аднаму з іх “пашанцавала” на штраф у 9 БВ. Да прыроды заўсёды трэба адносіцца сур’ёзна і ўдумліва, а за самавольства – адказваць.
– У апошнія гады вялікая ўвага ўдзяляецца ўпарадкаванню работы з адходамі. У Год роднай зямлі асабліва актуальнае пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў. Якая сітуацыя ў нашым раёне?
– Трэба зазначыць, што камунальнай службай многае зроблена і робіцца для стварэння належных умоў для збору смецця. Так, летась было набыта і ўстаноўлена каля 200 кантэйнераў. І сёння гарадскі пасёлак, Обаль, вялікія населеныя пункты і прыгарадныя вёскі аснашчаны стацыянарнымі кантэйнерамі. Ва ўсіх астатніх вёсках наладжаны вываз смецця па зацверджаных графіках трактарамі. Тым не менш, усё роўна даводзіцца выяўляць несанкцыянаваныя звалкі і штрафаваць нядбайных гаспадароў. Толькі за мінулы год насельніцтва па гэтай прычыне было аштрафавана на агульную суму 539 рублёў. Штраф на фізічную асобу складае ад 5 да 50 БВ, на ІП – да 200 БВ, на юрасобу – ад 10 да 1000 БВ. За пяць месяцаў гэтага года пад пільнае вока раённых эколагаў трапіла 6 чалавек.
– Не першы год ідзе размова пра неабходнасць будаўніцтва ў Шуміліне новага палігона цвёрдых камунальных адходаў. Што-небудзь чутна па гэтым пытанні?
–У раёне зараз налічваецца 13 дзеючых міні-палігонаў і два палігоны. Сапраўды, многія аб’екты, і не толькі гарадскі, аджылі сваё. Зачынены міні-палігон у Амбросавічах. На многіх міні-палігонах практычна завершана рэкультывацыя. Што тычыцца будаўніцтва новага палігона ў райцэнтры, пытанне патрабуе вялікіх укладанняў. А такіх грошай пакуль няма. Наколькі ведаю, у пяці раёнах вобласці такая ж сітуацыя. Тут усё ж крыху змяншае градус вастрыні праблемы раздельны збор смецця і перапрацоўка.
– Не першы год раён змагаецца з інвазіўнымі раслінамі, маю на ўвазе найперш баршчэўнік Сасноўскага. Як справы з агрэсарам? Удаецца перамагаць?
– Вельмі сур’ёзны агрэсар гэты баршчэўнік. Месцы вырастання яго зарэгістраваны ў раёне на тэрыторыях 8 землекарыстальнікаў. Самыя вялікія плантацыі – у “Лаўжанскім”. Работы па яго ліквідацыі праводзяцца згодна з распрацаваным раённым планам. Знішчаем яго ўсімі магчымымі спосабамі: хімічным, ручным, фізічным. Між іншым, існуе адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафаў за непрыняцце мер па знішчэнні інвазіўных раслін, у тым ліку і сумніка канадскага (золотарника – русск.), і гэта павінны ведаць і грамадзяне, якія на сваіх сядзібах нічога не робяць з такімі раслінамі.
– А многа ў вашай службы памочнікаў?
– Дзякуй богу, ёсць. Гэта як школьныя аб’яднанні, так і грамадскія эколагі. Асабліва хочацца ўзгадаць пра ўсім вядомую ў раёне Ірыну Кулікаву, нераўнадушнага да прыроды чалавека, якая аб’яднала вакол сябе ў арганізацыю “Экабум” такіх жа абаронцаў жывёльнага і расліннага свету. На рахунку арганізацыі – шмат ініцыятыў і экалагічных акцый.
У дзень аховы навакольнага асяроддзя хачу павіншаваць са святам усіх людзей, якія стаяць на варце аховы прыродных рэсурсаў і робяць усё магчымае дзеля захавання нашай непаўторнай, шчодрай і прыгожай Зямлі, пажадаць здароўя, магчымасцяў, плёну і рэалізацыі ідэй.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.
“Да прыроды трэба адносіцца сур’ёзна і ўдумліва, а за самавольства – адказваць” Звярнуць увагу на экалагічныя праблемы і шляхі іх вырашэння заклікана...