Герб і сцяг Шумілінскага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года №36. Але гісторыя шумілінскага герба мае больш глыбокія карані і вядзе нас у XVIII стагоддзе.
У Беларусі ў канцы XIV – XVIII стст. правам на самакіраванне паводле магдэбургскага права валодалі больш за 50 гарадоў. У сярэдзіне XVIII ст. магдэбургскае права сталі надаваць прыватным гарадам і мястэчкам. Прывілеі беларускіх гарадоў на самакіраванне не захаваліся ці знаходзяцца ў польскіх і літоўскіх архівах.
Вылучаецца прывілей Сіроціна (Міхалава) 1767 года, бо толькі гэты дакумент захаваўся ў Беларусі да нашых дзён у арыгінале.
Сіроціна, зараз вёска і цэнтр аднайменнага сельсавета, да 20-х гадоў ХХ стагоддзя было мястэчкам і адным з буйнейшых населеных пунктаў сучаснай Шуміліншчыны. Мястэчка дала назву чыгуначнай станцыі, размешчанай у 12 км ад яго, і Сіроцінскаму раёну.
У дзесятым томе “Slownikа Geograficzniego krolewstwa polskiego i innych krajow Slowianskich”, які выйшаў у 1889 г., гаварылася, што дадзены населены пункт з’яўляецца мястэчкам, якое на той час мела 65 дамоў і 415 жыхароў. Акрамя гэтага адзначалася, што мястэчка акрамя назвы Сіроціна мела і іншую назву “Міхалава”. У “Спісе населеных месцаў Віцебскай губерні”, выдадзеным у 1906 годзе, у Сіроціне ўжо налічваецца 335 двароў і 900 жыхароў.
У 1762 годзе маёнткам-дваром Масары валодалі браты Міхаіл Казімір і Тадэвуш Грабніцкія. У інвентары 1762 года пры апісанні двара Масары згаданы “праезд з Сіроціна”, што сведчыць пра наяўнасць такога населенага пункта, які дамінаваў у дадзенай мясцовасці.
Міхаіл Казімір Грабніцкі заснаваў новае мястэчка, каб развіваць маёнтак, весці гандлёвыя аперацыі на сваёй тэрыторыі. Мястэчка атрымала назву ад імя ўладальніка – Міхалава. Для хутчэйшага развіцця мястэчка яму быў нададзены статус “слабады”, а жыхары на пэўны час вызвалены ад падаткаў і павіннасцяў.
Апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі па просьбе Урбана Антонія Грабніцкага 12 студзеня 1767 года ў Варшаве выдаў прывілей на магдэбургскае права Сіроціну (Міхалаву).
Дакумент напісаны на чатырох лістах, аформленых як асобная кніга ў скураной вокладцы. На вокладцы выціснуты асабісты герб манарха Станіслава Аўгуста Панятоўскага – бык. Акт аформлены па тагачасных правілах і з мастацкімі элементамі.
У тэксце гаворыцца, што магдэбургскае права надаецца для лепшага “памнажэння мястэчка”. Прывілей вызначаў правы і прывілеі пасялення, абгаворваў кола асоб, якіх можна было ўключаць у склад гарадской абшчыны: купцы, рамеснікі розных спецыяльнасцяў, якія па сацыяльным статусе лічыліся незалежнымі, свабоднымі.
Герб Сіроціна (Міхалова) з прывілея 1767 года.
У прывілеі змешчаны і герб – “для сцвярджэння актаў, лістоў і ўсякіх спраў гарадскіх знак або пячатка”: “выява Святога Міхаіла Архангела, які трымае ў правай руцэ меч і шалі, у левай – шчыт з гербам дзедзіча, то есць Астоя, у жоўтым полі..., нагамі топча цмока, з промнямі, у коле залатым”.
Прывілей вызначае права ўласніка “з абраных кандыдатаў бурмістра надаць, войта паставіць, радцаў, лаўнікаў адобрыць, урад эканамічны і сацыяльны назначыць і ўвесці ў пасаду”, а таксама “пажыткі гарадскія, як і адміністрацыю оных па ўласнай волі сваёй апісаць і даход свой па звычаю і ўпадабанню ўлажыць”.
Дакументам пацвярджаліся ранейшыя кірмашы і штотыднёвы торг, а таксама ўводзіліся яшчэ два кірмашы: 19 лістапада (Св. Міхаіла Архангела) і 12 мая (Св. Мікалая), якія павінны былі адбывацца на працягу двух тыдняў кожны.
Прывілей зацверджаны асабістым подпісам караля Станіслава Аўгуста і сакратара пячаткі ВКЛ Юзэфа Дулембы. Таксама маецца адзнака, што прывілей выдадзены ў канцылярыі канцлера ВКЛ Міхаіла Чартарыйскага. Пазней зроблены запіс аб актыкаванні дакумента 16 верасня 1767 г. у гродскім судзе Полацкага ваяводства. Вызначаліся ўмовы для ўступлення акта ў сілу: прывілей павінен быць запісаны ў кнігі “аўтэнтычныя” і “голасам вознага прачытаны на людным месцы”. Копіі прывілея павінны быць прымацаваныя да дзвярэй касцёлаў і цэркваў у мястэчку. Адказнасць за захоўванне дакумента ўскладалася на мяшчан Сіроціна.
Прывілей на магдэбургскае права Сіроціна (Міхалава) 1767 г. быў знойдзены ў 1939 годзе этнографам Х. Д. Гінзбургам падчас этнаграфічнай экспедыцыі (дакладнае месца знаходкі невядома). Можна меркаваць, што дакумент захоўваўся ў сіроцінскай царкве і падчас яе рабавання ў 30-я гады ХХ стагоддзя хтосьці з мясцовых жыхароў забраў яго і захоўваў у сябе, а потым перадаў вучонаму. Прывілей перадалі ў Віцебскі гістарычны музей, дзе яго адразу ж выставілі ў аддзеле сярэдняй гісторыі. Пра ўнікальную знаходку напісалі газеты: “Знойдзена грамата караля Станіслава Аўгуста” (“Віцебскі рабочы”, 24 ліпеня 1939 г., №143) і “Интересный исторический документ” (“Советская Белоруссия”, 26 июля 1939 г. №144 ).
У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іншымі фондамі музея прывілей быў эвакуіраваны ў Саратаў, у 1945 годзе вернуты ў Віцебск і з таго часу знаходзіцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Выява герба з сіроцінскага прывілея стала падставай для распрацоўкі сучаснага герба Шумілінскага раёна.
Артыкул напісаны па матэрыялах, прадстаўленых кандыдатам гістарычных навук Аляксандрам Доўнарам, загадчыкам аддзела крыніцазнаўства і археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, на Шумілінскіх чытаннях у красавіку 2017 года.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.
Асабісты подпіс караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага
на Сіроцінскім прывілеі.
Першая старонка прывілея Сіроціна (Міхалава). Унікальны дакумент з гісторыі Шуміліншчыны Герб і сцяг Шумілінскага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта...